Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзяўчына затрыманага 14 ліпеня: «Не хачу, каб з майго хлопца зрабілі Паліенку-2»


Родныя мяркуюць, што Мікалай Логвінаў можа стаць фігурантам новай крымінальнай справы.

Сярод затрыманых у Менску 14 ліпеня значыцца Мікалай Логвінаў, пра якога ў сьпісе «Вясны» гаворыцца, што ён быў дастаўлены ў Фрунзенскі РУУС. Сваякі Мікалая Логвінава б’юць трывогу: ён можа стаць фігурантам крымінальнай справы, якую завёў Сьледчы камітэт паводле 324 артыкула Крымінальнага кодэксу.

«Дакладна вядома, што Коля не супраціўляўся пры затрыманьні, нічога не парушаў. Але сяброў, якія былі зь ім, выпусьцілі, а яго — не. Два дні мінула, а суду не было. Адваката да яго не пускаюць, нічога ня кажуць. Ёсьць падазрэньне, што яго хочуць зрабіць вінаватым за бойкі, бо да 2016 году ён быў сябрам „Моладзі БНФ“ і раней яго затрымлівалі», — мяркуе Аляксандра, дзяўчына Мікалая Логвінава.

Чаму Аляксандра перакананая, што яе хлопец ня меў дачыненьня да боек з АМАПам, якія былі ўвечары 14 ліпеня на Нямізе і каля плошчы Перамогі? Дзяўчына сьцьвярджае, што 14 ліпеня яны ў кампаніі з 5 чалавек проста гулялі па цэнтры Менску і адмыслова ўхіляліся ад пратэстаў, якія адбываліся ў горадзе пасьля нерэгістрацыі «некаторых меркаваных кандыдатаў».

«Гэта былі ня нашы кандыдаты, і ўвогуле тое, што там было — не пра нас. Мы проста гулялі. Калі бачылі, дзе быў АМАП, адыходзілі далей. Ня пляскалі ў ладкі, не скандавалі, ніяк ня ўдзельнічалі. Адзіны чалавек з нас пяці, у каго была хоць нейкая сымболіка, гэта была я — гэта ў мяне на заплечніку.

Коля быў спакойны, як заўсёды. Гэта ён увесь час пільнаваў, каб мы нікуды ня трапілі. Гулялі разам да 20.30, а потым я зьехала, а іншыя засталіся: мая сяброўка Аліна, Коля і ягоныя сябры Ян і Юра. Аліна зьехала другой, і, па яе словах, недзе праз 10 хвілін хлопцаў схапілі амапаўцы. Як кажуць Ян і Юра, ніхто зь іх не супраціўляўся. Яны толькі спыталі „За што?“, але іх павялі ў аўтазак», — кажа Аляксандра.

Па зьвестках дзяўчыны, усіх трох хлопцаў прывезьлі ў Фрунзенскі РУУС, дзе паставілі ў двары да сьцяны тварам. Малодшага з затрыманых, Яна, адпусьцілі а 3-й раніцы, бо ён непаўналетні. Юру трымалі да 5-й раніцы і таксама адпусьцілі. А вось дзе Мікалай, ніхто зь ягоных сваякоў і сяброў ня ведае дагэтуль.

«Мікалай не выходзіў на сувязь, і мы спрабавалі высьветліць, дзе ён. Але ва ўсіх райаддзелах нам казалі, што такога няма. Цяпер ведаем, што ў ізалятары на Акрэсьціна. Да яго спрабаваў прайсьці адвакат, але яго прагналі прэч. Нібыта ўчора мусіў быць суд, але, як выявілася, суду не было. Хоць зьявілася інфармацыя, нібыта далі 15 сутак арышту. Сёньня зноў зьявілася інфармацыя пра суд, але зноў пэўна нічога ня кажуць. Учора ад праваабаронцаў даведаліся, што, магчыма, у Мікалая не адміністрацыйны пратакол, а яму пагражае крымінальная справа. Спрабуем гэта высьветліць», — кажа Аляксандра.

У Сьледчым камітэце па Менску не называюць прозьвішчы чатырох затрыманых па крымінальнай справе, што завялі пасьля падзей 14 ліпеня па 342 артыкуле КК. У Праваабарончым цэнтры «Вясна» сказалі, што там працягваюць высьвятляць, ці ёсьць сярод падазраваных у крымінальным злачынстве Мікалай Логвінаў.

«Грамадзтва павінна ведаць, таму прозьвішча Мікалая варта назваць. Бо я не хачу, каб з майго хлопца зрабілі Паліенку-2, калі падкінуць наркотыкі ці яшчэ што. Мы ўсе ведаем, як гэта працуе. Ім лягчэй знайсьці вінаватага, чым выбачыцца і прызнаць, што яны ня мелі рацыі», — сказала Свабодзе Аляксандра.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG