У час выступу ў Палаце прадстаўнікоў намесьнік міністра замежных справаў Беларусі Алег Краўчанка расказаў пра адносіны Беларусі і ЗША, піша БелаПАН.
Паводле Алега Краўчанкі, цяперашні этап дачыненьняў са Злучанымі Штатамі «не зьяўляецца нечым экстраардынарным і не выходзіць за межы аднаўленьня стасункаў, якія надта даўно былі ў надзвычай кепскім стане».
Гэты этап ён назваў «толькі вяртаньнем да нармальнага стану справаў» і адзначыў, што адносіны яшчэ не вярнуліся на ўзровень, які быў да канфлікту 2007–2008 гадоў. А на тле ранейшых цяжкасьцяў цяперашні прагрэс, адзначыў Краўчанка, могуць «успрымацца як тыя, што разьвіваюцца ледзь ня бурна».
«Я ня згодны з тымі, хто лічыць, што паляпшэньне адносін Беларусі з ЗША адбылося з прычыны падзей ва Ўкраіне ці пагаршэньня амэрыканска-расейскіх стасункаў, — сказаў намесьнік міністра. — Працэс нармалізацыі пачаўся асьцярожна, павольна і няўпэўнена ў 2012-м, часткова нават у 2011 годзе. Разьвіцьцё гэтага працэсу абумоўлена палітычнай воляй і намаганьнямі абодвух бакоў».
Але яшчэ ў жніўні 2011 году ЗША пашырылі санкцыі супраць беларускіх уладаў. Толькі ў 2015 годзе ўлады ЗША прыпынілі дзеяньне эканамічных санкцый супраць Беларусі. У далейшым дзеяньне санкцый прыпынялася кожныя паўгода, а канчаткова не скасавана дагэтуль.
«Амэрыканцы не прапануюць павярнуцца сьпінай да Расеі»
Паводле Краўчанкі, ён «катэгарычна супраць проціпастаўленьня» паляпшэньняў стасункаў Беларусі і ЗША «саюзьніцкім адносінам» Беларусі і Расеі.
«У іх няма і ня можа быць нічога антырасейскага, — запэўніваў ён пра стасункі Беларусі і ЗША. — Па-першае таму, што мы ня маем такіх плянаў, а па-другое таму, што амэрыканцы ад нас ня толькі не патрабуюць, але і не прапануюць нам павярнуцца сьпінай да Расеі».
Ён згадаў, што ў часы самых складаных адносін Беларусі і ЗША Штаты праводзілі «перазагрузку» стасункаў з Расеяй, і ў Беларусі гэта не выклікала «ні зайздрасьці, ні падазрэньняў»; Расею «не заклікалі пасварыцца з амэрыканцамі заадно з намі».
«Гістарычна ва ўмовах канфлікту паміж Захадам і Ўсходам мы нічога не набывалі, а толькі несьлі велізарныя страты, — дадаў намесьнік міністра. — Таму мы ня можам кіравацца меркаваньнямі падліваньня алею ў агонь супярэчнасьцяў. Гэта супярэчыць нашым уласным інтарэсам».