Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пампэо: ЗША «хочуць дапамагчы Беларусі пабудаваць сувэрэнную краіну», але санкцыі пакуль не скасоўваюць

абноўлена

Майк Пампэо ў Менску
Майк Пампэо ў Менску

Пра гэта падчас прэс-канфэрэнцыі ў менскім Палацы Незалежнасьці заявіў дзяржаўны сакратар ЗША Майк Пампэо, перадае карэспандэнт Радыё Свабода.

Пампэо нагадаў, што ЗША былі адной зь першых краінаў, якія прызналі незалежнасьць Беларусі ў 1991 і па-ранейшаму застаюцца адданымі гэтым прынцыпам і абавязаньням.

«Спадзяюся, гэта [візыт] — першы салідны крок у кірунку бліжэйшых дачыненьняў і сувязяў», — сказаў ён.

ЗША гатовыя паставіць 100% нафты, патрэбнай Беларусі

«ЗША хоча дапамагчы Беларусі пабудаваць сувэрэнную краіну. Нашы вытворцы энэргетыкі гатовыя паставіць 100% нафты, якая вам патрэбная, па канкурэнтных цэнах. Мы найбуйнейшы ў сьвеце вытворца нафты, і ўсё, што вам трэба зрабіць, — гэта сказаць», — заявіў дзяржаўны сакратар ЗША.

Паводле Пампэо, ЗША «цалкам падтрымліваюць жаданьне Беларусі рабіць свой выбар, завязваць свае ўласныя партнэрствы і адыгрываць канструктыўную ролю ў рэгіёне».

«Ніхто ня мусіць прымушаць вашу краіну залежаць ад ніякіх партнэраў у інтарэсах вашага дабрабыту ці бясьпекі. Спадзяюся, што гэты год будзе найлепшы ў гісторыі нашых стасункаў», — сказаў дзяржаўны сакратар ЗША.

Пампэо сказаў, што абмеркаваў з Лукашэнкам неабходнасьць стварыць прасьцейшыя ўмовы для прыходу на беларускі рынак амэрыканскага бізнэсу, адзначыў важнасьць далучэньня Беларусі да Ўсясьветнай гандлёвай арганізацыі, разьвіцьцё прыватнага сэктару і праўныя рэформы, якія «дапамогуць Беларусь рэалізаваць гандлёвы патэнцыял і ўзмацніць сувэрэнітэт».

Майк Пампэо
Майк Пампэо

Прагрэс у дэмакратызацыі ёсьць, але санкцыі пакуль застаюцца

Майк Пампэо адзначыў прагрэс у пытаньнях дэмакратызацыі.

«Беларусь зрабіла рэальны прагрэс у пытаньнях дэмакратызацыі і правоў чалавека, але яшчэ застаецца праца, якую неабходна зрабіць. ЗША вызначае як прыярытэт павагу да правоў чалавека, моцную грамадзянскую супольнасьць і свабоду прэсы ў кожным кутку сьвету. Прагрэс у гэтых сфэрах — адзіны шлях да зьняцьця амэрыканскіх санкцыяў».

Адказваючы на пытаньне пра скасаваньне санкцыяў, Майк Пампэо зявіў, што ў Вашынгтоне будуць разглядаць, якія санкцыі супраць Беларусі можна зьняць. Але пакуль дзяржавы ў сваіх адносінах «не дайшлі да гэтага пункту».​

«Для нас важна, што мы бачым паляпшэньні ў сфэры правоў чалавека і лічым, што наш удзел можа дапамагчы Беларусі працягваць гэтыя паляпшэньні. Мы разгледзім, якія санкцыя і зь якой прычыны можна зьняць. Але санкцыйны рэжым дзейнічае. Хаця мы вельмі спадзяемся, што падобныя моманты могуць прывесьці нас да гэтага (скасаваньня санкцыяў. — РС)», — сказаў дзяржаўны сакратар ЗША.

Майк Пампэо і Ўладзімер Макей
Майк Пампэо і Ўладзімер Макей

Дзяржаўны сакратар ЗША адзначыў важнасьць супрацы спэцслужбаў дзьвюх дзяржаваў у пытаньнях памежнай бясьпекі, кібэрбясьпекі і наркатрафіку.

Ён таксама адзначыў прагрэс Беларусі ў пытаньнях рэлігійных свабодаў і падзякаваў афіцыйнаму Менску за высілкі ў змаганьні з антысэмітызмам, які «падымае галаву па ўсёй Эўропе і, на жаль, у ЗША», а таксама ў рыхтаваньні адзначэньня ўсясьветнага Дня памяці ахвяраў Галакосту і 75-й гадавіны зьнішчэньня нацыстамі Менскага гета.

Аляксандар Лукашэнка вітае Майка Пампэо
Аляксандар Лукашэнка вітае Майка Пампэо

Калі ў Менску зьявіцца амбасадар ЗША

Раней пад час размовы з Аляксандрам Лукашэнкам Майк Пампэо паведаміў, што ЗША неўзабаве прызначаць амбасадара ў Беларусі.

Адказваючы на пытаньне, калі ЗША прызначаць свайго амбасадара ў Беларусь, Пампэо сказаў: «Хутчэй за ўсё, гэта будзе неўзабаве». «Мы шмат зрабілі ў гэтым пытаньні. І ня так шмат часу пройдзе, як мы прызначым амбасадара», — дадаў ён.

Пампэо выказаў спадзеў, што з прыездам амбасадара прагрэс у пытаньні скасаваньня санкцыяў будзе паскарацца, паляпшэньні ў гэтай сфэры будуць бачныя ўжо ў бліжэйшай будучыні.

Паводле яго, апошнім часам ЗША ўдалося ўзмацніць сваю дыпляматычную прысутнасьць у Беларусі, амаль падвоіўшы колькасьць дыпляматычных супрацоўнікаў.

Беларусь выслала амбасадара ЗША ў 2008 годзе пасьля таго, як Вашынгтон наклаў на яе санкцыі за парушэньні правоў чалавека. З таго часу амбасада ЗША працуе ў Беларусі ў скарочаным складзе. Дагэтуль ЗША ў Беларусі і Беларусь у ЗША прадстаўленыя на ўзроўні часовых павераных.

«Амэрыка перадусім» і Беларусь

Майк Пампэо таксама даў зразумець, што ЗША зацікаўленыя інвэставаць у Беларусь у межах канцэпцыі палітыкі Дональда Трампа «America First» («Амэрыка перадусім»).

«Замежная палітыка прэзыдэнта Трампа ясна скіраваная на тое, каб амэрыканцы пачуваліся больш бясьпечна. Паглядзіце, наколькі мы павялічылі інвэстыцыі ва Ўкраіну дзеля яе бясьпекі ў параўнаньні з тым, што зрабіла ў гэтым пытаньні папярэдняя адміністрацыя... Мы хочам, каб Беларусь стала часткай гэтага, — сказаў Пампэо. — Гэта суправаджаецца пэўнымі патрабаваньнямі. Мы хочам, каб такія краіны, як Беларусь, рухаліся наперад, каб яны рабілі самі сваю працу. Хочам, каб у гэтым удзельнічалі эўрапейскія краіны. Але ніхто ня можа памылкова інтэрпрэтаваць канцэпцыю „Амэрыка перадусім“ як адыход ад каштоўнасьцяў і захаваньня бясьпекі амэрыканцаў».

Пакідаючы залю, дзяржаўны сакратар Пампэо падышоў да журналісткі беларускага дзяржаўнага тэлеканалу АНТ і падзякаваў за пытаньне пра ролю ЗША ва ўрэгуляваньні крызысу ва Ўкраіне.

Дэлегацыю ЗША суправаджае зь дзясятак журналістаў амэрыканскіх СМІ.

Другі ў гісторыі візыт дзяржаўнага сакратара ЗША ў Беларусь

Пампэо наведвае Беларусь у рамках эўрапейскага турнэ. Перад Менскам ён ужо пабываў у Лёндане і Кіеве, пасьля наведае Нур-Султан (Казахстан) і Ташкент (Узбэкістан).

Спачатку плянавалася, што Пампэо прыляціць у Беларусь раней, 4 студзеня. Аднак усё эўрапейскае падарожжа давялося адкласьці з прычыны падзей у Іране.

Майк Пампэо ў менскім аэрапорце, 1 лютага 2020
Майк Пампэо ў менскім аэрапорце, 1 лютага 2020

Анансуючы візыт, дзяржаўны дэпартамэнт адзначыў, што яго мэта — «падкрэсьліць прыхільнасьць ЗША сувэрэннай, незалежнай, стабільнай і квітучай Беларусі і пацьвердзіць нашае жаданьне нармалізаваць нашыя двухбаковыя адносіны».

Майк Пампэо — другі за гісторыю дзяржаўны сакратар ЗША, які наведвае Рэспубліку Беларусь. Да яго на пачатку 1990-х у Беларусь прыяжджаў Уорэн Крыстафэр. Але гэта ня самыя высокіяя амэрыканскія госьці ў гісторыі Беларусі: у 1994 годзе Беларусь наведаў прэзыдэнт ЗША Біл Клінтан.

17 верасьня летась у Беларусь прыляцеў намесьнік дзяржаўнага сакратара Дэвід Гэйл. На сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам ён паведаміў пра рашэньне вярнуць у Беларусь амэрыканскага амбасадара.

Як разьвіваліся адносіны Беларусі і ЗША. Галоўнае

  • ЗША прызналі Беларусь у 1992 годзе.
  • У 1994 годзе ЗША, разам зь Вялікай Брытаніяй і Расеяй, падпісалі Будапэшцкі мэмарандум аб гарантыях бясьпекі для Беларусі ў абмен на перадачу Беларусьсю ядзерных узбраеньняў Расеі.
  • Прэзыдэнт ЗША Біл Клінтан быў зь візытам у Беларусі ў 1994 годзе, падчас візыту ён наведваў Курапаты.

  • Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка ніводнага разу ня быў з афіцыйным візытам у ЗША.
  • Таваразварот гандлю паміж Беларусьсю і ЗША ў 2018 годзе склаў 711 мільёнаў даляраў.
  • Аляксандар Лукашэнка неаднойчы казаў, што без ЗША канфлікт ва Ўкраіне ня можа быць вырашаны.
  • У 2016 годзе кіраўнік Беларусі заяўляў, што прэзыдэнцкія выбары ў ЗША выйграе Дональд Трамп.
Error rendering VK.

  • У 2010-я гады Беларусь была адным са шляхоў невайсковага транзыту грузаў для амэрыканскай вайсковай групоўкі ў Аўганістане.
  • У ЗША ў 2004 годзе быў прыняты закон «Акт аб дэмакратыі для Беларусі», які абмяжоўвае гандаль паміж дзьвюма краінамі і забараняе ўраду ЗША галасаваць у міжнародных фінансавых арганізацыях за выдзяленьне Беларусі крэдытаў.
  • З 2006 году адносна беларускіх чыноўнікаў дзейнічаюць амэрыканскія візавыя санкцыі.
  • У 2007 годзе ЗША ўвялі эканамічныя санкцыі адносна прадпрыемстваў беларускага канцэрну «Белнафтахім».
  • У 2008 годзе Менск запатрабаваў ад‘езду з краіны пасла ЗША Карэн Ст’юарт.
  • Адначасова штат амбасады быў скарочаны з 35 супрацоўнікаў да пяці.
    З таго часу і дагэтуль ЗША ў Беларусі і Беларусь у ЗША прадстаўленыя на ўзроўні часовых павераных.

11 год без амбасадараў. Як мяняліся дыпляматычныя стасункі паміж ЗША і Беларусьсю

  • У 2015 годзе ЗША віталі вызваленьне палітвязьняў у Беларусі і высілкі Менску па спрыяньні ўрэгуляваньню канфлікту на ўсходзе Ўкраіны.
  • У 2015 годзе ўлады ЗША прыпынілі дзеяньне эканамічных санкцый адносна Беларусі. У далейшым дзеяньне санкцый прыпынялася кожныя паўгода.
  • У 2019 годзе Менск і Вашынгтон дамовіліся аднавіць паўнавартасныя дыпляматычныя адносіны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG