Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Армію і МУС рыхтуюць да «прадухіленьня» масавых беспарадкаў, — дзяржсакратар Савету бясьпекі


Дзяржаўны сакратар Савету бясьпекі Андрэй Раўкоў (у цэнтры), архіўнае фота

Беларуская армія ды іншыя сілавыя структуры рыхтуюцца да прадухіленьня масавых беспарадкаў, заявіў дзяржсакратар Савету бясьпекі, былы міністар абароны Андрэй Раўкоў падчас наведваньня Аляксандрам Лукашэнкам 103-й Віцебскай асобнай гвардзейскай паветрана-дэсантнай брыгады 16 ліпеня. БелаПАН перадае яго выказваньні з шэрагу дзяржаўных тэлеканалаў.

«Уся тая падрыхтоўка на падставе дасягненьня мэтаў ваеннай дактрыны і нацэленая ў вайсковых частках, у першую чаргу сілаў спэцыяльных апэрацыяў, сухапутных войскаў і іншага віду Узброеных сілаў, на тое, каб быць гатовымі да любога разьвіцьця становішча», — сказаў Раўкоў.

Паводле яго, войны апошніх гадоў, як правіла, пачыналіся «з вуліцы, з плошчы».

«І вось гэтая плошча – вазьміце Тахрыр (у Эгіпце), вазьміце Сырыю, вазьміце радыкальныя дзеяньні на Ўкраіне, — разважаў Раўкоў. — Бо да гэтых падзеяў, па вялікім рахунку, Захад рыхтаваў Украіну гадоў дваццаць, а Расея спрабавала нешта супрацьпаставіць гэтаму. Ну вось і пайшлі яны па такім шляху, ня вельмі добрым. Але ўсё гэта здарылася. Для нас гэта ўрок».

Унутраныя войскі 15 ліпеня ў Менску
Унутраныя войскі 15 ліпеня ў Менску

«Ня трэба распускаць соплі і думаць пра тое, што вось нехта сказаў, што войска будзе супраць народу, армія будзе страляць супраць народу, — сказаў Раўкоў. — Я ўжо, таварыш прэзыдэнт, ад душы скажу, але мы павінны дакладна разумець: мы сілавы інструмэнт.

І ня толькі Узброеныя сілы, але і міліцыя, і АМАП, і органы ўнутраных спраў, унутраныя войскі і памежнікі, і іншыя сілавыя структуры. і наша задача — не дапусьціць гібелі дзяржавы, не дапусьціць кровапраліцьця ў народзе. Не дапусьціць. Калі мы гэта дапусьцім, значыць, мы прайгралі бой».

«А ўсё гэта пачнецца, калі раптам пачнецца, гэта будзе таемна, ціха, арганізацыя масавых беспарадкаў, што вы цяпер, я ўпэўнены, бачыце, назіраеце, а з улікам цяперашняга сьвету, XXI стагодзьдзя, вядома ж, магчымасьці ў арганізацыі, бунтаваньні насельніцтва, бунтаваньні тых людзей, якія займаюць пэўныя нішы ў соцыюме нашай дзяржавы, вядома ж, гэта можа прывесьці да масавых беспарадкаў. І натуральна, армія як сілавы інструмэнт, рука дзяржавы, яна ніколі ня дасьць магчымасьці гэтаму пачатку канфлікту», — падкрэсьліў дзяржсакратар Савету бясьпекі.

«А канфлікт можа затым перарасьці ў што заўгодна, — заявіў ён. — Тым больш у гэтым завязаныя вонкавыя сілы, гэта ні для кога не сакрэт, гэта відаць няўзброеным вокам. Таму наша задача – выканаць, у той момант, калі гэта спатрэбіцца. Натуральна, з унутранымі войскамі, зь міліцыяй, з іншымі сілавікамі, якія будуць першымі выконваць задачы для прадухіленьня якіх-небудзь тэрарыстычных праяў, масавых беспарадкаў і таму падобнае. Мы да гэтага рыхтаваліся, рыхтуемся і будзем рыхтавацца. Ну і ў выканаўчы момант, таварыш прэзыдэнт, калі неабходна, мы выканаем».

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі (на 13 лепеня) праваабаронцы налічылі больш за 700 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. 129 чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі, 252 чалавекі аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG