Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ціханоўская — наш прэзыдэнт? Аналітыкі аб прэзыдэнцкай кампаніі пасьля аб'яднаньня


Марыя Калесьнікава, Сьвятлана Ціханоўская, Вераніка Цапкала
Марыя Калесьнікава, Сьвятлана Ціханоўская, Вераніка Цапкала

Якія наступствы будзе мець аб'яднаньне штабоў Сьвятланы Ціханоўскай, Віктара Бабарыкі і Валера Цапкалы? Якія шанцы на тое, што Сяргей Чэрачань і Андрэй Дзьмітрыеў здымуць свае кандыдатуры на карысьць Ціханоўскай? У якой сытуацыі ўлады могуць зьняць кандыдатуру Ціханоўскай з выбараў? Якія шанцы на посьпех у байкоту выбараў?

Гэтыя тэмы ў «Праскім акцэнце» абмяркоўваюць палітычны аналітык Арцём Шрайбман і аглядальнікі Свабоды Юры Дракахруст і Віталь Цыганкоў.

Які эфэкт дасьць аб'яднаньне штабоў Ціханоўскай, Бабарыкі і Цапкалы?

Шрайбман: Гэта моцны сымбалічны крок. Гэта кансалідацыя іх электаратаў, хай сабе і няпоўная. Гэта надае ёй палітычнай вагі.

Арцём Шрайбман
Арцём Шрайбман

Ёсьць пытаньне, як будуць прымацца рашэньні ў аб'яднаным штабе, штаб Ціханоўскай пераважна з традыцыйнай, тытульнай апазыцыі. Ці будзе ў Сьвятланы права вэта на ўсе рашэньні?

Пасланьне — мы не ідзём да прэзыдэнта Ціханоўскай на 10 гадоў, мы ідзём зьмяніць уладу. Гэта здымае праблему праграмы. Гэта выбары супраць Лукашэнкі.

Цыганкоў: Я бачу, якое захапленьне выклікала гэтае рашэньне. Штабы тых, каго не зарэгістравалі, наступілі сабе на горла.

Прыгожая карцінка — тры сымпатычныя жанчыны.

Але будзе важнае пытаньне — ісьці ці не ісьці на выбары. І гэта ня толькі прыхільнікі Пазьняка і паплечнікі Мацкевіча лічаць, што варта байкатаваць выбары. Гэтая група дастаткова вялікая.

Ці далучацца да саюзу трох Чэрачань і Дзьмітрыеў?

Шрайбман: Гэта будзе залежаць ад грамадзкага ціску. Калі актывісты іх штабоў, іх сябры, іх родзічы будуць ім казаць, што яны спойлеры, калі яны будуць бачыць, што на мітынгі Ціханоўскай прыходзяць тысячы, а на іх мітынгі — дзясяткі, нават дзеля доўгатэрміновых палітычных пэрспэктываў для іх будзе сэнс паступіцца амбіцыямі і зьняцца.

Калі яны гэта зробяць, то не адразу, ня зараз, бо ёсьць рызыка, што Ціханоўскую здымуць з выбараў.

Але ім урок — лёс Домаша, якога ўсе забылі. Аднак запомніцца спойлерствам — гэта таксама для іх нядобра. Мы ня ведаем, якія ў іх абавязкі перад уладай, якія кручкі на іх.

Цыганкоў: Улада ўпэўненая, што ня будзе варыянту, калі ўсе здымуцца. Яна ня можа гэтага дапусьціць.

Віталь Цыганкоў
Віталь Цыганкоў

Я згодны з Арцёмам. Чэрачня і Дзьмітрыева можа падштурхнуць зьняцца на карысьць Ціханоўскай думка іх электарату. Але іхныя каманды наўрад ці хочуць такога далучэньня.

У якім выпадку Ціханоўскую здымуць з выбараў?

Цыганкоў: Гэта цалкам магчыма. Улада пайшла ўразнос. Яна забівае ўсе цьвікі па плешку. Калі яны пасадзілі Ціханоўскага, калі не зарэгістравалі Бабарыку і Цапкалу, то скасаваньне рэгістрацыі яшчэ аднаго кандыдата нічога ня зьменіць.

Яны яе зарэгістравалі, каб размазваць, расьцярушваць пратэст. Каб ён не сфакусаваўся на адным дні.

Думалі, што ў яе няма досьведу. Але яна стала рабіць граматныя крокі. Гэта небясьпечна.

Шрайбман: Наўрад ці ёсьць дакладны плян зьняць яе з выбараў. Гэта адзін з варыянтаў дзеяньняў.

Улада дзейнічае рэактыўна і рэакцыйна. Пляны мяняюцца па меры разьвіцьця сытуацыі. Пачне Ціханоўская раскручвацца, шмат будзе людзей на яе мітынгах — скажам, што гэта парушэньне закону, і здымем з дыстанцыі.

Гэта магчыма, але ня ўпэўнены, што гэта частка заплянаванай шматхадоўкі.

Ці магчымы байкот выбараў —​ сьвядомы ці вымушаны?

Шрайбман: Калі здымуць Ціханоўскую, думаю, што яўка будзе меншай за 40%.

Байкот — гэта маральная перамога. Будзе адчуваньне, што выбары былі менш легітымныя, чым, скажам, у 2015 годзе. Але ці будзе гэта мець наступствы офлайн? Наўрад ці. Людзі перастануць плаціць падаткі? Ня думаю.

Дэлегітымізацыя — гэта сфэрычны конь у вакуўме. Заходнія паслы будуць уручаць яму даверчыя граматы, нават калі ён увядзе надзвычайнае становішча.

Цыганкоў: Цікава, як гэты аб'яднаны штаб адрэагуе, калі з выбараў здымуць Ціханоўскую. Што, скажуць, што трэба аб'ядноўвацца са штабам Дзьмітрыева?

Шрайбман: Думаю, што штабы Бабарыкі і Цапкалы скажуць. А Ціханоўская і яе паплечнікі — не.

Цыганкоў: Можна сьмяяцца над байкотам, але наколькі лепшы варыянт галасаваць за каго-небудзь, хто застанецца? Наколькі больш карысны ён будзе для пераменаў у Беларусі?

А наконт таго, што людзі не перастануць плаціць падаткаў — я бачу, што грамадзтва напаляецца. Ёсьць розныя погляды. Некаторыя кажуць, што трэба забіраць банкаўскія ўклады. Калі гэта зробяць многія, гэта будзе моцны ўдар па банкаўскай сыстэме краіны. Нельга сказаць, што ўсё пройдзе як заўсёды.

Шрайбман: І за байкотам адбудзецца страйк ці масавае зьняцьцё банкаўскіх укладаў? Я спрабую ўявіць сцэнар.

Цыганкоў: Некаторыя заклікаюць да страйку. Можна спрачацца, наколькі гэта рэалістычна. Але часам адбываецца тое, чаго не маглі спрагназаваць ніякія аналітыкі, скажам, у 1991 годзе. Я ня бачу, чым варыянт байкоту горшы за варыянт галасаваньня.

Шрайбман: Нічым. Я ж тут не агітую. Я сказаў, якія будуць наступствы байкоту з майго пункту гледжаньня. Гэта ня значыць, што галасаваньне за Чэрачня будзе мець іншыя наступствы.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG