Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Слабасьць Лукашэнкі: народная любоў мінула, засталася адна грубая сіла


Беларусы сталі ў чаргу, каб падаць скаргу ў ЦВК на нерэгістрацыю кандыдатамі ў прэзыдэнты Віктара Бабарыкі і Валера Цапкалы, 15 ліпеня 2020
Беларусы сталі ў чаргу, каб падаць скаргу ў ЦВК на нерэгістрацыю кандыдатамі ў прэзыдэнты Віктара Бабарыкі і Валера Цапкалы, 15 ліпеня 2020

Новая большасьць выйшла на палітычную арэну падчас выбарчай кампаніі ня дзеля таго, каб зьдзейсьніць рэвалюцыю. Яна прыйшла паўдзельнічаць у легальнай, законнай выбарчай працэдуры, якая ладзіцца самой уладай.

Сьцісла:

  • Штаб Бабарыкі стаў ахвярай вялікіх амбіцый свайго лідэра і тых, як цяпер высьветлілася, утапічных надзей, якія ўскладала на яго абуджанае грамадзтва. І ў гэтым ягоная драма.
  • Выбарчая кампанія паклікала да палітычнага жыцьця шырокія масы абываталяў, якія раней ніколі палітыкай не цікавіліся. Для іх стаў нечаканасьцю маштаб беззаконьня і прававога «бязьмежжа» ўладаў.
  • Ва ўяўленьні Лукашэнкі дасюль існаваў нейкі кодэкс паняцьцяў наконт таго, што можна дазваляць палітычным апанэнтам падчас прэзыдэнцкай кампаніі. Цяпер гэты кодэкс парушаны.
  • Любая ўлада грунтуецца на двух чыньніках: даверу з боку грамадзтва і сіле дзяржаўных інстытутаў. Дасюль і ўлада Лукашэнкі трымалася на гэтых дзьвюх апорах. Дык вось цяпер адзін стоўп — давер грамадзтва — прагніў, спарахнеў і развальваецца. Застаецца толькі грубая сіла.

Усе цяпер накінуліся на штаб Віктара Бабарыкі. Высьветлілася, што ніякага абяцанага «пляна Б» там няма. Але і ў штабе Валера Цапкалы таксама нічога эфэктыўнага не прапанавалі. А ўвогуле, ці ёсьць нейкія сілы, якія маглі б вылучыць пераможны сцэнар? Ці ёсьць ён увогуле ў сёньняшніх умовах? Усё, што цяпер прапаноўваецца (байкот і інш.) — гэта розныя варыянты ганаровай капітуляцыі.

Фактычна, адзінае, што задаволіла б палітызаваную публіку, — гэта заклік штабу выйсьці на вуліцу, заклік да Плошчы. Але варта прыняць пад увагу, што штаб Бабарыкі абезгалоўлены. І да таго ж ніхто ня хоча садзіцца ў турму, што па-чалавечы зразумела.

Проста штаб Бабарыкі стаў ахвярай вялікіх амбіцый свайго лідэра і тых, як цяпер высьветлілася, утапічных надзей, якія ўскладала на яго абуджанае грамадзтва. І ў гэтым ягоная драма.

Тут праблема глыбейшая, чым проста палітычная бездапаможнасьць і баязьлівасьць штабу Бабарыкі. Ён проста адлюстроўвае настроі сваіх прыхільнікаў.

Справа ў тым, што ўключэньне ў выбарчую кампанію Віктара Бабарыкі, Валера Цапкалы, Сяргея Ціханоўскага абудзіла да палітычнага жыцьця шырокія масы абываталяў, якія раней ніколі палітыкай не цікавіліся. Аднак, і гэта важна падкрэсьліць, гэтая новая большасьць выйшла на палітычную арэну ня дзеля таго, каб зьдзейсьніць рэвалюцыю. Яны прыйшлі паўдзельнічаць у легальнай, законнай выбарчай працэдуры, якая ладзіцца самой уладай. Таму масы людзей станавіліся ў чаргу, каб падпісацца за альтэрнатыўных кандыдатаў, потым яны рыхтаваліся прыйсьці на выбарчыя ўчасткі і прагаласаваць. Найбольш актыўныя спрабавалі трапіць у выбарчыя камісіі, стаць назіральнікамі. Усё строга ў рамках закону.

Ня тое каб яны зусім не разумелі, у якой краіне жывуць. Але лічылі, што існуюць пэўныя межы, рамкі, якія ўлада ня можа пераступіць. Таму для іх стаў нечаканасьцю маштаб беззаконьня і «прававога бязьмежжа» ўладаў. Сутыкнуўшыся з гэтым, яны гатовыя пратэставаць, аднак зноў жа строга ў рамках закону. Вось пісаць скаргі, як і прапануе штаб Бабарыкі. Яны, магчыма, выйшлі б на акцыю пратэсту, але толькі дазволеную, пад аховай міліцыі.

Ну, па вялікім рахунку, абываталь і не павінен добра разьбірацца ў палітыцы, а ўжо тым больш падымацца на самаахвярную барацьбу за свабоду. А на што спадзяваліся, Бабарыка, Цапкала? Яны ж людзі больш дасьведчаныя, доўга працавалі ў існай сыстэме, мысьляць рацыянальна. Як яны маглі ўляпацца ў гэтую авантуру?

Акрамя таго, што ў жыцьці заўсёды ёсьць месца подзьвігу, яны маглі зыходзіць з паводзінаў беларускай кіроўнай каманды падчас папярэдніх выбарчых кампаній. Справа ў тым, што ва ўяўленьні Лукашэнкі дасюль існаваў нейкі кодэкс паняцьцяў наконт таго, што можна дазваляць палітычным апанэнтам падчас прэзыдэнцкай кампаніі. У пэўнай ступені ён грунтаваўся на тых умовах, у якіх праходзілі выбары 1994 году, калі ён перамог.

Таму ніколі раней не было такога, каб не рэгістравалі прэтэндэнта, які сабраў звыш 100 тыс. подпісаў. Ніколі так масава не бракавалі подпісы апанэнтаў. Ніколі іх не садзілі ў турму перад галасаваньнем. Бо Лукашэнка лічыў, што гэта не «па паняцьцях».

Усім кандыдатам давалі магчымасьць выступаць па БТ, нават з моцнай крытыкай, якую дазвалялі сабе, напрыклад, Аляксандар Казулін, Мікола Статкевіч і інш. Бо Лукашэнка сам у 1994 годзе меў магчымасьць жорстка крытыкаваць Вячаслава Кебіча на дзяржаўнай тэлевізіі.

Да таго ж вобраз «народнага прэзыдэнта», пераможцы, моцнага палітыка патрабаваў рэгулярнага падмацаваньня ўсё новымі перамогамі над моцнымі апанэнтамі. Лукашэнка перамог такіх палітычных «зуброў», як Вячаслаў Кебіч, Зянон Пазьняк (1994 г.), адзіных кандыдатаў апазыцыі Ўладзімера Ганчарыка (2001 г.), Аляксандра Мілінкевіча (2006 г.), цэлую гурбу апазыцыянэраў у 2010 годзе.

Таму, магчыма, Бабарыка і Цапкала разьлічвалі на ранейшы альгарытм паводзін кіраўніка дзяржавы. Маўляў, калі і ня выйграем, то застанёмся ў вышэйшай лізе палітыкі.

Магчыма, так бы ўсё і было, калі б звыкламу сцэнару не перашкодзіў народ, які раптам паверыў, што праз выбары ў Беларусі можна зьмяніць уладу. І Лукашэнку давялося ісьці на брутальныя захады, якіх ён ніколі раней не рабіў. Бабарыка і Цапкала сталі ахвярамі народнага ўздыму.

Калі ў сваім папярэднім блогу я напісаў, што, адмовіўшы ў рэгістрацыі кандыдатамі Бабарыку і Цапкалу, «Лукашэнка ахвяраваў вобразам моцнага палітыка, які не баіцца канкурэнцыі, ён паказвае ўсім, што слабы», то шмат хто запярэчыў. Маўляў, які ж ён слабы? Вось усіх перамог, пасадзіў, выкінуў з выбарчай кампаніі і застаўся пры ўладзе.

Я меў на ўвазе вось што. Любая ўлада грунтуецца на двух чыньніках: на даверы з боку грамадзтва і на сіле дзяржаўных інстытутаў. Дасюль і ўлада Лукашэнкі трымалася на гэтых двух стаўпах. Дык вось цяпер адзін стоўп — давер грамадзтва — прагніў, спарахнеў і развальваецца. Застаецца толькі адна грубая сіла. Уладная канфігурацыя, якая абапіраецца толькі на адзін пункт апоры, — ня вельмі ўстойлівая. Нават паводле законаў мэханікі.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG