Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Роснефть» і беларускія НПЗ падпісалі кантракты на пастаўку нафты


Комплекс «Нафтан-Палімір» у Наваполацку

Расейская кампанія «Роснефть» і беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы падпісалі 2 красавіка кантракты на пастаўку нафты ў Беларусь, паведамілі журналістам у расейскай кампаніі, піша Interfax.by.

«Пастаўкі будуць ажыцьцяўляцца на ўмовах, пра якія кампанія паведамляла раней — гэта значыць з прэміяй 5 даляраў за тону», — падкрэсьлілі ў кампаніі.

Раніцай 2 красавіка прэм'ер-міністар Беларусі Сяргей Румас казаў, што Беларусь разьлічвае атрымаць 2 млн тонаў расейскай нафты па цане каля 4 даляраў за барэль і падкрэсьліваў, што пастаўкі будуць ісьці бяз прэміяў расейскім кампаніям. Паводле Румаса, «Белнафтахім» павінен завершыць перамовы з расейскімі кампаніямі аб пастаўках на такіх умовах 2 красавіка.

«Жорсткая і пасьлядоўная ўстаноўка кіраўніка дзяржавы аб куплі расейскай нафты бяз прэміі ў цане вытрымліваецца урадам, — расказаў Румас. — Вынікам гэтай пазыцыі зьяўляецца цана, за якую мы будзем купляць нафту ў красавіку з Расейскай Фэдэрацыі — каля 4 даляраў за барэль».

Амбасадар Беларусі ў Расеі Ўладзімер Сямашка ў інтэрвію «Российской газете» 2 красавіка адзначаў, што Беларусь не адмовіцца і ад альтэрнатыўных паставак нафты, хоць расейскія пастаўкі будуць бяз прэміяў. Ды Сямашка адзначыў, што рашэньне аб пастаўках бяз прэміяў «вырашае праблему толькі бягучага году, і тое калі цана нафты не перавысіць 40–45 даляраў за барэль». Надалей, заявіў ён, беларускія і расейскія нафтаперапрацоўчыя заводы мусяць мець аднолькавыя ўмовы кампэнсацыі выдаткаў ад «падатковага манэўру».

Аляксандар Лукашэнка 2 красавіка ў інтэрвію тэлекампаніі «Мир» зноў згадаў пажаданую схему паставак нафты ў Беларусь: Беларусь прапрацоўвае магчымыя альтэрнатыўныя пастаўкі нафты, а ў Расеі закупае каля 40% ад усяго неабходнага аб'ёму паставак, пры гэтым выбіраючы, якія расейскія кампаніі будуць пастаўляць нафту ў краіну.

Беларусь ад канца 2019 году вядзе перамовы з буйнымі расейскімі нафтавымі кампаніямі аб умовах пастаўкі сыравіны на беларускія НПЗ. Пакуль пастаўкі абмежаваныя вузкім колам малых кампаній і зьнізіліся па выніках студзеня-лютага на 76%, да 719 тысяч тон.

У гэтай сытуацыі Беларусь пачала альтэрнатыўны імпарт нафты — праз порт Клайпеды чыгункаю на наваполацкі «Нафтан» і праз порт Адэсы на Мазырскі НПЗ праз нафтаправод Адэса — Броды і адтуль у Мазыр.

Расея спыніла пастаўкі нафты ў Беларусь. Што здарылася

  • 1 студзеня 2020 году Расея спыніла пастаўкі нафты ў Беларусь, але расейская нафта працягвае паступаць транзытам празь Беларусь у Эўропу.
  • Беларусь і Расея дагэтуль не дамовіліся пра пастаўкі нафты ў 2020 годзе, хоць Лукашэнка і Пуцін вялі перамовы 30 і 31 сьнежня.
  • Прыняты толькі «індыкатыўны балянс»: Расея можа паставіць 24 млн тонаў нафты на год. У 2019-м столькі і паставілі: 18 млн т пайшлі на перапрацоўку, яшчэ 6 млн т на «перамытненьне». Паводле эканаміста Яраслава Раманчука, Беларусі на ўласныя патрэбы хапае 6–7 млн тонаў — астатняе ішло на нафтапрадукты для экспарту або на «перамытненьне».
  • 31 сьнежня 2019 году Лукашэнка даручыў завозіць нафту з партоў Балтыі і залучыць альтэрнатыўныя пастаўкі праз магістральны нафтаправод «Дружба».
  • Пакуль Мазырскі НПЗ пачаў атрымліваць нафту толькі ад кампаніі расейскага алігарха Гуцэрыева — чакаецца пастаўка ўсяго 750 тысячаў тонаў.
  • Беларусь дамовілася пра імпарт 80 тонаў нарвэскай нафты Johan Sverdrup з пастаўкай у літоўскі порт Клайпеда. У Беларусі чакаюць пачатку разгрузкі ўвечары 22 студзеня. Перавалка і транспарт да НПЗ чыгункай будуць каштаваць больш за 20 даляраў за тону.
  • Гатоўнасьць транспартаваць нафту ў Беларусь на пастаяннай аснове ўжо выказалі суседнія Латвія (магчымыя аб’ёмы не абвяшчаліся) і Літва (да 3 млн тонаў на год​). Пры чым Літва гатовая дастаўляць і газ. Па стане на 21 студзеня «Белнафтахім» мае «практычна гатовыя кантракты» на альтэрнатыўныя пастаўкі.
  • Беларускія НПЗ у першай палове студзеня працавалі на леташніх запасах, аб’ёму якіх хапала прыкладна на 20 дзён працы. Экспарт нафтапрадуктаў Беларусь часова прыпыняла ад 1 студзеня, аднавіла ад 21-га.
  • Паводле неафіцыйных зьвестак «Інтэрфаксу», Беларусь прапанавала рэалізаваць варыянт разавай пастаўкі нафты з рэсурсаў незалежных пастаўшчыкоў з мэтай павелічэньня запасаў сыравіны на НПЗ на час правядзеньня перамоваў.
  • Публічна ж Лукашэнка 21 студзеня паставіў задачу зьнізіць пастаўкі нафты з Расеі да 30-40% ад неабходных аб’ёмаў: «працэнтаў 30 мы павінны з Балтыкі завозіць і працэнтаў 30 праз Украіну». Пастаўкі з Казахстану, заявіў ён, заблякавала Расея.
  • Менск і Масква дасюль не ўзгаднілі кампэнсацыю за расейскі падатковы манэўр. У беларускі бюджэт-2020 закладзеныя страты ў памеры 951 млн рублёў.
  • Расея дагэтуль не кампэнсавала Беларусі страты за пастаўкі бруднай нафты ў красавіку 2019 году — толькі 20 студзеня 2020-га дамовіліся пра падыходы і мэтодыку кампэнсацыі.

Беларусь — адзіная краіна ў сьвеце, якая багацее на суседзкай нафце, — эканаміст

Дзе браць нафту, калі не ў Расеі, і колькі страчвае Беларусь ад прыпыненьня паставак? Тлумачым разам з экспэртам

Усё пачалося з Пуціна. Кароткая гісторыя нафтагазавых канфліктаў Беларусі і Расеі

Ці ўратуе Беларусь эўрапейская нафта? Разьбіраемся з экспэртамі

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG