За першыя два месяцы 2020 году Беларусь павялічыла пастаўку розных гатункаў бэнзіну ва Ўкраіну на 37%, да 105,6 тысячы тонаў у параўнаньні з аналягічным пэрыядам 2019 году.
Гэта адбылося нягледзячы на рэзкае зьніжэньне паставак расейскай сыравіны на беларускія НПЗ.
Такія зьвесткі абнародавала ўкраінская Кансалтынгавая група «А-95», спасылаючыся на ўласны аналіз інфармацыі аб перавозках і мытным афармленьні грузаў.
«Такое істотнае павелічэньне паставак зь Беларусі сьведчыць аб тым, што летась Украіна ў гэты пэрыяд мала набывала бэнзінаў, а яны для беларускіх НПЗ зьяўляюцца прафіцытнай групай, таму іх шмат нават пры невялікіх аб’ёмах перапрацоўкі нафты», — сказаў Свабодзе кіраўнік кансалтынгавай групы Сяргей Куюн.
Экспэрт таксама зьвярнуў увагу на тое, што Беларуская нафтавая кампанія зьмяніла падыходы да заключэньня кантрактаў на пастаўку нафтапрадуктаў:
«Беларуская нафтавая кампанія зьмяніла ўмовы на ўдзел у сваіх тэндэрах. Яны зрабілі так, што, калі ёсьць жаданьне купляць дызэльнае паліва як найбольш запатрабаваны тавар ва Ўкраіне, то ты павінен набыць у прапорцыі яшчэ і бэнзін. Такім чынам яны дабіліся таго, што закупкі Ўкраіны павялічыліся».
Улады Беларусі і Ўкраіны пакуль не абнародавалі афіцыйнай статыстыкі пра замежны гандаль у студзені-лютым 2020 году па таварных групах.