Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як беларускі рубель залежыць ад расейскага і ад цэнаў на нафту. Разьбіраемся з экспэртам


Таварны цягнік з нафтай, Гарадок (Віцебская вобласьць). Ілюстрацыйнае фота
Таварны цягнік з нафтай, Гарадок (Віцебская вобласьць). Ілюстрацыйнае фота

Пасьля падзеньня беларускі рубель прачаў умацоўвацца адносна даляра. Гэта вынікае з таргоў 10 сакавіка на Беларускай валютна-фондавай біржы. Цяпер даляр каштуе 2,33 рубля, хаця 9 сакавіка ўпаў адразу на 11 капеек. Разьбіраемся, што на гэта паўплывала і ад чаго залежыць курс беларускіх грошай.

9 сакавіка расейскі рубель апусьціўся да чатырохгадовага мінімуму пасьля падзеньня цэнаў на нафту ў выніку зрыву перамоваў паміж лідэрамі краін — экспартэраў нафты (OPEC), Саудаўскай Арабіяй і Расеяй. Калі яшчэ на мінулым тыдні нафта таргавалася на прыблізна 50 даляраў за барэль, то 9 сакавіка яе цана наблізілася да 30 даляраў.

З гэтай нагоды беларускі рубель пачаў падаць усьлед за расейскім. Але ўжо 10 сакавіка нафта падаражэла, расейскі рубель пачаў умацоўвацца, а сьледам за ім і беларускі.

Ці сапраўды так моцна прасеў беларускі рубель?

Ваганьне валюты вымяраецца ня толькі ў далярах, а ў адносінах да валютнага кошыку. Ён у Беларусі складаецца з даляра, эўра, расейскага рубля. 9 сакавіка даляр вырас на 5%, а расейскі рубель зьнізіўся адносна беларускага на 5%.

Вадзім Іосуб
Вадзім Іосуб

«Учора расейскі рубель моцна ўпаў, а даляр моцна вырас, агульны кошт валютнага кошыку вырас на 0,1%. Беларускі рубель крыху абясцэніўся. Цяпер на біржы даляр зьніжаецца, а даляр расьце на 1,9%. Валютны кошык таксама расьце на 0,25%», — тлумачыць Вадзім Іосуб, старшы аналітык кампаніі «Альпары».

Чаму беларускі рубель ідзе ўсьлед за расейскім?

У Беларусі курсы валют залежаць ад попыту і прапановы на валюту. Але ёсьць вонкавыя фактары, якія немагчыма абмінуць.

«Суадносіны валют на замежным рынку, напрыклад, розьніца паміж далярам і эўра, мусіць улічваць і беларускі валютны рынак. 9 сакавіка расейскі рубель упаў да даляра на 10%. Гэта значыць, што рост даляра да расейскага рубля мусіць захавацца і на нашым рынку. У нас даляр мог вырасьці на 10%, тады гэта азначала б моцны рост валютнага кошыку. Мог бы ўпасьці расейскі рубель, а даляр не зьмяніўся. Тады беларускі рубель умацаваўся б. У нас атрымаўся нэўтральны варыянт: даляр вырас на 5% і на 5% упаў расейскі рубель», — кажа Вадзім Іосуб.

То бок беларускі рубель адносна валютнага кошыку зьнізіўся мінімальна, але вырас даляр і прасеў расейскі рубель.

На штодзённыя ваганьні валюты ўплываюць вонкавыя чыньнікі, і гэта нічога ня кажа пра беларускую эканоміку — яны адбіваюцца на ёй, «як у люстэрку».

Але беларускі рубель залежыць ад расейскага рубля ў доўгатэрміновай пэрспэктыве. «Доля расейскага рубля ў валютным кошыку — 50%. У даляра — 30%, у эўра — 20%. Доўгатэрміновыя праблемы ў расейскай эканоміцы ціснуць на эканоміку, і гэта дрэнна для беларускага рубля, бо гэта найбуйнейшы экспартны рынак для Беларусі. Калі расейская эканоміка пачне падаць, то з затрымкай у квартал гэта адаб’ецца і на беларускай эканоміцы, і на курсе беларускага рубля», — мяркуе Вадзім Іосуб.

Чаго далей чакаць ад беларускага рубля?

Цяпер цана нафты паднялася да 37 даляраў за барэль. Калі такая дынаміка захаваецца, то курс рубля стабілізуецца.

«Калі зь нейкіх невядомых цяпер прычынаў цана нафты пойдзе далей уніз, значыць, даляр будзе расьці і да расейскага, і да беларускага рубля. Мне здаецца, што цэны на нафту ўзновяцца да 40 даляраў за барэль. Але нэгатыўныя фактары, якія ўплываюць на падзеньне нафтавых цэнаў, раптоўна могуць праявіцца», — кажа Вадзім Іосуб.

Такім чынам, у кароткатэрміновай пэрспэктыве на беларускі рубель уплывае падзеньне цаны на нафту, бо за ёй падае расейскі рубель. Гэтыя ваганьні на беларускім валютным рынку ня могуць не адбівацца, але ад беларускай эканомікі ніяк не залежаць. Калі праблемы ў расейскай эканоміцы будуць у далёкай пэрспэктыве, то гэта закране і беларускую эканоміку, і курс беларускага рубля.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG