Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму рэкордна ўпаў беларускі рубель і чаго чакаць. Тлумачыць фінансавы аналітык


Табло з курсамі валют у менскім банку, 9 сакавіка
Табло з курсамі валют у менскім банку, 9 сакавіка

Нафтавы канфлікт паміж Масквой і OPEC, нястрымнае шэсьце каранавірусу, татальная прывязка да расейскага рубля. Што разгойдвае фінансавы рынак Беларусі.

Старшыня Клюбу фінансавых дырэктараў Андрэй Карпунін у камэнтары для Свабоды акрэсьліў асноўныя прычыны падзеньня беларускага рубля.

Фінансавы аналітык Андрэй Карпунін, архіўнае фота
Фінансавы аналітык Андрэй Карпунін, архіўнае фота

Сьцісла:

  • Адмова Масквы зьнізіць аб’ёмы здабычы нафты на фоне агульнага зьніжэньня попыту на сыравіну прывяла да абвалу расейскага рубля і, як вынік, нэгатыўна паўплывала на курс рубля беларускага.
  • У беларускім валютным кошыку расейскі рубель складае 50% і цягне за сабой уніз беларускі.
  • Нэгатыўны ўнёсак у разьвіцьцё сытуацыі зрабіла эпідэмія каранавіруснай інфэкцыі.

Канфлікт OPEC — Расея

9 сакавіка расейскі рубель апусьціўся да чатырохгадовага мінімуму пасьля падзеньня цэнаў на нафту ў выніку разрыву перамоваў паміж лідэрамі краінаў — экспартэраў нафты (OPEC), Саудаўскай Арабіяй і Расеяй. Калі яшчэ на мінулым тыдні нафта таргавалася недалёка ад 50 даляраў за барэль, то цяпер яна набліжаецца да 30 даляраў.

Экспэрты дапускаюць, што супрацьстаяньне ня мае на мэце каляпс рынку нафты. Больш падобна, што такім чынам Саудаўская Арабія хоча вярнуць Расею за стол перамоваў. Як мяркуе Андрэй Карпунін, «гістэрыя з нафтай» павінна неўзабаве завершыцца — на ўрэгуляваньне канфлікту ён дае максымум тыдзень.

«Нэрвовую сытуацыю падсьцёбваюць праблемы на ўзроўні OPEC — Расея, заканчэньне ацяпляльнага сэзону, скарачэньне транспартных плыняў ды задзейнічаньне шмат у якіх краінах стратэгічных запасаў паліўных рэсурсаў. Ну і, вядома, агульнае падзеньне ВУП. Усё разам выклікала рэзкае падзеньне попыту на сыравіну. На гэтым фоне няўзгодненасьць дзеяньняў паміж Расеяй і краінамі картэлю ў гэты момант вядзе да пэўнага цэнавага дысбалянсу. То бок, зьбег усіх абставінаў плюс рэальная гульня на паніжэньне, каб выключыць кагосьці са слабых гульцоў, зрабіць яму больш балюча. Але думаю, гэта на пару дзён, максымум на тыдзень».

Паводле суразмоўцы, пасьля гэтага сытуацыя стабілізуецца, нафта можа пачаць паступовае вяртаньне страчаных пазыцый.

Наступствы эпідэміі каранавірусу

Свой нэгатыўны ўнёсак у скарачэньне попыту на нафту зрабіла эпідэмія каранавірусу, якая спаралізавала эканоміку цэлых краін, працягвае Андрэй Карпунін. Гэта таксама адна з прычынаў, чаму лідэры краінаў — экспартэраў нафты зьвярнуліся да Расеі з прапановай перагледзець рынкавыя квоты.

«Толькі транспартныя патокі на перамяшчэньне людзей у некаторых эўрапейскіх гарадах скараціліся амаль да нуля, — гаворыць аналітык. — Скажам, у сувязі з закрыцьцём на карантын Вэнэцыі і Міляна, зразумела, што вакол транспарт ужо не лятае, ня езьдзіць, ня плавае. У Кітаі ізалявалі цэлыя правінцыі. Плюс агульны страх — сядзі дома, не гуляй — таксама адбіваецца на актыўнасьці.

Прасяданьне ў шэрагу галінаў, якія мы маніторым па Эўропе, даходзіць да 15%. Пры гэтым апускаем турызм і транспарт, датычна якіх можна рыхтавацца да самага сур’ёзнага падзеньня ад часоў Другой сусьветнай вайны, гаворым пра традыцыйныя сфэры».

Пашырэньне геаграфіі пранікненьня каранавірусу на іншыя кантынэнты не дадае асаблівага спадзяваньня на рост попыту, але папраўдзе сытуацыя будзе залежаць ад таго, на якіх умовах краіны OPEC здолеюць дамовіцца з кіраўніцтвам Расеі.

Якар у выглядзе расейскага рубля

На навіне пра абвал расейскай валюты працягвае страчваць пазыцыі і беларускі рубель. Старшыня Клюбу фінансавых дырэктараў Андрэй Карпунін тлумачыць гэта наўпроставай залежнасьцю дзьвюх эканомік. Нягледзячы на ўзмацненьне канфлікту з Расеяй, гэтая краіна працягвае заставацца асноўным гандлёвым партнэрам. Адсюль і 50-працэнтная доля, якая прыпадае на расейскі рубель у валютным кошыку Нацбанку. Даляр і эўра маюць, адпаведна, па 25%.

«У валютным кошыку мы маем расейскі рубель, які ўшчыльную завязаны на нафту. І чым ніжэйшая цана нафты, тым большы шок для Расеі. Зразумела, чаму рэзкае падзеньне выклікала такую паніку, хоць расейскі ўрад і надзімае шчокі, што нібыта пралічваўся крытычны варыянт па 20 даляраў за барэль. Ня думаю, бо даходы бюджэту разьлічаныя абсалютна зь іншых паказьнікаў: прыбыткі ад нафты з разьліку 42 даляры за барэль. Паколькі расейскі рубель прэвалюе ў валютным кошыку, калі падае ён, то цягне за сабой і беларускага „калегу“.

Аналітык нагадвае, што даходная частка беларускага бюджэту гэтаксама моцна залежыць ад нафты. Аднак ужо больш за два месяцы краіна не атрымлівае ранейшых звышпрыбыткаў ад перапрацоўкі сыравіны ды экспарту нафтапрадуктаў, у выніку чаго ўтварылася неспрагназаваная «дзірка ў казьне».

Юань у валютным кошыку

Пасьля таго, як не атрымалася дамовіцца з Масквой пра новыя нафтавыя кантракты, кіраўніцтва Беларусі загаварыла пра неабходнасьць дывэрсыфікацыі. Аляксандар Лукашэнка загадаў зьнізіць долю расейскай нафты да траціны ад агульнага аб’ёму, замяніўшы астатнюю частку альтэрнатыўнай. Ці рэальна пасьля гэтага мінімізаваць залежнасьць ад валюты, якая наўпрост уплывае на ўтварэньне курсу?

«Валютны кошык разьлічаны з таго, колькі мы атрымліваем — не ў тэорыі, а на практыцы, бо плацяць нам за тое, што мы экспартуем, — тлумачыць Андрэй Карпунін. — Калі будзем 50% тавараў адпраўляць не ў Расею, а ў Кітай, у нашым кошыку ў пэрспэктыве можа зьявіцца юань. Паўтаруся, кошык складзены з валютаў, якія атрымліваем ад экспарту. Безумоўна, нівэляваць трэба, задзейнічаць рэзэрв для крытычных адхіленьняў. Нацбанк здольны гэта рабіць, я веру ў іхную каманду і магчымасьць апэратыўнага ўмяшаньня — адрозна ад папярэдніх складаў. Прынамсі, ніякіх трайных дэфолтаў ня будзе, а плаўныя карэктаваньні, да якіх схільны наш рэгіён, — гэта нармальна».

9 сакавіка на таргах Беларускай валютна-фондавай біржы даляр ЗША абнавіў гістарычны максымум: амэрыканская валюта падаражэла адразу на 0,1122 капейкі да 2,3518 беларускага рубля.

Яшчэ больш істотны скачок зрабіў эўра — на 15 капеек, да 2,6750 беларускага. Гэта таксама абсалютны рэкорд, ранейшы быў на ўзроўні 2,5580.

На гэтым фоне таньнее толькі расейскі рубель: мінус 16 капеек да 3,1628 за 100 адзінак. Гэта адбываецца паралельна з падзеньнем цэнаў на нафту.

Пасьля таго, як у канцы мінулага тыдня краіны OPEC не змаглі дамовіцца з Расеяй аб скарачэньні здабычы нафты, сусьветныя цэны абрынуліся на 30%.

Цана ф’ючэрсаў на нафту Brent адразу пасьля адкрыцьця таргоў упала з 45 да 31 даляра за барэль. Цана нафты WTI зьнізілася на 27% — да 30 даляраў. Расейская нафта Urals каштуе на некалькі даляраў меней за Brent.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG