Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка прыгразіў забіраць расейскую транзытную нафту


Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін у Сочы.

Беларусь працягне набываць нафту ў іншых краінах, нават калі яна будзе даражэйшая за расейскую, заявіў Аляксандар Лукашэнка, перадае БелТА.

У Сьветлагорску Гомельскай вобласьці Лукашэнка расказаў, што падчас нядаўніх перамоваў у Сочы Ўладзімір Пуцін засумняваўся, што Беларусі мэтазгодна купляць нафту дзесьці яшчэ апроч Расеі.

«Навошта вы будзеце гэта рабіць, калі яна ўсё роўна даражэйшая за расейскую?» — працытаваў ён Пуціна.

На што Лукашэнка адказаў, што Беларусь працягне дывэрсыфікаваць закупкі, «каб кожны год 31 сьнежня не стаяць на каленях».

«Калі не паставяць у лютым, будзем да 2 млн т дабіраць»

Акрамя таго, Лукашэнка прыгразіў забіраць нафту, якую Расея пускае транзытам празь Беларусь:

«У Сочы мы дамовіліся, што ўрад Расеі і асабіста намесьнік кіраўніка Адміністрацыі Дзмітрый Козак будуць кантраляваць гэтае пытаньне і дапамогуць нам дамовіцца, — расказваў Лукашэнка. — Гэта значыць, пайшоў сыгнал: калі Беларусь з кімсьці дамаўляецца, дапамажыце па трубе ім паставіць гэтую нафту з Расеі.

Я нікога не шантажаваў, сказаў: калі з Расеі ня будзе пастаўленая нафта ў патрэбных аб'ёмах — міжурадавае пагадненьне на 24 млн т, у студзені яны паставілі ўсяго 500 тысячаў тонаў, паўтара мільёна тонаў недапаставіў, — мы пачнем адбор і транзытнай трубы.

Праз краіну на Захад і для Беларусі прапампоўваецца 70 млн тонаў нафты. І яны ня маюць ніякіх праблемаў. Мы добрасумленна пампуем гэтую нафту. Памятаеце летам брудную нафту? Да гэтага часу не разьлічыліся за гэта, хоць у нас выйшла са строю абсталяваньне ў Мазыры, Наваполацк пацярпеў і нафтаправод «Дружба». Таму, калі не паставяць у лютым, будзем да 2 млн т дабіраць».

Ён таксама адзначыў, што кіраўніцтва Расеі намякае на далучэньне Беларусі ў абмен на адзіныя цэны на энерганосьбіты. Аднак, выказаў перакананьне Лукашэнка, ні беларускі, ні расейскі народы ніколі не захочуць пайсьці гэтым шляхам.

Паводле Лукашэнкі, Беларусь і Расея не абмяркоўваюць стварэньне наднацыянальных органаў, але праца па эканамічных дарожных мапах працягнецца.

Расея спыніла пастаўкі нафты ў Беларусь. Што здарылася

  • 1 студзеня 2020 году Расея спыніла пастаўкі нафты ў Беларусь, але расейская нафта працягвае паступаць транзытам празь Беларусь у Эўропу.
  • Беларусь і Расея дагэтуль не дамовіліся пра пастаўкі нафты ў 2020 годзе, хоць Лукашэнка і Пуцін вялі перамовы 30 і 31 сьнежня.
  • Прыняты толькі «індыкатыўны балянс»: Расея можа паставіць 24 млн тонаў нафты на год. У 2019-м столькі і паставілі: 18 млн т пайшлі на перапрацоўку, яшчэ 6 млн т на «перамытненьне». Паводле эканаміста Яраслава Раманчука, Беларусі на ўласныя патрэбы хапае 6–7 млн тонаў — астатняе ішло на нафтапрадукты для экспарту або на «перамытненьне».
  • 31 сьнежня 2019 году Лукашэнка даручыў завозіць нафту з партоў Балтыі і залучыць альтэрнатыўныя пастаўкі праз магістральны нафтаправод «Дружба».
  • Пакуль Мазырскі НПЗ пачаў атрымліваць нафту толькі ад кампаніі расейскага алігарха Гуцэрыева — чакаецца пастаўка ўсяго 750 тысячаў тонаў.
  • Беларусь дамовілася пра імпарт 80 тонаў нарвэскай нафты Johan Sverdrup з пастаўкай у літоўскі порт Клайпеда. У Беларусі чакаюць пачатку разгрузкі ўвечары 22 студзеня. Перавалка і транспарт да НПЗ чыгункай будуць каштаваць больш за 20 даляраў за тону.
  • Гатоўнасьць транспартаваць нафту ў Беларусь на пастаяннай аснове ўжо выказалі суседнія Латвія (магчымыя аб’ёмы не абвяшчаліся) і Літва (да 3 млн тонаў на год​). Пры чым Літва гатовая дастаўляць і газ. Па стане на 21 студзеня «Белнафтахім» мае «практычна гатовыя кантракты» на альтэрнатыўныя пастаўкі.
  • Беларускія НПЗ у першай палове студзеня працавалі на леташніх запасах, аб’ёму якіх хапала прыкладна на 20 дзён працы. Экспарт нафтапрадуктаў Беларусь часова прыпыняла ад 1 студзеня, аднавіла ад 21-га.
  • Паводле неафіцыйных зьвестак «Інтэрфаксу», Беларусь прапанавала рэалізаваць варыянт разавай пастаўкі нафты з рэсурсаў незалежных пастаўшчыкоў з мэтай павелічэньня запасаў сыравіны на НПЗ на час правядзеньня перамоваў.
  • Публічна ж Лукашэнка 21 студзеня паставіў задачу зьнізіць пастаўкі нафты з Расеі да 30-40% ад неабходных аб’ёмаў: «працэнтаў 30 мы павінны з Балтыкі завозіць і працэнтаў 30 праз Украіну». Пастаўкі з Казахстану, заявіў ён, заблякавала Расея.
  • Менск і Масква дасюль не ўзгаднілі кампэнсацыю за расейскі падатковы манэўр. У беларускі бюджэт-2020 закладзеныя страты ў памеры 951 млн рублёў.
  • Расея дагэтуль не кампэнсавала Беларусі страты за пастаўкі бруднай нафты ў красавіку 2019 году — толькі 20 студзеня 2020-га дамовіліся пра падыходы і мэтодыку кампэнсацыі.

Беларусь — адзіная краіна ў сьвеце, якая багацее на суседзкай нафце, — эканаміст

Дзе браць нафту, калі не ў Расеі, і колькі страчвае Беларусь ад прыпыненьня паставак? Тлумачым разам з экспэртам

Усё пачалося з Пуціна. Кароткая гісторыя нафтагазавых канфліктаў Беларусі і Расеі

Ці ўратуе Беларусь эўрапейская нафта? Разьбіраемся з экспэртамі

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG