У кіраўніцтве Расеі намякаюць на далучэньне Беларусі ў абмен на адзіныя цэны на энэрганосьбіты, заявіў Аляксандар Лукашэнка 14 лютага падчас паездкі ў Сьветлагорск, паведамляе БелТА.
«Яны разумеюць інтэграцыю як паглынаньне Беларусі. Гэта не інтэграцыя! Гэта інкарпарацыя! На гэта я ніколі не пайду», — цытуе Лукашэнку блізкі да яго тэлеграм-канал «Пул Первого».
Пасьля гэтай фразы Лукашэнкі загучалі аплядысмэнты. Кіраўнік Беларусі заявіў, што перакананы: ні беларускі, ні расейскі народы ніколі не захочуць пайсьці па гэтым шляху.
«Памятайце: ваш першы прэзыдэнт, якога вы калісьці выбралі, ніколі ня стане апошнім. Ужо пасьля мяне — думайце, як жыць. Але і калі я буду жыць, але ня буду прэзыдэнтам — я буду заўсёды змагацца, каб наша зямля заставалася сувэрэннай і незалежнай», — сказаў Лукашэнка.
Паводле яго, Беларусь будуць «і далей працаваць па інтэграцыі, у гэтым няма нічога дрэннага», але дамовіліся не абмяркоўваць стварэньне наднацыянальных органаў і іншых аб’яднаньняў. «Чыста эканамічныя пытаньні па інтэграцыі», — дадаў Лукашэнка.