Іран гатовы прадаваць нафту Беларусі, — амбасадар

Іранскія сьцягі над Тэгеранам
Іранскія сьцягі над Тэгеранам

Іран гатовы дамаўляцца зь Беларусьсю аб пастаўках нафты, заявіў у інтэрвію агенцтву «Інтэрфакс» амбасадар Ірану ў Менску Саід Яры.

«Мы гатовыя весьці перамовы зь беларускім бокам аб продажы нафты. Гэта чыста камэрцыйнае пытаньне», — удакладніў дыплямат.

Ён адзначыў, што як адзін з найбуйнейшых пастаўшчыкоў нафты ў сьвеце Іран заўсёды шукае магчымасці для яе рэалізацыі.

«Беларусь зьяўляецца патэнцыйным пакупніком. Тым больш яна ўжо купляла нафту ў Іране», — дадаў амбасадар.

На фоне чарговага абвастрэньня стасункаў з Расеяй у 2017 годзе Іран пастаўляў у Беларусь нафту: адна партыя была аб’ёмам 600 тысяч барэляў, другая — 800 тысяч барэляў.

Ад пачатку 2020 году асноўныя расейскія нафтакампаніі не пастаўляюць нафты на беларускія НПЗ, бо не дамовіліся пра цану.

Беларускія ўлады ўжо паведамілі, што прапановы аб імпарце сыравіны накіравалі краіны Балтыі, Польшча, Украіна, Казахстан і Азэрбайджан. Акрамя таго, перамовы вядуцца таксама з ЗША, Саудаўскай Арабіяй і Аб’яднанымі Арабскімі Эміратамі.

Амбасадар Ірану Саід Яры ня выключыў, што сёлета можа адбыцца афіцыйны візыт Аляксандра Лукашэнкі ў Тэгеран. Цяпер такая магчымасьць прапрацоўваецца.

​
XS
SM
MD
LG