«Лепшая за расейскую». На «Нафтане» пачалі перапрацоўваць нарвэскую нафту

Комплекс «Нафтан-Палімір» у Наваполацку
Комплекс «Нафтан-Палімір» у Наваполацку

Наваполацкі завод «Нафтан» пачаў перапрацоўку нарвэскай нафты Johan Sverdrup, паведаміў гендырэктар «Нафтану» Аляксандар Дзямідаў, якога цытуе «Весьнік Нафтана».

«Ужо прыйшоў другі састаў, чакаем трэці. Нафта прайшла ўваходны кантроль», — паведаміў Дзямідаў.

Паводле яго, па якасных характарыстыках нарвэская нафта лепшая за расейскую Urals, якую раней перапрацоўваў НПЗ: «утрыманьне серы ў нафце Johan Sverdrup меншае, чым у сыравіне Urals».

Дзямідаў дадаў, што на заводзе «адсочваюць усе новыя магчымасьці, якія зьяўляюцца на рынку» і будуць «аналізаваць, выбіраць аптымальныя варыянты».

На мінулым тыдні падчас нарады Аляксандар Лукашэнка паставіў задачу працягваць закупляць нафту з альтэрнатыўных Расеі крыніц і падкрэсьліў, што «нам нельга залежаць ад аднаго чалавека, ад адной краіны, ад аднаго прадпрыемства». Ён паставіў задачу імкнуцца пастаўляць з расейскага рынку 30-40% ад неабходных аб’ёмаў нафты.

«Мы павінны на практыцы паглядзець, у што гэта выльецца. А так браты з Усходу палохаюць, што гэта будзе вельмі дорага. Мы таксама, не палічыўшы, не пакаштаваўшы, думаем, што мы ня справімся. Таму прынята рашэньне закупіць ці то азэрбайджанскую, саудаўскую, нарвэскую, амэрыканскую — ня важна, якую нафту, па сусьветных цэнах», — сказаў Лукашэнка.

​
XS
SM
MD
LG