Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З новых нафтавых падаткаў Беларусь чакае 100 млн даляраў на год


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Прэс-служба Міністэрства фінансаў расказала БелаПАН пра чаканыя паступленьні ў бюджэт ад новых падаткаў з кампаніяў, што займаюцца транзытам нафты і нафтапрадуктаў па Беларусі.

Экалягічны падатак прынясе на год каля 90 млн беларускіх рублёў, падвышэньне падатку на прыбытак дасьць бюджэту яшчэ 120 млн рублёў на год. То значыць, агулам у бюджэт будзе паступаць на 210 млн рублёў больш — гэта амаль роўна 100 млн даляраў.

Мінфін сьцьвярджае, што новыя падаткі не зьвязаныя з нафтавай спрэчкай між Беларусьсю і Расеяй, што яны «прапрацоўваліся цягам 2019 году». У сувязі з сытуацыяй з расейскай нафтай Мінфін таксама ня бачыць неабходнасьці экстрана карэктаваць дзяржаўны бюджэт — казаць пра гэта рана, заявіў міністар Максім Ермаловіч парталу Tut.by.

Сума, якую чакаюць ад новых падаткаў, істотна меншая за тыя, вакол якіх спрачаюцца Масква і Менск. Так, паводле падлікаў рэйтынгавага агенцтва Fitch, наўпроставыя страты беларускай эканомікі ад расейскага падатковага манэўру складуць 10,6 млрд даляраў цягам 2019–2024 гг. Страты ад расейскай бруднай нафты беларускія ўлады ацэньвалі ў 800 млн даляраў. Але ад уласна транзыту нафты Беларусь атрымлівае на год каля 200 млн даляраў даходу.

Экалягічны падатак, як сьцьвярджаецца, бярэцца дзеля фармаваньня фонду ліквідацыі магчымых экалягічных наступстваў ад аварыяў на магістральным нафтаправодзе або іншых аварыяў у нафтавай галіне. Стаўка — 35 капеек за 1 тону нафты на 100 км.

Падатак на прыбытак кампаніяў, што робяць транзыт нафты і нафтапрадуктаў па Беларусі, падвысілі з 18% да 50%.

Расея спыніла пастаўкі нафты ў Беларусь. Што здарылася

  • 1 студзеня 2020 году Расея спыніла пастаўкі нафты ў Беларусь, але расейская нафта працягвае паступаць транзытам празь Беларусь у Эўропу.
  • Беларусь і Расея дагэтуль не дамовіліся пра пастаўкі нафты ў 2020 годзе, хоць Лукашэнка і Пуцін вялі перамовы 30 і 31 сьнежня.
  • Прыняты толькі «індыкатыўны балянс»: Расея можа паставіць 24 млн тонаў нафты на год. У 2019-м столькі і паставілі: 18 млн т пайшлі на перапрацоўку, яшчэ 6 млн т на «перамытненьне». Паводле эканаміста Яраслава Раманчука, Беларусі на ўласныя патрэбы хапае 6–7 млн тонаў — астатняе ішло на нафтапрадукты для экспарту або на «перамытненьне».
  • 31 сьнежня 2019 году Лукашэнка даручыў завозіць нафту з партоў Балтыі і залучыць альтэрнатыўныя пастаўкі праз магістральны нафтаправод «Дружба».
  • Пакуль Мазырскі НПЗ пачаў атрымліваць нафту толькі ад кампаніі расейскага алігарха Гуцэрыева — чакаецца пастаўка ўсяго 750 тысячаў тонаў.
  • Беларусь дамовілася пра імпарт 80 тонаў нарвэскай нафты Johan Sverdrup з пастаўкай у літоўскі порт Клайпеда. У Беларусі чакаюць пачатку разгрузкі ўвечары 22 студзеня. Перавалка і транспарт да НПЗ чыгункай будуць каштаваць больш за 20 даляраў за тону.
  • Гатоўнасьць транспартаваць нафту ў Беларусь на пастаяннай аснове ўжо выказалі суседнія Латвія (магчымыя аб’ёмы не абвяшчаліся) і Літва (да 3 млн тонаў на год​). Пры чым Літва гатовая дастаўляць і газ. Па стане на 21 студзеня «Белнафтахім» мае «практычна гатовыя кантракты» на альтэрнатыўныя пастаўкі.
  • Беларускія НПЗ у першай палове студзеня працавалі на леташніх запасах, аб’ёму якіх хапала прыкладна на 20 дзён працы. Экспарт нафтапрадуктаў Беларусь часова прыпыняла ад 1 студзеня, аднавіла ад 21-га.
  • Паводле неафіцыйных зьвестак «Інтэрфаксу», Беларусь прапанавала рэалізаваць варыянт разавай пастаўкі нафты з рэсурсаў незалежных пастаўшчыкоў з мэтай павелічэньня запасаў сыравіны на НПЗ на час правядзеньня перамоваў.
  • Публічна ж Лукашэнка 21 студзеня паставіў задачу зьнізіць пастаўкі нафты з Расеі да 30-40% ад неабходных аб’ёмаў: «працэнтаў 30 мы павінны з Балтыкі завозіць і працэнтаў 30 праз Украіну». Пастаўкі з Казахстану, заявіў ён, заблякавала Расея.
  • Менск і Масква дасюль не ўзгаднілі кампэнсацыю за расейскі падатковы манэўр. У беларускі бюджэт-2020 закладзеныя страты ў памеры 951 млн рублёў.
  • Расея дагэтуль не кампэнсавала Беларусі страты за пастаўкі бруднай нафты ў красавіку 2019 году — толькі 20 студзеня 2020-га дамовіліся пра падыходы і мэтодыку кампэнсацыі.

Беларусь — адзіная краіна ў сьвеце, якая багацее на суседзкай нафце, — эканаміст

Дзе браць нафту, калі не ў Расеі, і колькі страчвае Беларусь ад прыпыненьня паставак? Тлумачым разам з экспэртам

Усё пачалося з Пуціна. Кароткая гісторыя нафтагазавых канфліктаў Беларусі і Расеі

Ці ўратуе Беларусь эўрапейская нафта? Разьбіраемся з экспэртамі

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG