Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуцін і Лукашэнка не дамовіліся пра нафту і газ. Дапусьцілі «прамежкавы варыянт» паставак

абноўлена

Уладзімір Пуцін, ілюстрацыйнае фота

Апоўдні 30 сьнежня расейскае выданьне РИА Новости паведаміла са спасылкай на прэс-сакратара Ўладзіміра Пуціна пра пляны правесьці тэлефонную размову з Аляксандрам Лукашэнкам. Толькі ўвечары БелТА раскрыла некаторыя падрабязнасьці перамоваў.

Што вядома пра размову

  • Паводле прэс-службы Крамля, размова прайшла з ініцыятывы беларускага боку.
  • Лукашэнка і Пуцін, як піша беларускі бок, спачатку «абмяняліся цёплымі віншаваньнямі» з надыходам Новага году.
  • Пасьля больш за гадзіну абмяркоўвалі пастаўкі нафты, газу і іншай сыравіны, а таксама нявырашаныя пытаньні паглыбленьня інтэграцыі.
  • Дамовіліся даручыць урадам у найбліжэйшы час заключыць кантракты аб пастаўках нафты і газу.
  • Дапусьцілі, што да 1 студзеня ўрады не пасьпеюць гэта зрабіць. На такі выпадак, паводле беларускага боку, яны дамовіліся, што ўрады выпрацуюць «кампрамісны прамежкавы варыянт» умоваў паставак нафты і газу з Расеі ў Беларусь.
  • «Пры неабходнасьці» Пуцін і Лукашэнка сустрэнуцца для новага абмеркаваньня паставак нафты і газу пасьля праваслаўнага Раства, «у сярэдзіне студзеня».
  • Расейскі бок паведамляе, што Лукашэнка і Пуцін дамовіліся на тое, што далей перамовы пра нафту і газ будуць ісьці «па лініі гаспадарчых суб'ектаў» (згадкі пра «кампрамісны варыянт» у паведамленьні прэс-службы Крамля няма).

Цэны на энэрганосьбіты Пуцін і Лукашэнка абмяркоўвалі ў тым ліку на асабістай сустрэчы 8 сьнежня ў расейскім Сочы. Тады перамовы ішлі 4 гадзіны, Лукашэнка зьехаў без заявы для прэсы.

«Паглыбленьне інтэграцыі» Беларусі і Расеі. Што важна ведаць

Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін, ліпень 2019
Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін, ліпень 2019
  • Урады Беларусі і Расеі зьбіраліся ўзгадніць 31 стратэгічны плян інтэграцыі. Паволе расейскага прэм’ер-міністра Дзьмітрыя Мядзьзведзева, няўзгодненым застаўся 1 плян — пра наднацыянальныя органы.
  • Што менавіта зьбіраюцца падпісаць Лукашэнка і Пуцін, а таксама на што пагадзіліся ўрады ў стратэгічных плянах, публічна не агучваецца.
  • Тэма «паглыбленьня інтэграцыі» пачалася зь перамоваў пра кампэнсацыю «падатковага манэўру». Але ў «праграме інтэграцыі» няма кампэнсацыі «падатковага манэўру», бюджэт разьлічылі безь яе.
  • У канцы 2018 году Мядзьведзеў заявіў, што Расея гатовая «праводзіць адзіную палітыку ў галіне падаткаў, цэна- і тарыфаўтварэньня» толькі тады, калі будуць выкананыя ўмовы пагадненьня аб «саюзнай дзяржаве» 1999 году — а гэта агульныя валюта, суд і мытня.
  • Гэтыя ўмовы празвалі «ўльтыматумам Мядзьведзева». Аляксандар Лукашэнка тады адказаў жорстка: маўляў, «шантажаваць марна. Разумею намёкі — уступайце ў склад Расеі. Гэтага ня будзе ніколі».
  • 19 сьнежня 2019 году Ўладзімір Пуцін заявіў, што зь Беларусьсю абмяркоўваюць стварэньне наднацыянальных органаў — кантрольнага і эмісійнага. 23 сьнежня Мядзьведзеў паўтарыў, што без наднацыянальных органаў ня будзе кампэнсацыі «падатковага манэўру» і іншай дапамогі Беларусі.
  • 17 лістапада Лукашэнка абурыўся тым, што расейцы «кожны раз падсоўваюць новыя ўмовы, у выніку мы ў эканоміцы нешта страчваем», і рытарычна спытаў: «На храна патрэбен такі саюз?».
  • Шэраг беларусаў лічаць, што «паглыбленьне інтэграцыі» ўсё ж можа прывесьці да страты незалежнасьці Беларусі. Палітыкі і культурныя дзеячы прынялі 1 сьнежня сумесную заяву «Аб пагрозе Незалежнасьці Беларусі», а 4 сьнежня супраць інтэграцыі выступілі беларускія Telegram-каналы і суполкі «Ўкантакце».
  • Акцыі супраць паглыбленьня інтэграцыі Беларусі і Расеі прайшлі ў Менску ​7, 8, 20 і 21 сьнежня. А таксама ў Горадні, Пінску, Лідзе. За мяжой — у Польшчы, Украіне, Літве, Чэхіі, Вугоршчыне, Бэльгіі, Ізраілі, ЗША, Канадзе.
  • 24 сьнежня ў інтэрвію «Эхо Москвы» Лукашэнка заявіў, што акцыі супраць «паглыбленьня інтэграцыі» не былі масавымі («400 чалаек — гэта наша ядро апазыцыі»), і «нехта падказаў, аплаціў, фонды ім даюць прыстойныя грошы». Лукашэнка дадаў, што сам ня пойдзе на тое, «ад чаго яны спрабуюць усьцерагчы беларускі народ», і назваў сябе «галоўны абаронца сувэрэнітэту і незалежнасьці».

Спэцпрапект «Чаму Беларусь не Расея»

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG