Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Штрафы і «навагоднія» суткі. Пачаліся суды за акцыі супраць паглыбленьня інтэграцыі

абноўлена

Акцыя пратэсту ў Менску, 7 сьнежня
Акцыя пратэсту ў Менску, 7 сьнежня

Паводле зьвестак праваабаронцаў «Вясны», прынамсі 16 судоў за акцыі пратэсту маюць прайсьці 26 сьнежня, яшчэ мінімум 16 — 27 і 30 сьнежня.

Што адбылося? Усіх актывістаў судзяць за акцыі пратэсту супраць паглыбленьня інтэграцыі з Расеяй 7 і 8 сьнежня паводле арт. 23.34 КаАП (парушэньне парадку арганізацыі або правядзеньня масавых мерапрыемстваў). Большасьць — паводле ч. 1 (за гэта пагражае арышт або штраф да 765 рублёў), але некаторых паводле ч. 3 (арышт або штраф ад 510 да 1275 рублёў). ​

Сустаршыню Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Паўла Севярынца, як піша яго жонка, АМАП затрымаў каля пад’езда і павёз у Цэнтральны РАУС. У Фрунзэнскім раённым судзе яму прысудзілі 1275 рублёў за заклікі ў інтэрнэце на акцыю 7 снежня. Пасьля суду Севярынца арыштавалі на 15 сутак. У ізалятары на Акрэсьціна ён будзе адбываць пакараньне за правядзеньне акцыяў у абарону незалежнасьці Беларусі 7 і 8 сьнежня.

Алена Талстая, архіўнае фота
Алена Талстая, архіўнае фота

Адну актывістку, Алену Талстую, арыштавалі ў залі суду. Яна абвясьціла галадоўку.

На момант публікацыі вядома пра наступныя прысуды:

  • Алена Талстая — 5 сутак арышту і штраф 1275 рублёў, ч. 3 арт. 23.34 КаАП (судзьдзя Тацяна Мотыль).​
  • Алесь Лагвінец штраф 765 рублёў, ч. 1 арт. 23.34 КаАП (судзьдзя Юры Машкетаў).
  • Натальля Саматыяштраф 765 рублёў, ч. 1 арт. 23.34 КаАП (судзьдзя Лідзія Целіца).
  • Віктар Кавалькоў (а. Вікенцій) — штраф 765 рублёў, ч. 3 арт. 23.34 КаАП (судзьдзя Віктар Казак).
  • Андрэй Войнічштраф 765 рублёў, ч. 1 арт. 23.34 КаАП (судзьдзя Лідзія Целіца).
  • Ірына Шчаснаяштраф 765 рублёў, ч. 1 арт. 23.34 КаАП (судзьдзя Юрый Машкетаў).
  • Зьміцер Казакевіч — штраф 1275 рублёў, ч. 3 арт. 23.34 КаАП (судзьдзя Таццяна Мотыль).
  • Аляксей Прохараўштраф 127,5 рубля, ч. 1 арт. 23.34 КаАП (судзьдзя Міхаіл Зубеня).
  • Пётр Папраўка штраф 510 рублёў, ч. 1 арт. 23.34 КаАП (судзьдзя Аляксандар Воўк)​.
  • Ільля Дабратвор штраф 765 рублёў, ч. 1 арт. 23.34 КаАП (судзьдзя Віктар Казак).
  • Дзяніс Садоўскі штраф 510 рублёў, ч. 1 арт. 23.34 КаАП.​
  • Вольга Быкоўская штраф 510 рублёў, ч. 1 арт. 23.34 КаАП.​

«Паглыбленьне інтэграцыі» Беларусі і Расеі. Што важна ведаць

Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін, ліпень 2019
Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін, ліпень 2019
  • Урады Беларусі і Расеі зьбіраліся ўзгадніць 31 стратэгічны плян інтэграцыі. Паволе расейскага прэм’ер-міністра Дзьмітрыя Мядзьзведзева, няўзгодненым застаўся 1 плян — пра наднацыянальныя органы.
  • Што менавіта зьбіраюцца падпісаць Лукашэнка і Пуцін, а таксама на што пагадзіліся ўрады ў стратэгічных плянах, публічна не агучваецца.
  • Тэма «паглыбленьня інтэграцыі» пачалася зь перамоваў пра кампэнсацыю «падатковага манэўру». Але ў «праграме інтэграцыі» няма кампэнсацыі «падатковага манэўру», бюджэт разьлічылі безь яе.
  • У канцы 2018 году Мядзьведзеў заявіў, што Расея гатовая «праводзіць адзіную палітыку ў галіне падаткаў, цэна- і тарыфаўтварэньня» толькі тады, калі будуць выкананыя ўмовы пагадненьня аб «саюзнай дзяржаве» 1999 году — а гэта агульныя валюта, суд і мытня.
  • Гэтыя ўмовы празвалі «ўльтыматумам Мядзьведзева». Аляксандар Лукашэнка тады адказаў жорстка: маўляў, «шантажаваць марна. Разумею намёкі — уступайце ў склад Расеі. Гэтага ня будзе ніколі».
  • 19 сьнежня 2019 году Ўладзімір Пуцін заявіў, што зь Беларусьсю абмяркоўваюць стварэньне наднацыянальных органаў — кантрольнага і эмісійнага. 23 сьнежня Мядзьведзеў паўтарыў, што без наднацыянальных органаў ня будзе кампэнсацыі «падатковага манэўру» і іншай дапамогі Беларусі.
  • 17 лістапада Лукашэнка абурыўся тым, што расейцы «кожны раз падсоўваюць новыя ўмовы, у выніку мы ў эканоміцы нешта страчваем», і рытарычна спытаў: «На храна патрэбен такі саюз?».
  • Шэраг беларусаў лічаць, што «паглыбленьне інтэграцыі» ўсё ж можа прывесьці да страты незалежнасьці Беларусі. Палітыкі і культурныя дзеячы прынялі 1 сьнежня сумесную заяву «Аб пагрозе Незалежнасьці Беларусі», а 4 сьнежня супраць інтэграцыі выступілі беларускія Telegram-каналы і суполкі «Ўкантакце».
  • Акцыі супраць паглыбленьня інтэграцыі Беларусі і Расеі прайшлі ў Менску ​7, 8, 20 і 21 сьнежня. А таксама ў Горадні, Пінску, Лідзе. За мяжой — у Польшчы, Украіне, Літве, Чэхіі, Вугоршчыне, Бэльгіі, Ізраілі, ЗША, Канадзе.
  • Агульная сума штрафаў пратэстоўцам — каля 65 тысяч даляраў. Таксама ўдзельнікам акцый прысудзілі агулам 375 сутак арышту.

  • 24 сьнежня ў інтэрвію «Эхо Москвы» Лукашэнка заявіў, што акцыі супраць «паглыбленьня інтэграцыі» не былі масавымі («400 чалаек — гэта наша ядро апазыцыі»), і «нехта падказаў, аплаціў, фонды ім даюць прыстойныя грошы». Лукашэнка дадаў, што сам ня пойдзе на тое, «ад чаго яны спрабуюць усьцерагчы беларускі народ», і назваў сябе «галоўны абаронца сувэрэнітэту і незалежнасьці».

Спэцпрапект «Чаму Беларусь не Расея»

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG