Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Разьлічваем на значна больш удзельнікаў». Апазыцыя абнародавала плян пратэстаў 20 і 21 сьнежня


Прэс-канфэрэнцыя арганізатараў пратэсту супраць інтэграцыі ў Менску

Больш за 15 палітычных партый дэмакратычнай апазыцыі і грамадзкіх арганізацый падпісалі агульны зварот да беларусаў з заклікам выйсьці 20 і 21 сьнежня на акцыі ў абарону незалежнасьці.

Паводле Паўла Севярынца, акцыя пачнецца 20 сьнежня на Кастрычніцкай плошчы а 18.00. Яна разьлічаная на 3 гадзіны. Спачатку заплянаваны мітынг да 19.00. Потым адбудзецца шэсьце маршрутам: плошча Незалежнасьці, Няміга, Зыбіцкая, Кастрычніцкая плошча.

У 20.45 заплянавана зрабіць ланцуг пратэсту на праспэкце Незалежнасьці. Распрацаваны таксама плян «Б» на выпадак затрыманьняў арганізатараў, але яго не агучылі.

Алена Анісім і Анатоль Лябедзька
Алена Анісім і Анатоль Лябедзька

21 сьнежня актывісты зьбіраюцца на новую акцыю на Кастрычніцкай плошчы. А 14 гадзіне пачатак, меркаваная працягласць 2 гадзіны.

17 сьнежня, арганізатары панясуць паведамленьне пра акцыю 20 сьнежня ў гарвыканкам. Запрашаюць журналістаў а 12.00 сустрэцца на прыступках гарвыканкаму.

У сераду 18 сьнежня будзе абнародаваны зварот да сілавікоў.

Сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі ад імя падпісантаў звароту заклікаў удзельнікаў пратэстаў не рабіць абразьлівых для грамадзянаў Расеі плякатаў.

«Гэта будзе акцыя за мір паміж народамі Расеі і Беларусі. Мы заклікаем расейцаў, якія не падзяляюць імпэрскай палітыкі Пуціна, змагацца разам за свабоду і незалежнасьць Беларусі і Расеі», — сказаў палітык.

Юрась Беленькі ад КХП-БНФ працытаваў Канстытуцыю, паводле якой бараніць незалежнасьць — абавязак грамадзян краіны. Арганізатары акцый пратэсту прапанавалі меркаваным удзельнікам спасылацца на Канстытуцыю у выпадку затрыманьняў. На сёньня вядома пра 17 чалавек, якіх ужо выклікаюць у міліцыю за ўдзел у акцыях 7 і 8 сьнежня. Пра суды зьвестак пакуль няма.

Анатоль Лябедзька, Юрась Беленькі, Павал Севярынец
Анатоль Лябедзька, Юрась Беленькі, Павал Севярынец

Павал Севярынец заклікаў усіх зьвяртацца да арганізатараў па салідарнасьць і абарону. Ён сказаў, што арганізатары разьлічваюць, што Кастрычніцкая плошча будзе вольная для збору мітынгоўцаў.

Павал Севярынец (у цэнтры)
Павал Севярынец (у цэнтры)

Старшыня ТБМ, экс-дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім паведаміла, што да яе працягваюць зьвяртацца выбарнікі, заклапочаныя пагрозай анэксіі Беларусі Расеяй, і кажуць, што яны гатовыя «бараніць незалежнасьць краіны са зброяй у руках». «Страціць незалежнасьць — значыць страціць найменьне нацыі», — папярэдзіла Алена Анісім і заявіла, што 20 сьнежня зьбіраецца прыйсьці на Кастрычніцкую плошчу для ўдзелу ў акцыі пратэсту супраць інтэграцыі.

20 сьнежня сваю акцыю на Кастрычніцкай плошчы ў падтрымку інтэграцыі​ хочуць правесьці і кіраўнікі «левапатрыятычных грамадзкіх аб’яднаньняў Беларусі». Заяўку на правядзеньне мітынгу ў падтрымку саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі падалі ў прэзыдэнцкую адміністрацыю.

«Паглыбленьне інтэграцыі» Беларусі і Расеі. Што важна ведаць

Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін, ліпень 2019
Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін, ліпень 2019
  • Урады Беларусі і Расеі зьбіраліся ўзгадніць 31 стратэгічны плян інтэграцыі. Паволе расейскага прэм’ер-міністра Дзьмітрыя Мядзьзведзева, няўзгодненым застаўся 1 плян — пра наднацыянальныя органы.
  • Што менавіта зьбіраюцца падпісаць Лукашэнка і Пуцін, а таксама на што пагадзіліся ўрады ў стратэгічных плянах, публічна не агучваецца.
  • Тэма «паглыбленьня інтэграцыі» пачалася зь перамоваў пра кампэнсацыю «падатковага манэўру». Але ў «праграме інтэграцыі» няма кампэнсацыі «падатковага манэўру», бюджэт разьлічылі безь яе.
  • У канцы 2018 году Мядзьведзеў заявіў, што Расея гатовая «праводзіць адзіную палітыку ў галіне падаткаў, цэна- і тарыфаўтварэньня» толькі тады, калі будуць выкананыя ўмовы пагадненьня аб «саюзнай дзяржаве» 1999 году — а гэта агульныя валюта, суд і мытня.
  • Гэтыя ўмовы празвалі «ўльтыматумам Мядзьведзева». Аляксандар Лукашэнка тады адказаў жорстка: маўляў, «шантажаваць марна. Разумею намёкі — уступайце ў склад Расеі. Гэтага ня будзе ніколі».
  • 19 сьнежня 2019 году Ўладзімір Пуцін заявіў, што зь Беларусьсю абмяркоўваюць стварэньне наднацыянальных органаў — кантрольнага і эмісійнага. 23 сьнежня Мядзьведзеў паўтарыў, што без наднацыянальных органаў ня будзе кампэнсацыі «падатковага манэўру» і іншай дапамогі Беларусі.
  • 17 лістапада Лукашэнка абурыўся тым, што расейцы «кожны раз падсоўваюць новыя ўмовы, у выніку мы ў эканоміцы нешта страчваем», і рытарычна спытаў: «На храна патрэбен такі саюз?».
  • Шэраг беларусаў лічаць, што «паглыбленьне інтэграцыі» ўсё ж можа прывесьці да страты незалежнасьці Беларусі. Палітыкі і культурныя дзеячы прынялі 1 сьнежня сумесную заяву «Аб пагрозе Незалежнасьці Беларусі», а 4 сьнежня супраць інтэграцыі выступілі беларускія Telegram-каналы і суполкі «Ўкантакце».
  • Акцыі супраць паглыбленьня інтэграцыі Беларусі і Расеі прайшлі ў Менску ​7, 8, 20 і 21 сьнежня. А таксама ў Горадні, Пінску, Лідзе. За мяжой — у Польшчы, Украіне, Літве, Чэхіі, Вугоршчыне, Бэльгіі, Ізраілі, ЗША, Канадзе.
  • 24 сьнежня ў інтэрвію «Эхо Москвы» Лукашэнка заявіў, што акцыі супраць «паглыбленьня інтэграцыі» не былі масавымі («400 чалаек — гэта наша ядро апазыцыі»), і «нехта падказаў, аплаціў, фонды ім даюць прыстойныя грошы». Лукашэнка дадаў, што сам ня пойдзе на тое, «ад чаго яны спрабуюць усьцерагчы беларускі народ», і назваў сябе «галоўны абаронца сувэрэнітэту і незалежнасьці».

Спэцпрапект «Чаму Беларусь не Расея»

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG