Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская апазыцыя зьвярнулася да грамадзян Расеі наконт пагрозаў «паглыбленьня інтэграцыі»


Прадстаўнікі дэмакратычных партый і грамадзкіх арганізацый Беларусі падпісалі зварот да грамадзян Расеі «ў сувязі з антызаконнымі дзеяньнямі ў паглыбленьні саюзнай інтэграцыі Расеі і Беларусі».

У ім гаворыцца, што «аўтарытарныя кіраўнікі Расеі і Беларусі першапачаткова падпісалі Дамову аб стварэньні саюзнай дзяржавы» толькі для задавальненьня сваіх безадказных амбіцый», а рэалізацыя Дамовы «вядзе да ліквідацыі беларускай незалежнасьці і фактычнай анэксіі беларускай дзяржавы», што таксама «нясе пагрозу добрасуседзкім адносінам Беларусі і Расеі».

Далучэньне да Расеі Беларусі «непазьбежна прывядзе да яшчэ большай ізаляцыі Расеі на міжнародным узроўні як краіны агрэсара, што зноўку ўдарыць па дабрабыце простых расейцаў», адзначаецца ў заяве.

Грамадзян Расеі заклікаюць далучыцца да заявы «аб нелегітымнасьці дамовы, аб непрызнаньні любых „інтэграцыйных“ пагадненьняў, сакрэтных пратаколаў паміж Пуціным і Лукашэнкам». У заяве таксама дзякуюць расейцам, якія ўжо праводзілі акцыі салідарнасьці ў Маскве і Санкт-Пецярбургу.

Зварот падпісалі:

  • Віталь Рымашэўскі, сустаршыня партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя»;
  • Павал Севярынец, сустаршыня БХД;
  • Анатоль Лябедзька, «Эўрапейскі дыялёг»;
  • Алена Анісім, старшыня Таварыства беларускай мовы;
  • Алясей Марачкін, мастак, заснавальнік суполкі «Пагоня»;
  • Юры Беленькі, намесьнік старшыні КХП-БНФ;
  • Алесь Арастовіч, намесьнік старшыні «Народнай грамады».

«Паглыбленьне інтэграцыі» Беларусі і Расеі. Што важна ведаць

Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін, ліпень 2019
Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін, ліпень 2019
  • Урады Беларусі і Расеі зьбіраліся ўзгадніць 31 стратэгічны плян інтэграцыі. Паволе расейскага прэм’ер-міністра Дзьмітрыя Мядзьзведзева, няўзгодненым застаўся 1 плян — пра наднацыянальныя органы.
  • Што менавіта зьбіраюцца падпісаць Лукашэнка і Пуцін, а таксама на што пагадзіліся ўрады ў стратэгічных плянах, публічна не агучваецца.
  • Тэма «паглыбленьня інтэграцыі» пачалася зь перамоваў пра кампэнсацыю «падатковага манэўру». Але ў «праграме інтэграцыі» няма кампэнсацыі «падатковага манэўру», бюджэт разьлічылі безь яе.
  • У канцы 2018 году Мядзьведзеў заявіў, што Расея гатовая «праводзіць адзіную палітыку ў галіне падаткаў, цэна- і тарыфаўтварэньня» толькі тады, калі будуць выкананыя ўмовы пагадненьня аб «саюзнай дзяржаве» 1999 году — а гэта агульныя валюта, суд і мытня.
  • Гэтыя ўмовы празвалі «ўльтыматумам Мядзьведзева». Аляксандар Лукашэнка тады адказаў жорстка: маўляў, «шантажаваць марна. Разумею намёкі — уступайце ў склад Расеі. Гэтага ня будзе ніколі».
  • 19 сьнежня 2019 году Ўладзімір Пуцін заявіў, што зь Беларусьсю абмяркоўваюць стварэньне наднацыянальных органаў — кантрольнага і эмісійнага. 23 сьнежня Мядзьведзеў паўтарыў, што без наднацыянальных органаў ня будзе кампэнсацыі «падатковага манэўру» і іншай дапамогі Беларусі.
  • 17 лістапада Лукашэнка абурыўся тым, што расейцы «кожны раз падсоўваюць новыя ўмовы, у выніку мы ў эканоміцы нешта страчваем», і рытарычна спытаў: «На храна патрэбен такі саюз?».
  • Шэраг беларусаў лічаць, што «паглыбленьне інтэграцыі» ўсё ж можа прывесьці да страты незалежнасьці Беларусі. Палітыкі і культурныя дзеячы прынялі 1 сьнежня сумесную заяву «Аб пагрозе Незалежнасьці Беларусі», а 4 сьнежня супраць інтэграцыі выступілі беларускія Telegram-каналы і суполкі «Ўкантакце».
  • Акцыі супраць паглыбленьня інтэграцыі Беларусі і Расеі прайшлі ў Менску ​7, 8, 20 і 21 сьнежня. А таксама ў Горадні, Пінску, Лідзе. За мяжой — у Польшчы, Украіне, Літве, Чэхіі, Вугоршчыне, Бэльгіі, Ізраілі, ЗША, Канадзе.
  • Агульная сума штрафаў пратэстоўцам — каля 65 тысяч даляраў. Таксама ўдзельнікам акцый прысудзілі агулам 375 сутак арышту.

  • 24 сьнежня ў інтэрвію «Эхо Москвы» Лукашэнка заявіў, што акцыі супраць «паглыбленьня інтэграцыі» не былі масавымі («400 чалаек — гэта наша ядро апазыцыі»), і «нехта падказаў, аплаціў, фонды ім даюць прыстойныя грошы». Лукашэнка дадаў, што сам ня пойдзе на тое, «ад чаго яны спрабуюць усьцерагчы беларускі народ», і назваў сябе «галоўны абаронца сувэрэнітэту і незалежнасьці».

Спэцпрапект «Чаму Беларусь не Расея»

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG