Сталы дакладчык па Беларусі прапанаваў Эўразьвязу далучыцца да беларуска-расейскіх перамоваў аб інтэграцыі

Будынак Эўрапейскага парлямэнту ў Страсбургу.
Будынак Эўрапейскага парлямэнту ў Страсбургу.

Сталы дакладчык Эўрапарлямэнту па Беларусі, літоўскі эўрадэпутат Пятрас Аўштравічус зьвярнуўся да новага кіраўніка замежнай палітыкі Эўразьвязу Жузэпа Бурэля з заклікам арганізаваць трохбаковыя эўрапейска-беларуска-расейскія кансультацыі з нагоды паглыбленай інтэграцыі Беларусі і Расеі.

У лісьце ад імя дэпутацкай групы Эўрапарлямэнту «Абнаўленьне Эўропы», Аўштравічус піша, што у той час, як адна з краін Усходняга партнэрства, Рэспубліка Беларусь, вядзе перамовы аб паглыбленай інтэграцыі з Расейскай Фэдэрацыяй, Эўразьвяз ня мае дастатковай інфармацыі пра хаду перамоваў.

Пятрас Аўштрэвічус
Пятрас Аўштрэвічус


На думку Аўштравічуса, Эўразьвяз, як глябальная міжнародная структура, што стаіць на варце прынцыпаў сувэрэнітэту, павагі правоў чалавека і вяршэнства закону, павінен выказаць свае засьцярогі і зьвярнуцца да ўрадаў Беларусі і Расеі з просьбай аб правядзеньні трохбаковых кансультацый. Такі фармат раней стасавалі, узгадняючы Пагадненьне аб асацыяцыі паміж Эўразьвязам і Ўкраінай.

Сталы дакладчык Эўрапарлямэнту па Беларусі лічыць, што паўторнае прымяненьне такога фармату дапаможа Эўразьвязу быць цалкам інфармаваным і гарантуе, што паглыбленая інтэграцыя паміж Беларусьсю і Расеяй не супярэчыць мэтам супрацоўніцтва паміж ЭЗ і Беларусьсю.

Пятрас Аўштравічус нагадвае, што наступная сустрэча паміж лідэрамі Беларусі і Расеі адбудзецца ўжо 20 сьнежня 2019 году. Таму ён заклікае Жузэпа Бурэля разгледзець зварот і зрабіць актыўныя захады без затрымкі, бо, як піша Аўштравічус, справа мае першаступеннае значэньне для абароны інтарэсаў і сувэрэнітэту суседняй Беларусі, а таксама падтрыманьня далучанасьці Эўразьвязу да працэсаў у суседнім рэгіёне.

​
XS
SM
MD
LG