Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палата абшчын забараніла Джонсану выходзіць з ЭЗ без дамовы


Палата абшчын брытанскага парлямэнту ў сераду большасьцю ў 29 галасоў прыняла законапраект, закліканы не дапусьціць выхаду краіны з Эўразьвязу 31 кастрычніка без пагадненьня з ЭЗ.

Як і чакалася, дакумэнт падтрымала пераважная большасьць дэпутатаў ад апазыцыі, а таксама больш за 20 дэпутатаў, выключаных напярэдадні з кіруючай Кансэрватыўнай партыі — пасьля таго, як яны падтрымалі разгляд законапраекту насуперак пазыцыі прэм’ера Джонсана.

Законапраект прадугледжвае, што калі да 19 кастрычніка Брытанія не заключыць з ЭЗ пагадненьне аб Brexit, прэмʼер будзе абавязаны папрасіць ЭЗ аб чарговым пераносе яго даты — з 31 кастрычніка на 31 студзеня 2020 году.

Барыс Джонсан ужо раней заявіў, што гэтая ўмова для яго непрымальная. Ён унёс у парлямэнт прапанову правесьці 15 кастрычніка датэрміновыя выбары, каб пытаньне аб Brexit вырашаў іх пераможца. Аднак лейбарысты, згодай якіх неабходна заручыцца для роспуску парлямэнту, заяўляюць, што прагаласуюць за датэрміновыя выбары толькі пасьля таго, як законапраект аб пераносе даты Brexit уступіць у сілу. Для гэтага ён яшчэ павінен быць ухвалены Палатай абшчын у трэцім чытаньні, а таксама прыняты Палатай лордаў і атрымаць згоду каралевы.

Джонсан раней заяўляў, што Брытанія ў любым выпадку выйдзе з ЭЗ у канцы кастрычніка — нават бяз угоды з Бруселем. Прыняцьце законапраекта, фактычна забараняе выхад з ЭЗ без дамовы, і адначасовая адмова ад датэрміновых выбараў створыць незвычайную калізію — прэмʼеру ня будзе вынесены вотум недаверу, аднак ён фактычна будзе пазбаўлены паўнамоцтваў самастойна вызначаць палітыку па пытаньні аб Brexit.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG