Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Брытанцы выйшлі на пратэст супраць прыпыненьня працы парлямэнту


Лёнданскі пратэстовец у масцы прэм’ера Джонсана «капае магілу дэмакратыі», 28 жніўня

У Лёндане, Манчэстэры і Эдынбургу, у іншых гарадах Вялікай Брытаніі пачаліся акцыі пратэсту супраць прыпыненьня працы парлямэнту, на якое каралева Лізавета​ пагадзілася вечарам 28 жніўня (аб гэтым прасіў прэм’ер-міністар Борыс Джонсан).

Пратэстоўцы ў Лёндане выйшлі ў тым ліку да Ўэстмінстэрскага палацу, перакрылі дарогу ля парлямэнту, прайшлі па Даўнінг-стрыт.

Мітынгоўцы несьлі плякаты ўжо ня толькі і ня столькі супраць Brexit як такога, а супраць «пахаваньня дэмакратыі» і асабіста прэм’ера Джонсана. Некаторыя называюць дзеяньні Джонсана «дзяржаўным пераваротам», адзначае The Guardian.

Пратэст у Лёндане
Пратэст у Лёндане

Рэакцыю на дзеяньні Джонсана BBC апісвае як «лютае непрыманьне». Сьпікер Палаты грамадаў Джон Бэркаў апісаў прыпыненьне працы парлямэнту як «канстытуцыйнае свавольства» прэм’ера.

Апазыцыя лічыць, што прэм’еру гэта трэба, каб парлямэнт не заблякаваў выхад краіны з Эўразьвязу без пагадненьня (No Deal Brexit).

На сайце пэтыцыяў да парлямэнту патрабаваньне не прыпыняць працу парлямэнту сабрала больш за мільён подпісаў за некалькі гадзінаў.

Паводле вынікаў рэфэрэндуму 2016 году, Вялікая Брытанія яшчэ 29 сакавіка мусіла выйсьці з Эўразьвязу. Тэрмін быў перанесены на кастрычнік з прычыны браку згоды між дэпутатамі і ва ўрадзе аб умовах выхаду.

Парлямэнт тройчы адпрэчваў прапанаваныя для галасаваньня праекты пагадненьняў з Эўразьвязам, дасягнутыя папярэдніцай Джонсана на пасадзе прэмʼер-міністра Тэрэзай Мэй. Тры праваленыя галасаваньні прывялі да адстаўкі Мэй.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG