Вынікі адказаў мы апублікавалі напачатку студзеня сёлета.
Сёньня прапануем вам аналіз тых прадказаньняў наконт падзеяў году, які хутка адыйдзе ў мінулае.
Курс беларускага рубля
На 30 сьнежня 2025 году курс склаў 2,8925 BYN за адзін даляр. Напрыканцы 2024 году ён складаў 3,4735 BYN за 1 USD, за год рубель умацаваўся на 20%.
Такое разьвіцьцё падзеяў на валютным рынку не прадказваў летась амаль ніхто з апытаных Свабодай экспэртаў. Што курс будзе вышэй за леташні, казалі толькі 5% зь іх. У 4 разы больш апытаных меркавалі, што курс сягне за 4 рублі за даляр.
Адносную большасьць летась сабраў кансэрватыўны прагноз – што рубель упадзе ніжэй за ўзровень, які быў напрыканцы мінулага году, але не нашмат.
У апраўданьне экспэртаў можна сказаць, што напрыканцы 2024 году было невядома, якую палітыку будзе весьці новы прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп.
У 2025 годзе высьветлілася, што гэта была палітыка аслабленьня даляру адносна ўсіх валютаў, каб паспрыяць амэрыканскаму экспарту. У выніку адносна даляру падвысіўся курс і расейскага рубля, і моцна прывязанага да яго беларускага.
Сярэдні заробак
Паводле Белстата ў лістападзе сёлета сярэдні заробак ў Беларусі склаў 2703,7 рубля.
У пераліку па сярэднім ў лістападзе курсе даляра да рубля гэта складала 917 даляраў.
І тут экспэрты памыліліся, прычым вельмі істотна. Варыянт адказу «Больш за 800 даляраў» летась ня выбраў ніводзін з апытаных экспэртаў. Тым ня менш, сярэдні заробак аказаўся менавіта такім - вышэй за самыя сьмелыя чаканьні экспэртаў.
Новы тэрмін Лукашэнкі
Паводле Цэнтральнай выбарчай камісіі (ЦВК) на прэзыдэнцкіх выбарах 2025 году Аляксандар Лукашэнка набраў 86,82% выбаршчыкаў, якія ўзялі ўдзел у галасаваньні.
Гэта рэкордна высокая лічба для гэтага палітыка. Ва ўсіх папярэдніх прэзыдэнцкіх выбарах доля галасоў за яго, агучаная ЦВК, была ніжэйшай за 85%. Выбары ў Беларусі пры Аляксандру Лукашэнку носяць несвабодны і недэмакратычны характар.
Правільны прагноз далі 29% апытаных экспэртаў. Больш за палову прадказвалі, што доля галасоў за Лукашэнку, якую агучыць ЦВК, будзе ў інтэрвале 80–85%, у якім была колькасьць галасоў за Лукашэнку, названая ЦВК на выбарах у 1994, 2006, 2015 і 2020 гадах. Падчас дзьвюх іншых выбарчых кампаніяў — у 2001-м і 2010-м — гэты афіцыйна абвешчаны ўзровень падтрымкі Лукашэнкі складаў менш за 80%.
Колькасьць палітвязьняў
У 2020–2023 гадах колькасьць палітвязьняў штогод павялічвалася. у 2024 годзе яна зьнізілася на 212 чалавек, дасягнуўшы на канец году адзнакі 1265 палітвязьняў.
Паводле дадзеных праваабарончай супольнасьці Беларусі на 30 сьнежня 2025 году за кратамі заставаўся 1131 палітвязень.
Правільны прагноз далі крыху больш за чвэрць апытаных экспэртаў. Пераважная большасьць лічыла, што палітвязьняў будзе менш за тысячу.
Паводле справаздачы праваабарончага цэнтру «Вясна», на працягу 2025 году пры садзейнічаньні ЗША былі памілаваныя 342 чалавекі, выйшлі на волю некалькі знакавых асобаў — Сяргей Ціханоўскі, Віктар Бабарыка, Марыя Калесьнікава, а таксама Алесь Бяляцкі, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі міру, кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна».
Таксама на волю выходзілі палітвязьні ў сувязі з адбыцьцём пакараньня, зьменай меры стрыманьня, прызначэньнем пакараньня, не зьвязанага з пазбаўленьнем волі. Адначасова за мінулы год за краты трапілі 509 новых палітвязьняў. У выніку балянс гэтых супрацьлеглых працэсаў — зьмяншэньне за год колькасьці палітвязьняў, прызнаных праваабарончай супольнасьцю, на 134 чалавекі.
Колькасьць памежных пунктаў паміж Беларусьсю і Эўразьвязам
Колькасьць адкрытых пасажырскіх памежных пераходаў з краінамі-суседзямі Беларусі на канец 2025 году павялічылася ў параўнаньні з канцом 2024 году.
Сёлета Польшча ў верасьні закрывала ўсе пераходы, а таксама чыгуначны таварны транзыт. Аднак у тым самым месяцы пераходы, якія функцыянавалі да верасьнёўскага рашэньня, былі адкрытыя ізноў.
У кастрычніку-лістападзе Літва закрыла ўсе пасажырскія памежныя пераходы ў адказ на прылёты паветраных балёнаў з кантрабандай, якія перашкаджалі паветранаму руху ў раёне віленскага аэрапорту. У лістападзе Вільня аднавіла працу гэтых пераходаў.
17 лістапада сёлета Польшча адкрыла два пункты пропуску Кузьніца Беластоцкая — Брузгі і Баброўнікі — Бераставіца. Іх закрылі некалькі гадоў таму ў адказ на вырак журналісту і актывісту польскай меншасьці Анджэю Пачобуту і на незаконны паток мігрантаў церазь беларуска-польскую мяжу.
Правільны прагноз на канец году дала траціна апытаных. Зусім няшмат — 7% — прадказвалі, што закрыюць і некаторыя пераходы, якія дзейнічалі напрыканцы 2024 году. Гэта і адбылося ў верасьні з боку Польшчы і ў кастрычніку-лістападзе з боку Літвы. Але па выніках году атрымалася павялічэньне колькасьці адкрытых пунктаў пропуску.
Вайна Расеі з Украінай
Вайна ня скончылася. З прыходам да ўлады ў ЗША Дональда Трампа пачаліся інтэнсіўныя перамовы аб міры, але ў 2025 годзе яны не прывялі да перамір'я.
Правільны прагноз дала пераважная большасьць — амаль дзьве траціны апытаных Свабодай экспэртаў.
Перамовы аб міры ва Ўкраіне і Беларусь
Летась адзін з экспэртаў на гэтае пытаньне адказаў «Будуць, але не наўпрост і не афіцыйны Менск». А ў рэальнасьці адказалася, што мірныя перамовы сапраўды пачаліся, і ў іх, хаця і не наўпрост, быў заангажаваны Аляксандар Лукашэнка.
Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп тэлефанаваў яму ў жніўні напярэдадні перамоваў на Аляксцы з Ўладзімірам Пуціным. Ёсьць шматлікія сьведчаньні таго, што Лукашэнка стаў адным з каналаў камунікацыі паміж Белым домам і Крамлём.
Падчас сьнежаньскага візыту ў Менск спэцыяльны пасланьнік ЗША ў Беларусі Джон Коўл заявіў, што Лукашэнка «дапамагае, раіць нам па пытаньні таго, што рабіць з вайной паміж Расеяй і Ўкраінай. Гэта добрыя парады».
Прыкладна траціна экспэртаў прадказала, што прадстаўнікі Беларусі будуць браць удзел у мірных перамовах. Калі лічыць удзелам у перамовах парады іх бакам — яны мелі рацыю. Калі не лічыць — мелі рацыю астатнія 68% экспэртаў.
Заходнія амбасадары ў Менску
11 верасьня сёлета даверчыя лісты ўручыў Аляксандру Лукашэнку амбасадар Славаччыны Ёзаф Мігаш. Спадар Мігаш ужо быў славацкім амбасадарам у Беларусі ў 2016-2020 гадах. У 2020 годзе, у разгар пандэміі ковіду ён узяў удзел у афіцыйным сьвяткаваньні Дня перамогі. МЗС Славаччыны тады асудзіў крок амбасадара і ён падаў у адстаўку. Лукашэнка тады на разьвітаньне ўзнагародзіў Мігаша ордэнам Францыска Скарыны.
Адказваючы на гэтае пытаньне, правільны прагноз дала большасьць экспэртаў. Спадар Мігаш быў адзіным амбасадарам заходняй дзяржавы, які сёлета ўручыў Лукашэнку даверчыя лісты.
Яшчэ ў 2023 годзе, пасьля перамогі на парлямэнцкіх выбарах у Славаччыне партыі Робэрта Фіца, экспэрты ня выключалі, што Братыслава можа накіраваць свайго амбасадара ў Менск.
Пасьля 2020 году даверчыя лісты Лукашэнку ўручалі таксама прадстаўнікі дзьвюх заходніх краінаў — Швайцарыі і Вугоршчыны. Сёлета Злучаныя Штаты вялі перамовы з афіцыйным Менскам аб вяртаньні амбсады, увесь склад якой быў адкліканы ў 2022 годзе, неўзабаве пасьля пачатку поўнамаштабнай вайны Расеі з Украінай.
Абʼяднаны пераходны кабінэт
У траўні сёлета Арцём Брухан сышоў з пасады намесьніка прадстаўніка ў транзыце ўлады ў Абʼяднаным пераходным кабінэце ў сувязі з абраньнем сьпікерам Каардынацыйнай Рады. Ён ачоліў Раду ў сувязі з загадкавым зьнікненьнем ў 2025 годзе сьпікеркі Каардынацыйнай Рады Анжалікі Мельнікавай.
Пераважная большасьць экспэртаў прадказала, што ў 2025 годзе са складу Кабінэту сыйдзе ад аднаго да трох чальцоў. Сышоў адзін чалавек.
З моманту стварэньня Аб’яднанага пераходнага кабінэту ў жніўні 2022 году да 2025 году яго шэрагі пакінулі 7 чалавек: Тацяна Зарэцкая, Аляксандар Азараў, Вольга Гарбунова, Валер Сахашчык, Валер Кавалеўскі, Аліна Коўшык і Арцём Брухан.
Арына Сабаленка ў сусьветным рэйтынгу
У 2025 годзе Арына Сабаленка, як і летась, засталася на першым месцы ў сусьветным рэйтынгу Жаночай тэніснай асацыяцыі . У канцы 2023 году яна займала ў гэтым рэйтынгу другое месца, у 2022 годзе — пятае, у 2021-м — другое.
Сярод экспэртаў не было адмыслоўцаў у спартовай тэматыцы. Таму амаль пятая частка апытаных не дала адказу на пытаньне наконт месца самай вядомай сучаснай беларускай спартоўкі ў рэйтынгу. Правільны прагноз — што яна і ў 2025 годзе застанецца першай — даў кожны дзясяты экспэрт.
***
Хто ўдзельнічаў у апытаньні Радыё Свабода аб прагнозах на 2025 год
41 экспэрт быў апытаны 28 лістапада-15 сьнежня 2024 году мэтадам анкетаваньня. У апытаньні ўзялі ўдзел беларускія, амэрыканскія, літоўскія, нямецкія, францускія, польскія, расейскія і ўкраінскія экспэрты.
- Рыгор Астапеня, доктар паліталёгіі, кіраўнік праекту «Беларуская ініцыятыва» Chatham House
- Тацяна Ашуркевіч, журналістка, дасьледчыца
- Аляксандра Багуслаўская, журналістка, палітычная аглядальніца DW
- Дзьмітры Балкунец, палітычны камэнтатар, грамадзкі дзеяч
- Кацярына Дзяйкала, кандыдатка юрыдычных навук, экспэртка ў галіне міжнароднага права
- Вадзім Дубноў, аглядальнік праекту Радыё Свабода «Эхо Кавказа»
- Грыгоры Ёфэ, былы прафэсар Рэдфардзкага ўнівэрсітэту
- Валер Кавалеўскі, кіраўнік Агенцтва эўраатлянтычнага супрацоўніцтва, былы прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінэту ў міжнародных справах
- Валер Карбалевіч, палітычны аглядальнік Радыё Свабода
- Аляксандар Класкоўскі, палітычны аглядальнік інфармацыйнага агенцтва «Позірк»
- Каміль Клысіньскі, палітоляг, аналітык польскага Цэнтру ўсходніх дасьледаваньняў
- Улад Кобец, дырэктар міжнароднай ініцыятывы iSANS
- Генадзь Коршунаў, сацыёляг, старшы дасьледчык Цэнтру новых ідэяў
- Яўген Крыжаноўскі, доктар паліталёгіі, дасьледчык з Страсбурскага ўнівэрсытэту
- Зьміцер Крук, эканаміст, старшы навуковы супрацоўнік дасьледчага цэнтру BEROC
- Андрэй Лаўрухін, палітоляг, дырэктар па дасьледаваньнях Інстытуту разьвіцьця і сацыяльнага рынку для Беларусі і Ўсходняй Эўропы
- Вольга Лойка, рэдактарка выданьня Plan B
- Зьміцер Лукашук, рэдактар «Эўрапейскага радыё для Беларусі»
- Леў Львоўскі, доктар эканамічных навук, акадэмічны дырэктар дасьледчага цэнтру BEROC
- Яўген Магда, палітоляг, дырэктар Інстытуту сусьветнай палітыкі
- Вадзім Мажэйка, доктар культуралёгіі, палітычны аналітык і кансультант, каардынатар майстэрні думак «Наша Візія»
- Павал Мацукевіч, старшы аналітык «Цэнтру новых ідэяў», былы часовы павераны ў справах Беларусі ў Швэйцарыі
- Аркадзь Мошэс, палітоляг, дырэктар дасьледчых праграмаў Усходняга суседзтва і Расеі ў Фінскім інстытуце міжнародных дачыненьняў
- Сяргей Навумчык, публіцыст, грамадзкі дзеяч
- Міхал Патоцкі, палітычны аглядальнік, журналіст польскага выданьня Dziennik Gazeta Prawna
- Аляксандар Пашкевіч, гісторык, сябра Беларускага інстытуту публічнай гісторыі
- Марына Рахлей, старэйшая супрацоўніца Нямецкага фонду Маршала
- Анастасія Роўда, дырэктарка газэты «Наша Ніва», вядоўца Youtube-каналу TOK_TALK
- Пётра Рудкоўскі, філёзаф, палітычны аналітык
- Леся Руднік, паліталягіня, дырэктарка Цэнтру новых ідэяў
- Максім Самарукаў, палітоляг, навуковы супрацоўнік Бэрлінскага цэнтру Карнэгі па вывучэньні Расеі і Эўразіі
- Павал Сьлюнькін, экспэрт Эўрапейскай рады міжнародных адносін, былы супрацоўнік упраўленьня Эўропы ў МЗС Беларусі
- Яўгенія Сугак, журналістка, аўтарка грамадзка-палітычных Youtube-праектаў «Мне тоже не нравится» i «Часики тикают»
- Роза Турарбекава, кандыдатка гістарычных навук, паліталягіня
- Аляксандар Фрыдман, гісторык, палітычны аналітык
- Віталь Цыганкоў, журналіст Радыё Свабода і вядучы праграмы «Двубой» на Белсаце
- Кацярына Шмаціна, паліталагіня, дасьледчыца Вірджынскага політэхнічнага ўнівэрсытэту ў Вашынгтоне
- Руслан Шошын, журналіст польскай газэты «Rzeczpospolita»
- Арцём Шрайбман, палітычны аналітык, кіраўнік дасьледнага цэнтру Sense Analytics, запрошаны экспэрт Бэрлінскага цэнтру Карнегі па вывучэньні Расеі і Эўразіі
- Вітальд Юраш, журналіст парталу Onet.pl, былы часовы павераны Польшчы ў Беларусі
- Віціс Юрконіс, палітоляг, кіраўнік літоўскага аддзяленьня міжнароднай арганізацыі Freedom House