Сёлета Аляксандр Лукашэнка імкнуўся рэгулярна зьяўляцца на інфармацыйным экране. Часам гэта выглядала штучна, ён абмяркоўваў нейкія дробязныя тэмы. Здаецца, цяпер для яго сам факт зьяўленьня ў публічнай прасторы важнейшы за зьмест ягоных сустрэч, перамоваў ці даручэньняў. Яму важна, каб усе бачылі, што ён знаходзіцца ў добрай працоўнай форме, усё кантралюе, каб ніхто, асабліва чынавенства нічога дрэннага не падумала пра ўзрост ці здароўе, — маўляў, Лукашэнка ўжо ня той.
Прэзыдэнцкія выбары
Ва ўнутранай палітыцы 2025 год не прынёс нейкіх значных пераменаў. Працягваліся трэнды, распачатыя папярэднімі гадамі.
Галоўным фактарам, які ўплываў на ўнутраную палітыку Беларусі, быў так і не пераадолены «сындром 2020 году». Траўма, атрыманая кіраўніцтвам дзяржавы ад тых падзей аказалася такой глыбокай, што стварыла пэўны псыхалягічны комплекс. Гэта вяло да таго, што любыя праблемы ў краіне кіроўная эліта разглядала з гледзішча бясьпекі рэжыму. Аляксандр Лукашэнка паўсюль бачыў пагрозы. І ўся палітыка грунтавалася не на вырашэньні актуальных задач і праблем, якія паўсталі перад краінай, а на неабходнасьці нэўтралізаваць рэальныя ці прыдуманыя пагрозы.
Фармальным рубяжом палітычнага году сталі прэзыдэнцкія выбары. Пасьля 2020 году ўлады сталі ўспрымаць выбары як пагрозу, небясьпеку, узьнік страх перад выбарчым працэсам, як такім. У Лукашэнкі слова «выбары» асацыююцца не з працэсам галасаваньня, а з рэвалюцыяй, дзяржаўным пераваротам. Цалкам натуральна, што ў межах такой лёгікі ўлады разглядаюць выбары як ваенную апэрацыю, разнавіднасьць вайны. На абарону выбарчага працэсу былі мабілізаваныя ўсе сілавыя структуры.
Акрамя ўсіх іншых прычынаў, Лукашэнка зноў балятаваўся на новы тэрмін, каб даказаць усім, што ён пераможца. Прычым, ён асабліва не хаваў гэтага па ходу кампаніі. У асноўны дзень галасаваньня Лукашэнка сабраў на прэсавую канфэрэнцыю замежных журналістаў (раней ніколі так не рабіў), каб прадэманстраваць свой статус пераможцы. Але, хутчэй, ён упэўніваў сам сябе.
Да таго ж, Лукашэнка асабліва не хавае, што ягоная перамога — гвалтоўная. У выніку гэтых выбараў ён часткова набыў дадатковую легітымнасьць. Улада паказала сілу, і тая частка электарату, якая зважае на гэта, не адрынае прымусовую легітымнасьць, прызнала Лукашэнку пераможцам.
Таталітарныя тэндэнцыі
Працягваўся працэс пераходу ад аўтарытарнага рэжыму да таталітарнага. Улады імкнуліся запусьціць мэханізм мабілізацыі ў грамадзтве. Рэч у тым, што ў аўтарытарнай сыстэме, як правіла, пануе лёгіка палітычнай дэмабілізацыі. Рэжым трымаецца на апатыі, дэпалітызацыі, абыякавасьці да паліткі большасьці абывацеляў. А ў таталітарызьме, наадварот, працуе мэханізм мабілізацыі, тут нельга стаяць убаку, гуляць у абыякавасьць, патрэбна дэманстратыўная ляяльнасьць.
Аднак праблема цяперашняй улады палягае ў тым, што маем таталітарную дзяржаву, але не таталітарнае грамадзтва. І, каб запусьціць мэханізмы мабілізацыі, улады выкарыстоўвалі некалькі інструмэнтаў. Найперш, гэта рэпрэсіі.
Важна адзначыць, што ў палітычных рэпрэсіях удзельнічаюць ня толькі сілавыя структуры, але і ўвесь дзяржаўны апарат. Кіраўнікі прадпрыемстваў, устаноў, прычым ня толькі дзяржаўных, павінны сачыць за палітычнай ляяльнасьцю работнікаў, даносіць на іх у «органы». Ставіцца задача замазаць усіх, «павязаць» іх саўдзелам у рэпрэсіях.
Пры гэтым мяжа паміж палітычным і непалітычным перасьледам размытая. Напрыклад, вялікі рэзананс атрымала «справа SoftClub». Пацярпеў ня толькі кіраўнік гэтай структуры патрыярх беларускага ІТ Уладзімір Сіротка, але і некалькі банкіраў.
Вынесены прысуд бізнэсоўцу Юрыю Марозаву, які ў свой час быў дэпутатам Палаты прадстаўнікоў. У Беларусі дэпутацтва — знак палітычнай ляяльнасьці, дэпутатаў, нават былых, як правіла, не чапалі. Цяпер і да іх дайшла чарга.
На пэўны час затрымлівалі вядомага «алігарха» Аляксандра Шакуціна, вельмі блізкага да Аляксандра Лукашэнкі чалавека. Але блізкасьць ня моцна дапамагла. Ягоны бізнэс «адціснулі», сам ён на нейкі час апынуўся за кратамі.
То бок, рэпрэсіі распаўсюджваюцца на ўсё новыя катэгорыі грамадзян. На рыэлтараў, аўдытараў, гідаў, рэпэтытараў, «дармаедаў», супольнасьць ЛГБТ. Гэта стала прыкметай часу.
Гэтая рэпрэсіўная машына набыла інэрцыйную моц. І нават не спыненьне, а проста замаруджваньне яе працы патрабуе пэўных намаганьняў ад Лукашэнкі. Здаецца, гэта стала нечаканым для яго самога. Проста выключыць нейкім тумблерам, ці нават зьменшыць хуткасьць гэтага мэханізму ён ня тое, што не можа, але асьцерагаецца наступстваў.
Невыпадкова сёлета ён некалькі разоў казаў, што, вось, маўляў, мае прыхільнікі не разумеюць, навошта вызваляць палітвязьняў. То бок, у перакладзе на зразумелую мову, сілавікі асьцерагаюцца, што ў выпадку палітычнай «адлігі» яны могуць стаць крайнімі.
Апошнім часам улады імкнуцца прыхаваць маштаб рэпрэсій. Бо іх шырокая рэкляма ў пэўным сэнсе разбурае ідэалягічны канструкт пра стабільнасьць. Паводле афіцыйнай прапаганды, Беларусь — гэта выспа спакою, бясьпекі, міру, стваральнай працы на тле ўсялякіх забурэньняў, якія віруюць вакол. І масавы перасьлед іншадумцаў дрэнна ўпісваецца ў гэтую карціну. У гэтым выпадку казаць пра нейкае «народнае адзінства» ніяк не выпадае.
Мілітарызацыя і ідэалягізацыя
Другім інструмэнтам мабілізацыі грамадзтва была мілітарызацыя. Яна ў асноўным выяўлялася ў дзеяньнях сілавых структур, якія праводзілі розныя вучэньні, зборы, праверкі гатоўнасьці.
Лукашэнка тлумачыў, навошта так агрэсіўна навязваецца тэма памяці пра «Вялікую айчынную вайну». Ягоны адказ даволі просты і адназначны: каб натхніць беларусаў ахвяраваць сабой у новай вайне, якую беларускі правіцель анансуе як непазьбежнасьць. А ворагам, дзеля таго, каб «разьвязаць супраць нас вайну, трэба першым чынам адабраць у нас памяць і галовы».
Але пастаянныя згадкі Лукашэнкі пра 2020 год і «зьбеглых», якіх ён усяляк бэсьціць, дае падставу меркаваць, што тут ідзецца не столькі пра мабілізацыю беларусаў на абарону ад вонкавых ворагаў, колькі пра абарону рэжыму, улады ад унутраных палітычных праціўнікаў. Выступаючы з нагоды Дня Незалежнасьці, Лукашэнка заявіў: «Арэшніку» на зямлі беларускай быць. Каб не дапусьціць мяцяжоў«. Усе думалі, што гэтая ракета прызначаная для барацьбы з вонкавымі ворагамі. А высьвятляецца, што ён зьбіраецца яе прымяніць супраць унутраных апанэнтаў, якія імкнуцца зладзіць «мяцеж». Ракетай па мяцяжу — гэта вяршыня цяперашняй палітычнай думкі ўладаў.
Больш-менш пасьпяхова працэс мабілізацыі адбываўся ў сыстэме адукацыі, рэалізуецца плян ператварыць школы ў ваенна-патрыятычныя клюбы. Мілітарысцкія гульні сягаюць нават у дзіцячыя садкі.
Аднак вялікае пытаньне, ці хопіць часу ў існай сыстэмы давесьці сваю справу да канца, да таго, як Лукашэнка сыдзе.
Трэцім інструмэнтам для вырашэньня задачы мабілізацыі грамадзтва стала імкненьне да ідэалягізацыі грамадзка-палітычных працэсаў.
9 красавіка Аляксандр Лукашэнка падпісаў дырэктыву № 12 «Аб рэалізацыі асноў ідэалёгіі беларускай дзяржавы». Пад выглядам «ідэалёгіі» там зьмешчаны набор звыклых прапагандысцкіх штампаў, якія павінны абгрунтаваць правільнасьць цяперашняй дзяржаўнай палітыкі. У практычнай ідэалягічнай працы ўся разнастайнасьць высокіх слоў зводзіцца да аднаго простага патрабаваньня: трэба хваліць Лукашэнку і палітыку, якую ён праводзіць. Інакш кажучы, дзяржаўная ідэалёгія ў беларускім варыянце мае прыкладны, інструмэнтальны характар.
Дзяржаўная ідэалёгія — гэта яскравая прыкмета таталітарнай дзяржавы. Бо яна манапольна навязваецца дзяржавай грамадзтву з выкарыстаньнем усіх інстытутаў улады, яе абавязаны прызнаваць усе грамадзяне краіны. Навязваньне ўладай сваім грамадзянам ідэалёгіі супярэчыць такім фундамэнтальным прынцыпам дэмакратычнай дзяржавы, як свабода сьветапоглядаў, прыярытэт правоў чалавека.
Важна адзначыць, што нават адносны эфэкт ідэалягічнай працы магчымы толькі ў спалучэньні з інфармацыйнай манаполіяй і палітычным тэрорам.
Тэндэнцыі ў дзяржаўным кіраваньні
У сыстэме дзяржаўнага кіраваньня сёлета можна было зафіксаваць як новыя тэндэнцыі, так і працяг старых, але ў нейкай новай форме. Напрыклад, можна казаць пра крышталізацыю валюнтарызму ў дзейнасьці Лукашэнкі, узмацненьне працэсу пэрсаналізацыі існага рэжыму.
Вось, напрыклад, як праходзіла інаўгурацыя Аляксандра Лукашэнкі. За 30 гадоў сама гэтая працэдура прайшла радыкальную эвалюцыю, памяняла, нават перавярнула свой першапачатковы зьмест і сэнс. Паводле самой сваёй прыроды і функцыі, інаўгурацыя выбранага кіраўніка дзяржавы — гэта ягоная клятва, прысяга на вернасьць народу і Канстытуцыі. Але цяпер высьвятляецца, што прысяга прэзыдэнта на вернасьць народу — гэта толькі першая і ўжо не галоўная частка цырымоніі. Другі і асноўны яе элемэнт — гэта прысяга і клятва вайскоўцаў на вернасьць Лукашэнку. То бок вядомы лёзунг Кастуся Каліноўскага «Не народ для ўрада, а ўрад для народа», Лукашэнка перавярнуў уверх нагамі. Цяпер усё наадварот.
Яшчэ адзін прыклад. Паводле Канстытуцыі ды і нармальнай лёгікі зноў выбраны прэзыдэнт заступае на сваю пасаду і фармуе новы ўрад. Рубяжом, які адлічвае новую прэзыдэнцкую кадэнцыю, зьяўляецца інаўгурацыя. Аднак Лукашэнка сфармаваў урад, не чакаючы гэтай працэдуры. Атрымалася, што Савет міністраў быў сфармаваны асобай з старой легітымнасьцю, атрыманай яшчэ пяць гадоў таму.
Нарэшце Лукашэнка знайшоў ужытак новаму органу дзяржаўнай улады — Усебеларускаму народнаму сходу. Ён ператварыўся ў нейкае палітычнае шоў, якое праводзіцца раз на год, нагадвае тэатар аднаго актора.
Усе гэтыя факты сьведчаць пра тое, што працэдурныя моманты, якія, дарэчы, абапіраюцца на Канстытуцыю і заканадаўства, адкінуты. Яны ў Беларусі не маюць ніякага значэньня. Вырашае воля, жаданьне, часта капрыз аднаго чалавека. Клясыка пэрсаналісцкага рэжыму.
Дубляваньне і зьмешваньне функцый
Новай зьявай дзяржаўнага кіраваньня сёлета стала зьмешваньне функцый, стварэньне паралельных інстытуцый, надзяленьне дзяржаўных органаў і высокіх чыноўнікаў паўнамоцтвамі па-за межамі іх статутных абавязкаў.
Некалькі прыкладаў. Паводле правілаў і ўжо сфармаванай традыцыі, падборкай кадраў павінна займацца прэзыдэнцкая адміністрацыя на чале зь Дзьмітрыем Крутым. Аднак высьветлілася, што свайму штабу Лукашэнка не давярае. Для фарміраваньня новага ўрад у пачатку году Лукашэнка аб’явіў аб стварэньні нейкай адмысловай камісіі, пра працу якой не было ніякай інфармацыі.
20 лістапада Лукашэнка выказаў незадаволеньне кіраўніку сваёй адміністрацыі Крутому наконт працы з падборам кадраў, заявіўшы пра «неабходнасьць узмацніць гэты кірунак» і стварыць «савет нейкі». Зноў жа невядома, ці рэалізавалася на практыцы гэтая ідэя.
А падчас абмеркаваньня праграмы разьвіцьця Беларусі на 2026–2030 гады зьявіліся два праекты гэтага дакумэнта, якія распрацавалі дзьве асобныя групы чыноўнікаў. Адзін праект распрацаваў урад на чале з Аляксандрам Турчыным. Што цалкам лягічна, Бо менавіта ён адказвае за сацыяльна-эканамічныя працэсы ў краіне.
А вось другі праект распрацавала ў пэўным сэнсе «левая» каманда. Па даручэньні Лукашэнкі пры Нацбанку ствараецца адмысловая рабочая група на чале з кіраўніком банку Раманам Галоўчанкам, якая мусіла аналізаваць эканамічную сытуацыю і распрацаваць свой праект праграмы новай пяцігодкі. Гэтая праца выходзіла за межы паўнамоцтваў Нацбанку.
Шмат пісалася пра тое, што Міністэрства замежных справаў губляе свае паўнамоцтвы. Напрыклад, за адносіны з Захадам адказвае старшыня КДБ Іван Тэртэль.
Пракуратура на чале з ужо былым кіраўніком Андрэем Шведам у сваёй дзейнасьці далёка выходзіла за межы сваіх звычайных функцый. Яна не толькі курыравала хаду палітычных рэпрэсій, але шмат у чым уплывала на ідэалёгію рэжыму, сыстэму адукацыі, падрыхтавала школьны падручнік па «генацыдзе беларускага народу».
Швед узначальвае сумна вядомую камісію па вяртаньню беларусаў з эміграцыі. Цяпер функцыі яе пашырыліся, яна вызначае, каго з спартоўцаў, якія пратэставалі супраць гвалту, можна дапусьціць да спаборніцтваў ці працы. Камісія на чале з генпракурорам дае рэкамэндацыі Лукашэнку наконт кандыдатур палітвязьняў, якіх можна вызваліць. Гэта пры тым, што здаўна існуе камісія па памілаваньні на чале з намесьніцай кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта Вольгай Чупрыс, якую ніхто не распускаў.
І такіх прыкладаў шмат. У прыватнасьці, моцна пашыраны паўнамоцтвы сілавых структур. Вось МУС адказвае за тое, каб на аўтазапраўках не было чэргаў, а таксама змагаецца з паморкам жывёлы, з «дармаедамі».
Мэханізм ручнога кіраваньня і кадравыя ратацыі
Навошта ўсё гэта робіцца? Падаецца, Лукашэнка штучна стварае такую сытуацыю, калі перамешваюцца функцыі і паўнамоцтвы розных дзяржаўных органаў і чыноўнікаў. Бо калі ўсе інстытуцыі працуюць строга паводле законаў, статутаў, правілаў і інструкцый, то гэта амаль прававая дзяржава. Тады сыстэма працуе на аўтамаце, і не патрэбен мэханізм ручнога кіраваньня. То бок, не патрэбен сам інстытут усеўладнага правадыра. У такой сыстэме Лукашэнка лішні. Ня трэба езьдзіць па краіне, вучыць неразумных кіраўнікоў і работнікаў калі варта сеяць, а калі жаць, як будаваць масты і закладаць сянаж.
Надзяляючы дзяржаўныя органы і чынавенства неўласьцівым ім функцыямі, загружаючы чужой працай, Лукашэнка падвышае свой статус, сваю ролю. Ён увесь час дэманструе, што крыніцай іх улады зьяўляецца не закон, а ягоны загад.
Акрамя таго, такімі дзеяньнямі Лукашэнка запускае штучны канфлікт у намэнклятурным асяродзьдзі. Вось няхай спрачаюцца ўрад і Нацбанк, чый праект праграмы лепшы. І, зразумела, адзіным арбітрам у гэтай сутычцы будзе Лукашэнка, да яго будуць апэляваць канкурэнтныя групы. І рэалізуецца вялікі прынцып усіх часоў і народаў: «падзяляй і ўладар».
Праблема ў тым, што без Лукашэнкі сыстэма дзяржаўнага кіраваньня можа апынуцца ў ступары. Бо адзіная крыніца ўлады зьнікне, а па-іншаму ўладныя мэханізмы працаваць не прывучаны.
Калі казаць пра кадравую палітыку, то гэтым годам пашырылася практыка перамяшчэньня высокіх чыноўнікаў па гарызанталі, з адной пасады на іншую, прыкладна роўную па важкасьці і ўплывовасьці. Першая намесьніца кіраўніка Адміністрацыі Лукашэнкі Натальля Пяткевіч прызначана віцэ-прэм’ерам па сацыяльных пытаньнях. Ўладзімер Каранік быў віцэ-прэм’ерам, стаў старшынёй Прэзыдыюму Нацыянальнай акадэміі навук. Міністар энэргетыкі Аляксей Кушнарэнка прызначаны старшынём Менскага аблвыканкаму. Памочніка Лукашэнкі па Берасьцейскай вобласьці Валерыя Вакульчыка перамясьцілі на пасаду кіраўніком апарату Савета Міністраў. Генпракурора Андрэя Шведа прызначылі старшынём Вярхоўнага суду. Кіраўніка Сьледчага камітэту Дзьмітрыя Гару перамясьцілі на пасаду генэральнага пракурора.
Рабіць такія ратацыі — гэта ў стылі Лукашэнкі. Ён лічыць, што, калі высокі чыноўнік доўгі час займае сваю пасаду, то расьце ягоная адміністрацыйная вага, і гэта можа падштурхнуць яго да палітычных амбіцый. Але тое, што такая практыка пашыраецца, сьведчыць пра кадравы дэфіцыт.
Фэномэн сацыяльных сетак
Сёлета выявілася яшчэ адна тэндэнцыя. Як вядома, адна з галоўных праблем аўтакратый палягае ў адсутнасьці зваротнай сувязі з грамадзтвам. Дыктатарскі рэжым разбурае ўсе мэханізмы, з дапамогай якіх насельніцтва магло б даводзіць да ўладаў свае інтарэсы, праблемы, настроі. У выніку ўлады рэгулярна «падстаўляецца», робіць крокі, якія выклікаюць абурэньне людзей.
Здавалася б, улады забэтанавалі ўсе шчыліны, праз якія можа пратачыцца незадаволенасьць. Аднак наш час адрозьніваецца ад эпохі клясычнага таталітарызму, калі ўладныя радыёэлектронныя мэдыі працавалі ў адзін бок, спажыўцы прапаганды ня мелі магчымасьці выказаць свае думкі. Інфармацыйная эпоха, як бы тое ні было, шмат што мяняе.
Тут мы маем фэномэн сацыяльных сетак, зь якімі рэжым нічога пакуль не можа зрабіць. Гэта такая шчыліна, аддушына, празь якую так ці інакш праточваюцца грамадзкія настроі, як бы гэтую віртуальную прастору ні імкнуліся кантраляваць.
У выніку людзі выказваюць сваё абурэньне праблемамі, якія для ўладаў выявіліся нечаканымі. Моцна зачапіла народ гісторыя пра 150 тысяч пакістанцаў, якіх нібыта зьбіраюцца завезьці ў краіну. Потым дэфіцыт бульбы раптам стаў прадметам розгаласу і кпінаў.
Адказ уладаў на нэгатыўныя камэнтарыі беларусаў у сацыяльных сетках быў чаканы, стандартны. Гэта рэпрэсіі. Людзей сталі затрымліваць, прымушаць выступаць у «пакаяльных відэа». Але адначасова Лукашэнка адчуў, што гэтыя тэмы закранулі нейкія хваравітыя нэрвовыя вузлы грамадзтва, таму спрабуе апраўдацца.
Такія крызісныя моманты ўвесь час будуць зьяўляцца. А ва ўмовах жорстка структураванага, герархічнага рэжыму, празьмернай ідэалягізаванасьці грамадзкага жыцьця любая лякальная, сацыяльная праблема непазьбежна становіцца палітычнай. З усімі непрыемнымі для ўладаў наступствамі.
Форум