Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новым кіраўніком Сьледчага камітэту стаў Бычак з КДБ, а яго папярэднік ачоліў Генэральную пракуратуру

абноўлена

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Аляксандар Лукашэнка правёў ратацыю ў сілавых органах краіны.

Як паведаміў Telegram-канал «Пул Первого», новым старшынём Сьледчага камітэту стаў Канстанцін Бычак, які да гэтага ачольваў сьледчае ўпраўленьне КДБ.

Дзьмітры Гара, які ачольваў Сьледчы камітэт, цяпер стаў генэральным пракурорам Беларусі.

Прызначаючы яго, Лукашэнка заявіў, што «пракуратура павінна быць сапраўдным штабам».

«І ня толькі па барацьбе з карупцыяй. Пракуратура павінна ўзяць на сябе шэраг паўнамоцтваў, якія цяпер ускладзеныя ці нейкім чынам перанесеныя на апарат Савета Бясьпекі», – сказаў ён, але не ўдакладніў, якія паўнамоцтвы мае на ўвазе.

19 сьнежня енэральнага пракурора Беларусі Андрэя Шведа прызначылі новым старшынём Вярхоўнага суду Беларусі замест Валянціна Сукала.

Якія справы ў КДБ курыраваў новы кіраўнік Сьледчага камітэту

Канстанцін Бычак у часе сваёй службы начальнікам Сьледчага ўпраўленьня КДБ вёў шмат рэзанансных спраў і асабіста дапытваў фігурантаў палітычных спраў.

У прыватнасьці вядома, што ён дапытваў беларускага добраахвотніка Васіля Грачыху, якому прысудзілі 5 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму за тое, што ён ваяваў «без упаўнаважаньня дзяржавай». Васіля Грачыху затрымалі 1 траўня 2025 году, але невядома дзе. Дзяржаўная тэлевізія паказвала сюжэт, у якім яго нібыта затрымалі ў балоцістай мясцовасьці некалькі супрацоўнікаў КДБ з аўтаматамі, а перавозілі гелікоптэрам зь мяшком на галаве. Паводле БТ, Грачыха ў пачатку 2022 году паехаў на заробкі ў Польшчу, а адтуль ужо трапіў ва Ўкраіну.

Бычак курыраваў справу грамадзяніна Японіі Наканісі Масатосі, якога затрымалі ў ліпені 2024 году. Пра гэта стала вядома 5 верасьня з рэпартажу «Правал «самурая« з Токіё» на дзяржаўным тэлеканале «Беларусь 1». Бычак сьцьвярджаў, што замежнік на тэрыторыі Беларусі займаўся зборам і перадачай на адрас японскіх спэцслужбаў «выведніцкай інфармацыі вайсковага характару, у прыватнасьці, пра беларускую вайсковую інфраструктуру, перамяшчэньне войскаў і вайсковай тэхнікі, пра цяперашнюю сытуацыю на паўднёвым кірунку».

Сярод справаў, якія Бычак кантраляваў і агучваў для дзяржаўных СМІ іх расьсьледаваньне, – выяўленьне на беларускай тэрыторыі «сеткі ўкраінскіх агентаў», якія нібыта займаліся перакіданьнем выбуховых рэчываў і зброі.

Што вядома пра Гару

Дзьмітры Гара ўжо працаваў у пракуратуры — зь сьнежня 2019 да сакавіка 2021 году быў намесьнікам генэральнага пракурора Беларусі. Да Генэральнай пракуратуры ён ачольваў сьледчае ўпраўленьне КДБ (2009–2019).

Паводле неафіцыйнай інфармацыі, нібыта ачольваў міжведамасную камісію па праверцы фактаў зьдзекаў і жорсткага абыходжаньня з затрыманымі на пратэстах грамадзян.

У статусе старшыні Сьледчага камітэту ўваходзіў у так званую камісію «па вяртаньні», якую ачольваў тагачасны генэральны пракурор Андрэй Швед. Камісія ўхвальвала рашэньні аб магчымасьці вярнуцца ў Беларусь грамадзянам Беларусі, якія мелі «адміністрацыйныя правапарушэньні» і ўдзельнічалі ў акцыях пратэсту.

Дзьмітры Гара рэалізаваў усе палітычныя ўказаньні аб выяўленьні «экстрэмістаў» і «экстрэмісцкіх» фарміраваньняў, а таксама аб завочным перасьледзе лідэраў і прадстаўнікоў дэмакратычных сіл, якія выехалі за мяжу.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Людміла Чэкіна
XS
SM
MD
LG