Сілавікі перад выбарамі ў Беларусі адпрацавалі затрыманьне пратэстоўцаў і іншыя «сцэнары 2020 году»

Фота з вучэньняў 20 лістапада
Фота з вучэньняў 20 лістапада

Падчас чарговага этапу камандна-штабных вучэньняў пад кіраўніцтвам міністра ўнутраных спраў Івана Кубракова сілавікі 20 лістапада адпрацавалі сцэнары «ўскладненьня апэратыўнай абстаноўкі падчас электаральнай кампаніі», паведаміла прэс-служба МУС.

Паводле Кубракова, гаворка ідзе, у прыватнасьці, пра «блякаваньне праезнай часткі, групавыя парушэньні грамадзкага парадку, затрыманьні ўдзельнікаў несанкцыянаваных мерапрыемстваў, а таксама злачынцаў, якія захапілі транспарт экстраных службаў».

«Сёньня адпрацавалі эпізоды, якія адбываліся ў рэспубліцы ў 2020 годзе, а таксама тыя, што мелі месца ў іншых краінах. Бо ў нас пачыналася ўсё з банальнага — чэргаў на выбарчыя ўчасткі. Яны штучна ствараліся, каб сабраць людзей і потым вывесьці іх на цэнтральныя вуліцы, перакрываць дарогі», — заявіў Іван Кубракоў.

Кіраўнік МУС зазначыў, што ў першую чаргу правяралі гатовасьць супрацоўнікаў і тэхнікі «да любых магчымых варыянтаў разьвіцьця падзеяў».

Паведамляецца, што ў мерапрыемстве ўзялі ўдзел дзяржсакратар Савету бясьпекі Аляксандар Вальфовіч, першая намесьніца кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі Натальля Пяткевіч, міністар па надзвычайных сытуацыях Вадзім Сіняўскі, старшыня Сьледчага камітэту Дзьмітры Гара, старшыня Дзяржаўнага камітэту судовых экспэртызаў Аляксей Волкаў, а таксама намесьнікі міністра ўнутраных спраў і начальнікі ГУУС Менгарвыканкаму і абласных УУС, прадстаўнікі дзяржаўных органаў.

19 лістапада сілавікі адпрацоўвалі «альгарытмы спыненьня парушэньняў заканадаўства на ўчастку для галасаваньня», правяралі гатоўнасьць сілавікоў і прадстаўнікоў дзяржаўных органаў да дзеяньняў «пры ўзьнікненьні няштатных сытуацый», у тым ліку «замахаў на сябраў выбарчых камісіяў».

Іван Кубракоў напярэдадні заявіў, што трэніроўкі праходзяць па ўсёй Беларусі і што ў ведамстве «прааналізавалі і зрабілі высновы з падзеяў 2020 году». Вучэньні з удзелам «суб’ектаў дзяржаўнай сыстэмы рэагаваньня» праводзяцца 19–22 лістапада.

Працэс падрыхтоўкі да сёмых прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі , прызначаных на 26 студзеня 2025 году, праходзіць пад поўным кантролем уладаў.

Папярэднія выбары 9 жніўня 2020 году прайшлі ва ўмовах масавых фальсыфікацыяў і адзначыліся самымі масавымі пратэстамі і за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі і іх жорсткім сілавым разгонам.

​
XS
SM
MD
LG