Раніцай 30 сьнежня беларускае і расейскае міністэрствы абароны прадэманстравалі відэа з кадрамі нібыта «заступленьня на баявое дзяжурства» ў Беларусі ракетнага комплексу «Арэшнік». Свабода сабрала рэакцыі экспэртаў і паспрабавала разабрацца ў дэталях таго, што засталося «па-за кадрам».
За некалькі дзён да публікацыі расейскага відэа амэрыканскія дасьледчыкі зь Мідлбэрыйскага каледжа на падставе спадарожнікавых здымкаў назвалі былы вайсковы аэрадром «Крычаў-6» магчымым месцам разьмяшчэньня комплексу «Арэшнік» (“Орешник» у арыгінале. — РС). Свабода праверыла гэтыя высновы, супаставіла іх з афіцыйнымі кадрамі, сабрала ацэнкі незалежных экспэртаў і паспрабавала разабрацца, што насамрэч азначае гэтае разгортваньне — з вайсковага і палітычнага гледзішча.
«Арэшнік» — гэта расейскі мабільны ракетны комплекс сярэдняй далёкасьці, які, як лічаць экспэрты, створаны на базе распрацаванай раней міжкантынэнтальнай ракеты «Ярс». За кошт скарочанай колькасьці разгонных ступеняў «Арэшнік» меншы па памерах і мае меншую дыстанцыю прымяненьня — каля 5 тысяч кілямэтраў. Расея ўпершыню магла выкарыстаць ракету гэтага комплексу 21 лістапада 2024 года, пры ўдары па прадпрыемству «Південмаш» у Дняпры на ўсходзе Ўкраіны. Прадпрыемства тады было пашкоджанае, а ў горадзе загінулі і былі параненыя людзі.
Пра магчымасьць разьмяшчэньня расейскага ракетнага комплексу «Арэшнік» у Беларусі было заяўлена публічна на сустрэчы Пуціна і Лукашэнкі напрыканцы 2024 году. Вызначаны тэрмін — другая палова 2025 года. Рашэньне пра разьмяшчэньне комплексу ў Беларусі нібыта прынялі ў адказ на просьбу Аляксандра Лукашэнкі. Тады ж, па ягоных словах, кіраўнік Беларусі паставіў умову Пуціну, што цэлі будуць вызначацца «у Беларусі, а не расіянамі».
Заява пра тое, што Беларусь нібыта зможа самастойна вызначаць цэлі для комплексу «Арэшнік», зьявілася ў мэдыя сёлета ў сьнежні пасьля інтэрвію міністра абароны Беларусі Віктара Хрэніна кітайскаму тэлеканалу. Аднак у той жа дзень дзяржаўнае расейскае навіновае агенцтва ТАСС анулявала гэты матэрыял, прызнаўшы яго памылковым.
На прадэманстраваных 30 сьнежня Міністэрствам абароны Беларусі кадрах «заступленьня на баявое дзяжурства» ракетнага комплексу «Арэшнік» і ганаровага пастраеньня на пляцы Свабода не заўважыла ніводнага беларускага вайскоўца. Кіруе афіцыйным мерапрыемства на трыбуне неназваны расейскі падпалкоўнік, падпісаны намесьнікам камандзіра вайсковай часткі ўзброеных сілаў Расейскай Фэдэрацыі. Сярод узьнятых сьцягоў адзін дзяржаўны беларускі і тры расейскія: дзяржаўны сьцяг Расеі, сьцяг Міністэрства абароны Расеі, сьцяг расейскіх войскаў стратэгічнага прызначэньня.
Як высьветліла Свабода, расейскім падпалкоўнікам, які камандаваў афіцыйным мерапрыемствам у Беларусі, мог быць расейскі вайсковец Раман Астраушка (Роман Остроушко). У 2021 годзе ён быў камандзірам ракетнага дывізіёна 54-ай ракетнай дывізіі з горада Тэйкава.
Гэтае падразьдзяленьне адносіцца да Ракетных войскаў стратэгічнага прызначэньня Расеі і знаходзіцца прыкладна за 200 кілямэтраў на паўночны ўсход ад Масквы. Расейскія дзяржаўныя мэдыя неаднаразова называлі Тэйкаўскі ракетны дывізіён часткай «ядзернага шчыта» краіны. На ўзбраеньні падразьдзяленьня стаяць міжкантынентальныя балістычныя ракетныя комплексы «Ярс».
Сьпешнае будаўніцтва на закінутым вайсковым аэрадроме пад Крычавам
26 сьнежня 2025 года амэрыканскія дасьледчыкі Мідлбэрыйскага каледжа вызначылі верагоднае месца размяшчэньня комплексу «Арэшнік» на тэрыторыі Беларусі — былы вайсковы аэрадром «Крычаў-6», разьмешчаны за некалькі кілямэтраў ад беларуска-расейскай мяжы. Вывучаныя дасьледчыкамі спадарожнікавыя здымкі паказалі хуткае будаўніцтва ў гэтым месцы некалькіх новых будынкаў, пачынаючы ад жніўня 2025 года, а таксама поўнай рэканструкцыі чыгуначных шляхоў і станцыі.
«Найважнейшым сьведчаньнем зьяўляецца тое, што будаўнічыя брыгады цалкам аднавілі чыгуначны вакзал, які абслугоўваў былы аэрадром, што зьяўляецца важкай прыкметай таго, што гэта месца будзе выкарыстоўвацца расейскімі ракетнымі войскамі стратэгічнага прызначэньня (РВСП)», — адзначылі дасьледчыкі.
У часы Савецкага саюзу на вайсковым аэрадроме «Крычаў-6» месьціўся 28-ы зьнішчальна-авіяцыйны полк. Ён уваходзіў у склад Маскоўскай акругі супрацьпаветранай абароны і меўся тады абараняць Маскву.
Як заяўляў летась у сьнежні Аляксандар Лукашэнка, для разьмяшчэньня «Арэшніка» у Беларусі разглядаліся якраз пляцоўкі, дзе ў савецкія часы маглі знаходзіцца стратэгічныя ядзерныя ракеты. Ён агучыў, што ведае пра 30 такіх кропак па краіне. Празь месяц ён удакладніў, што разглядаюцца месцы паблізу Смаленскай вобласьці Расеі.
Усе гэтыя факты толькі пацьвердзілі здагадку амэрыканскіх дасьледчыкаў.
Як высьветліла Свабода, для таго, каб пачаць будаўніцтва на тэрыторыі былога вайсковага аэрадрома пад Крычавам, у жніўні 2025 года ўладам Беларусі прыйшлося зьнесьці адно з невялікіх прыватных прадпрыемстваў у вытворчасьці драўнянага вуглю «Углеград».
«Углеград» запусьцілі ў 2020 годзе наўпрост тамсама, дзе пазьней разьвернецца вайсковая будоўля, на узьлётна-пасадачнай паласе. Тады ж абласныя ўлады называлі гэтае прадпрыемства адным з найбольш значных праектаў для рэгіёна. Тут працавалі некалькі дзясяткаў мясцовых жыхароў. Пра далейшы лёс вытворчасьці нічога не вядома. Але будаўніцтва вялі так хутка, што выпальвальныя печы прадпрыемства знаходзіліся тут прынамсі да канца лістапада. Ад закладкі ў верасьні падмуркаў да дэманстрацыі гатовых будынкаў на відэа прайшло толькі 3 месяцы.
Зь дзьвюх незалежных адна ад адной крыніцаў Свабодзе таксама стала вядома, што на вуліцах Крычаву апошнім часам пачалі заўважаць расейскіх вайскоўцаў.
Верыфікацыя месца зь відэа міністэрства абароны Расеі
Свабода атрымала спадарожнікавы здымак былога вайсковага аэрадрому пад Крычавам, зроблены з 16 лістапада 2025 года. Мы супаставілі яго зь відэа, апублікаваным беларускім і расейскім міністэрствамі абароны. Разьмяшчэньне будынкаў, а таксама іх расфарбоўка цалкам супадаюць і паказваць на тое, што відэа сапраўды магло быць зьнятае ў гэтым месцы.
Невялікая колькасьць сьнегу на афіцыйным відэа можа сьведчыць пра тое, што здымка вялася за некалькі дзён да публікацыі. Цяпер вышыня сьнегу ў гэтых месцах большая.
На спадарожнікавых здымках больш нізкай якасьці за 24 сьнежня 2025 года бачна, што тэрыторыя вайсковага аб’екта, прадэманстраваная на відэа, яшчэ не добраўпарадкаваная, будаўнічыя працы тут працягваюцца. А на кадрах зь відэа на адным з будынкаў бачныя невялікія фабрычныя налепкі на кожным са шклопакетаў. Гэта можа сьведчыць аб тым, што вокны ўсталявалі нядаўна.
Сьпешнае будаўніцтва і дэманстрацыю гэтага вайсковага аб’екта заўважыў і Дэкер Эвэлет (Decker Eveleth) — амэрыканскі аналітык у адкрытых дадзеных і спадарожнікавых здымках, супрацоўнік CNA, які разам зь іншымі дасьледчыкамі вызначыў гэтае месца як магчымую пляцоўку для разгортваньня комплексу «Арэшнік». У сацыяльных сетках ён зьмясьціў такі допіс:
«Цяпер усё гэтае разгортваньне ажыцьцяўляецца пасьпешліва, каб выканаць заяву Лукашэнкі аб тым, што ракета будзе ўведзеная ў эксплюатацыю да канца года. Хутчэй за ўсё, гэта хлусьня — мы ня бачылі ракету, і аб’екты падтрымкі яшчэ нават не завершаныя».
«Ракету нам не паказалі. Гэта факт»
Свабода зьвярнулася па камэнтар да Паўла Подзьвіга, старшага навуковага супрацоўніка Інстытуту дасьледаваньня праблем раззбраеньня ААН у Жэнэве і кіраўніка праекту Russian Strategic Nuclear Forces. Ён прааналізаваў відэа, апублікаванае Міністэрствам абароны Расеі, а таксама месца магчымага разьмяшчэньня комплексу «Арэшнік» пад Крычавам.
У камэнтары Свабодзе экспэрт адзначыў, што на апублікаваных кадрах сапраўды бачная цырымонія заступленьня на баявое дзяжурства, аднак пры гэтым паказаныя толькі некалькі машын з тэхнічнага забесьпячэньня комплексу, а ня самая пускавая ўстаноўка з ракетай: «Ракету нам не паказалі. Гэта факт».
Паводле Подзьвіга, адсутнасьць самага галоўнага кампанэнту можа тлумачыцца меркаваньнямі сакрэтнасьці. Гэта значыць, дакладна сказаць пра поўнафарматнае разгортваньне ў Беларусі ракетнага комплексу «Арэшнік» нельга: «Штосьці там, безумоўна, адбываецца, але сумневы ў тым, што гэта рэальнае разгортваньне рэальных ракетных комплексаў, пакуль застаюцца».
Экспэрт таксама зьвяртае ўвагу, што на відэа адсутнічаюць ключавыя прыкметы сталай ракетнай базы, у тым ліку інфраструктура для захоўваньня і абслугоўваньня самой ракеты. Паводле яго, гэта дазваляе дапусьціць сцэнар, пры якім частка тэхнікі і асабовага складу ўжо разгорнутая, але самая ракета можа пакуль не знаходзіцца на месцы.
Гэтую ацэнку падзяляюць і амэрыканскія дасьледчыкі. Як мяркуюць аналітыкі, у тым ліку згаданы вышэй Дэкер Эвэлет, аб’ект пад Крычавам выглядае як тэхнічная база батальённага ўзроўню, у той час як месца пастаяннай дысьлякацыі палка можа заставацца па-за межамі выяўленай пляцоўкі — у Беларусі або на тэрыторыі Расеі.
Аналізуючы палітычны кантэкст, Павел Подзьвіг падкрэсьлівае, што гісторыя з «Арэшнікам» у Беларусі мае перш за ўсё палітычны характар. З вайсковага пункту гледжаньня, паводле экспэрта, няма прынцыповай розьніцы, будзе такі комплекс разьмешчаны ў Беларусі ці на тэрыторыі Расеі.
Пры гэтым экспэрт падкрэсьлівае, што комплекс застанецца пад кантролем расейскіх Ракетных войскаў стратэгічнага прызначэньня, а ўдзел Беларусі абмяжоўваецца прадастаўленьнем тэрыторыі: «Гэта расейскія часткі. Я практычна цалкам упэўнены ў тым, што беларускія вайскоўцы нідзе там ня ўдзельнічаюць». Гэта пацьвярджаюць і кадры Міністэрства абароны Расеі, на якіх бачны сьцяг расейскіх войск стратэгічнага прызначэньня, а не беларускіх падразьдзяленьняў.
Разам з тым, як адзначае Дэкер Эвэлет, «нам варта ўстрымацца ад таго, каб ужо цяпер абвяшчаць гэтае разгортваньне проста палітычным жэстам, пакуль ня стане зразумелым ягоны поўны характар».
Форум