Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каралева прыпыніць працу парлямэнту напярэдадні Brexit. Што адбываецца ў Брытаніі

абноўлена

Борыс Джонсан. Архіўнае фота
Борыс Джонсан. Архіўнае фота

Каралева Вялікабрытаніі Лізавета II пагадзілася прыпыніць працу парлямэнту — на просьбу прэм’ер-міністра Борыса Джонсана. Перапынак у працы дэпутатаў пачнецца з другога тыдня верасьня і будзе доўжыцца да 14 кастрычніка. Гэта можа дазволіць ураду Борыса Джонсана пераадолець супраціў дэпутатаў, якія спрабуюць перашкодзіць яго намеру вывесьці краіну з ЭЗ без пагадненьня.

Прэм’ер-міністар Борыс Джонсан заявіў, што прамова каралевы, у якой традыцыйна абвяшчаюцца заканадаўчыя пляны ўраду, будзе прызначаная на 14 кастрычніка, толькі за два тыдні да даты Brexit, прызначанага на 31 кастрычніка. Увесь гэты час парлямэнт будзе бязьдзейнічаць. Пры гэтым Джонсан сьцьвярджае, што рашэньне прыпыніць працу парлямэнту не зьвязана з Brexit.

Спікер палаты абшчын Джон Беркоў назваў дзеяньні ўраду «канстытуцыйным самавольствам»:

— Як бы гэта ні падавалася, цалкам відавочна, што мэта гэтага — перашкодзіць дэпутатам абмеркаваць Brexit і выканаць свае абавязкі па фармаваньні курсу краіны... Гэта замах на дэмакратычны працэс і права парлямэнтарыяў як абраных прадстаўнікоў народу.

Апазыцыя мае намер аспрэчыць дзеяньні ўраду ў судзе. Большасьць дэпутатаў у цяперашнім парлямэнце выступаюць супраць так званага «цьвёрдага» Brexit і рыхтуюцца да сэсіі ў верасьні альбо прыняць законы, якія забараняюць ураду зрабіць яго, альбо адправіць урад у адстаўку.

  • Джонсан — адзін з лідэраў кампаніі за выхад з ЭЗ — стаў прэмʼер-міністрам у ліпені, пасьля таго як перамог на ўнутраных выбарах кіруючай Кансэрватыўнай партыі ўсьлед за адстаўкай ранейшага прэмʼера Тэрэзы Мэй. Мэй дасягнула з ЭЗ пагадненьня, аднак яно не было падтрымана ў парлямэнце, і яна сышла з пасады прэмʼера.
  • Фармальна ва ўрада Джонсана мінімальная большасьць у парлямэнце, аднак нават у яго партыі ёсьць значная колькасьць дэпутатаў, якія выступаюць супраць Brexit без пагадненьня, і яны гатовыя абʼяднацца з апазыцыяй, каб перашкодзіць яму.
  • Афіцыйна Джонсан кажа, што хацеў бы дасягнуць пагадненьня з ЭЗ аб Brexit, аднак ён высунуў практычна непрымальныя ўмовы ЭЗ — адмовіцца ад так званага «бэкстопа», сыстэмы захадаў, якія прадухіляць зьяўленьне рэальнай мяжы паміж Ірляндыяй і Паўночнай Ірляндыяй. Гэтая праблема апынулася адной з ключавых супярэчнасьцяў пры абмеркаваньні Brexit.

І ў любым выпадку, настойвае Джонсан, Брытанія пакіне ЭЗ 31 кастрычніка. Гэта рэзка павышае верагоднасьць выхаду без пагадненьня.

Лейбарысты і іншыя апазыцыйныя партыі, а таксама частка дэпутатаў торы пачалі кансультацыі, як прадухіліць гэта разьвіцьцё падзей: напярэдадні было вырашана, што парлямэнт паспрабуе прыняць закон, які абавязвае адкласьці Brexit для пошуку новага пагадненьня з ЭЗ, і затым, магчыма, прагаласуе аб недаверы ўраду, каб адправіць яго ў адстаўку і правесьці новыя выбары.

Але калі праца парлямэнту будзе прыпыненая, у дэпутатаў застанецца ўсяго некалькі дзён, каб заблякаваць выхад без угоды. Прыпыненьне працы парлямэнту выклікала палітычны і канстытуцыйны крызіс.

Урад Джонсана заяўляе, што парлямэнт абавязаны прытрымлівацца волі выбаршчыкаў, якія выказаліся за выхад Брытаніі з ЭЗ. Апазыцыя кажа, што перад рэфэрэндумам ніхто не казаў выбаршчыкам, што гаворка ідзе пра Brexit без пагадненьня, які, паводле ацэнак экспэртаў і самога ўраду, нанясе моцны ўдар па эканоміцы і прывядзе да перабояў у пастаўках мэдыкамэнтаў, ежы і іншых тавараў. Найбуйнейшая апазыцыйная партыя, лейбарысты, выступае за новы рэфэрэндум аб умовах Brexit.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG