Кіраўнік ГУР Кірыл Буданаў 1 студзеня апублікаваў відэа размовы з Капусьціным і павіншаваў «каманду ГУР, якая пакінула ў дурнях спэцслужбы РФ».
Аб гібелі Капусьціна 27 сьнежня паведаміў «Рускі добраахвотніцкі корпус», падразьдзяленьне ў складзе УСУ, у якім у асноўным ваююць расейцы, якія выступаюць супраць палітыкі Пуціна. У Расеі гэтае падразьдзяленьне ў 2024 годзе было прызнана ФСБ «тэрарыстычнай арганізацыяй і забаронена».
Сам Капусьцін, нацыяналіст, футбольны фанат і арганізатар турніраў па баях без правілаў, яшчэ ў 2023 годзе быў у Расеі завочна прыгавораны да пажыцьцёвага тэрміну па артыкулах аб дзяржздрадзе, замаху на тэракт за арганізацыю дывэрсіі ў Бранскай вобласьці, навучаньні тэрарыстычнай дзейнасьці, стварэньні тэрарыстычнай супольнасьці і набыцьці выбухоўкі.
РДК у сьнежні паведаміў, што Капусьцін загінуў «падчас выкананьня баявой задачы на Запарожскім напрамку» ў выніку ўдару FPV-дрона. Буданаў у відэа расказаў, што кіраўніка РДК «заказалі» спэцслужбы Расіі і выдзелілі на яго забойства паўмільёна даляраў.
«Атрыманыя паўмільёна даляраў за яго ліквідацыю ўзмоцняць спэцпадраздзяленьні ГУР», – заўважаюць прадстаўнікі ўкраінскіх спэцслужбаў у відэа. Яны падкрэсьліваюць, што Уладзімір Пуцін лічыць Капусьціна «асабістым ворагам». Раней Пуцін заклікаў ФСБ выяўляць «здраднікаў», якія ваююць за Украіну, і «караць іх без тэрміна даўнасьці».
ГУР у відэа заяўляе, што ўстанавіла заказчыкаў забойства Капусьціна ў расейскіх спэцслужбах і канкрэтных выканаўцаў замаху.
«На дадзены момант камандзір РДК знаходзіцца на тэрыторыі Украіны і рыхтуецца прадоўжыць выкананьне пастаўленых задач», сказана ў відэа.
«Дзяніс, віншую вас зь вяртаньнем да жыцьця. Я рады, што сродкі, атрыманыя па замове Вашай ліквідацыі, пайшлі на дапамогу нашай барацьбе. Жадаю нам усім і Вам асабіста посьпехаў», – кажа ў відэа Буданаў, зьвяртаючыся да Капусьціна па відэасувязі.
«Гатовы вылучацца ў раён выкананьня і працягваць камандаваць падразьдзяленьнем РДК», адказвае на гэта камандзір РДК.
Форум