«Я і мае калегі самым рашучым чынам асуджаем узброеную агрэсію ЗША супраць Вэнэсуэлы і лічым гэта незаконным нападам на сувэрэнную дзяржаву ў парушэньне нормаў і прынцыпаў міжнароднага права», — гаворыцца ў заяве старшыні Савету Рэспублікі Натальлі Качанавай, апублікаванай у тэлеграм-канале ўстановы.
«Удары, нанесеныя ня толькі па ваенных абʼектах, але і па дзяржаўных установах, у тым ліку будынку парлямэнта краіны, не пакідаюць ні найменшага сумневу ў вызначэньні гэтых дзеяньняў як „узброеная агрэсія“» — сказала Качанава.
«Мы заклікаем сусьветную супольнасьць, парлямэнты дзяржаў-сябраў ААН рашуча асудзіць агрэсію супраць сувэрэннай Вэнэсуэлы і заклікаць ЗША да захаваньня міжнароднага права і Статута Арганізацыі Абʼяднаных Нацый», — цытуе тэлеграм-канал Савету Рэспублікі Натальлю Качанаву. На афіцыйным сайце ўстановы тэксту заявы на момант падрыхтоўкі матэрыялу няма.
3 студзеня прэс-сакратарка Аляксандра Лукашэнкі Натальля Эйсмант заявіла дзяржаўнаму агенцтву БелТА, што Лукашэнка «катэгарычна асуджае акт амэрыканскай агрэсіі супраць Вэнэсуэлы».
У той жа дзень міністар замежных спраў Беларусі Максім Рыжанкоў размаўляў праз тэлефон з вэнэсуэльскім калегам Іванам Хілем Пінта. Беларускі міністар «выказаў падтрымку ўраду Вэнэсуэлы ў ягонай пазыцыі, зьвязанай з сувэрэнітэтам, захаваньнем законна абранай у краіне ўлады».
Пазьней адбылася тэлефонная размова Рыжанкова з кіраўніком МЗС Расеі Сяргеем Лаўровым.
«Кіраўнікі зьнешнепалітычных ведамстваў Беларусі і Расеі сышліся ў меркаваньні, што становішча, якое склалася, выклікае асаблівую трывогу ў кантэксьце рэгіянальнай і глябальнай бясьпекі і зьяўляецца непрымальным парушэньнем ключавых прынцыпаў міжнароднага права, перш за ўсё павагі сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасьці дзяржаў», — паведаміла пра размову МЗС Беларусі.
Расейскае ж МЗС дадаткова адзначыла, што падчас размовы была «акцэнтаваная безумоўная неабходнасьць неадкладна вызваліць законнага прэзыдэнта Вэнэсуэлы М. Мадура і ягоную жонку, вярнуць іх у сталіцу краіны і аднавіць М. Мадура на пасадзе кіраўніка дзяржавы».
Форум