Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лінкявічус: «Не бывае добрых і дрэнных дыктатараў. Бываюць яшчэ не асуджаныя дыктатары»


Лінас Лінкявічус, архіўнае фота
Лінас Лінкявічус, архіўнае фота

Знаны літоўскі палітык, былы пасол у Беларусі і былы міністар замежных спраў Літвы Лінас Лінкявічус, выказаўся пра захоп войскамі ЗША кіраўніка Вэнэсуэлы Нікаляса Мадуры.

«Я зь нецярплівасьцю чакаю, калі да гэтага сьпісу нарэшце далучацца дыктатары Расеі і Беларусі», — напісаў ён у Фэйсбуку.

«Звычайна кіраўнікі дзяржаў не перасьледуюцца ў судовым парадку, за выключэньнем выпадкаў кантрабанды наркотыкаў, злачынстваў супраць чалавечнасьці і тэрарызму», — адзначыў Лінкявічус.

І далей прыгадаў кіраўнікоў Панамы, Сэрбіі і Іраку — Мануэля Нарʼегу, Слабадана Мілошавіча і Садама Хусэйна, — якія трапілі пад перасьлед акурат з названых прычынаў. А таксама правадыра тэрарыстычнай арганізацыі «Аль-Каіды» Усаму бін Ладэна.

«Можна сьцьвярджаць, што пастаянна адбываецца пэўная „калізія“ паміж мэтамі зьнешняй палітыкі і патрабаваньнямі крымінальнага права. Пакуль ідзе палітычнае супрацоўніцтва, праблем не паўстае. Але калі сувязі абрываюцца, інтарэсы разыходзяцца, і асабліва калі так званыя саюзьнікі дамагаюцца сваіх мэтаў злачыннымі мэтадамі, тады яны раптам становяцца злачынцамі і трапляюць пад юрыдычны перасьлед», — адзначыў Лінкявучус.

«Я вельмі чакаў бы, каб да гэтага сьпісу нарэшце далучыліся расейскі і беларускі дыктатары. Тым больш што яны не саюзьнікі ЗША, а іхныя ваенныя злачынствы, злачынствы супраць чалавечнасьці і ў пэўным сэнсе акты дзяржаўнага тэрору, прынамсі пакуль, талеруюцца ЗША.

Не бывае добрых і дрэнных дыктатараў. Бываюць яшчэ не асуджаныя дыктатары, а палітычны флірт зь імі толькі шкодзіць рэпутацыі і пачуцьцю міжнароднай справядлівасьці, якое апошнім часам асабліва скампрамэтаванае перад абліччам усяго сьвету», — падсумаваў літоўскі палітык.

Лінас Лінкявічус двойчы быў міністрам абароны Літвы, доўгі час прадстаўляў краіну ў NATO, у 2012-м быў паслом Літвы ў Беларусі, а з 2012 да 2020 — міністрам замежных спраў Літвы. Цяпер ён пасол Літвы ў Швэцыі.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Людміла Чэкіна
XS
SM
MD
LG