Прынамсі 40 чалавек, у тым ліку вайскоўцы і мірныя жыхары, загінулі ў выніку апэрацыі ЗША ў Вэнэсуэле. Пра гэта напісала The New York Times з спасылкай на высокапастаўленага вэнэсуэльскага чыноўніка, які размаўляў на ўмовах ананімнасьці.
Раней прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што ніводзін амэрыканскі вайсковец не загінуў, але ёсьць некалькі параненых.
У апэрацыі ўдзельнічалі 150 амэрыканскіх самалётаў для задушэньня сродкаў супрацьпаветранай абароны. Як піша NYT, уся апэрацыя заняла 2 гадзіны 20 хвілін. Паводле суразмоўцаў газэты, Мадуру змаглі захапіць з дапамогай агента ЦРУ ва ўрадзе Вэнэсуэлы, які сачыў ім апошнімі днямі.
У суботу прэзыдэнта Вэнэсуэлы Нікаляса Мадуру разам з жонкай Сыліяй Флёрэс у выніку апэрацыі ЗША схапілі і зьняволілі ў Нью-Ёрку для прадʼяўленьня абвінавачаньняў у гандлі наркотыкамі.
Фэдэральны судзьдзя ў Нью-Ёрку апублікаваў абвінаваўчае заключэньне, у якім Мадуру, яго жонцы і яшчэ чатыром асобам прадʼяўлены абвінавачаньні па чатырох пунктах, уключаючы «наркатэрарызм» і змову з мэтай імпарту какаіну.
Празь некалькі гадзін пасьля апэрацыі Трамп заявіў, што ЗША будуць кіраваць Вэнэсуэлай да таго часу, пакуль не адбудзецца ўпарадкаваная перадача ўлады. Ён не патлумачыў, як менавіта гэта будзе адбывацца.
Тым часам Вярхоўны суд Вэнэсуэлы пастанавіў, што абавязкі прэзыдэнта павінна выконваць віцэ-прэзыдэнтка Дэлсі Радрыгес. Суд зазначыў, што яна павінна гарантаваць «пераемнасьць кіраваньня ўрадам» і «ўсебаковую абарону краіны».
3 студзеня Дональд Трамп, кажучы пра Радрыгес, адзначыў, што «яна па сутнасьці гатовая зрабіць тое, што мы лічым неабходным, каб Вэнэсуэла зноў стала вялікай».
У той жа дзень Радрыгес апублікавала зварот, у якім назвала Нікаляса Мадуру «адзіным легітымным прэзыдэнтам краіны» і запатрабавала ад ЗША неадкладнага яго вызваленьня.
Форум