Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Забойства ў цэнтры Эўропы. Школьнік з аватаркай Шапэнгаўэра


Саша Раманаў

19 жніўня Менскі абласны суд пачаў разглядаць справу аб падвойным забойстве ў стаўпецкай школе № 2. Свабода публікуе новую кнігу журналіста Дзьмітрыя Гурневіча «Забойства ў цэнтры Эўропы». Праз гісторыю горада Стоўпцы, мясцовыя легенды і меркаваньні стаўпецкіх людзей аўтар спрабуе зразумець матывы злачынства, якое скаланула ўсю Беларусь.

У Стоўпцах у Сашы Раманава не было блізкіх сяброў і ён плянаваў зьехаць вучыцца за мяжу. Гэтыя словы самога Сашы мне пераказаў яго знаёмы, былы стаўпецкі жыхар, выпускнік той самай школы № 2 Юра Паўлаў.

Юра і сам зьехаў са Стоўпцаў. Ён жыве і вучыцца ў ЗША. Пра Юру я дазнаўся выпадкова, пабачыўшы ягоны кранальны допіс пра Сашу ў стаўпецкай суполцы ў сацсетках. Я напісаў Юру, і ён адразу ж пагадзіўся ўзгадаць іх апошнюю размову, два месяцы перад забойствам. Саша прасіў у Юры парадаў наконт вучобы за мяжой. Праз паўгода ён хацеў паступаць у замежную ВНУ.

— Я вось падняў перапіску — мне ажно на сэрцы стала цяжка. Божа, яго ўжо няма... Адразу хачу сказаць, што падчас гутаркі Саша мне вельмі спадабаўся як чалавек. Проста сваёй энэргіяй. Мы б маглі быць сябрамі. Я летам зьбіраўся прыехаць у Беларусь — і ў мяне была ідэя ўбачыцца зь ім ужывую. Ён быў вельмі круты для сваіх 17 гадоў — пад гэтым я разумею сілу духу, волю, жыцьцёвую пазыцыю, упэўненасьць у сваіх інтарэсах. Наша гутарка ў скайпе прайшла вельмі лёгка, спакойна, цікава, на адным дыханьні.

Пакой Сашы Раманава
Пакой Сашы Раманава

Першы раз Сашу ён убачыў, калі той быў у 7 клясе. Юра прыйшоў на ўрок ангельскай і распавядаў дзецям пра свае падарожжы.

— Я памятаю, што ў той 7 клясе толькі Саша і вылучаўся сярод дзяцей. Я казаў ім пра Стоўнхэндж. І толькі адзін Саша, які сядзеў пасярэдзіне гэтай навалы дзяцей, дапаўняў мае камэнтары, распавядаў, што ён чытаў і што чуў.

Гутарку ў скайпе ініцыяваў сам Саша.

— Мы пачалі ў 08:03 раніцы і скончылі ў 12:02 папаўдні па маім мясцовым часе ў Сыракузах, штат Нью-Ёрк (гэта з 16 да 20 па беларускім часе). Скайп таксама захаваў у чаце ўласныя імёны, якія я яму адпраўляў падчас размовы: Myers Briggs, essyb, pomodoro, зона бліжэйшага разьвіцьця (Леў Выгоцкі), Яўгенія Гінзбург «Круты маршрут», Стывэн Кові, Іцхак Адызэс, Тоні Робінс. Я яму нешта раіў, што мне падабаецца. Ён мне за ўсю гутарку напісаў адно слова: hardenduro. Гэта гонка на матацыклах, яму вельмі падабаліся матацыклы.

Юры кажа, што ня памятае пасьлядоўнасьці гутаркі, але памятае зьмест.

— Першае, што ён сказаў, — гэта пра сваю любоў да філязофіі. Ён амаль цалкам прачытаў Плятона. Я спытаў, які дыялёг яму бліжэй за ўсё, ён адказаў: «Пармэнід», хоць яму вельмі таксама падабалася «Дзяржава». Ён тады спытаў, а які падабаецца мне. І я шчыра адказаў, што чытаў усяго два дыялёгі, але мне падабаецца «Пір». Я яшчэ тады пажартаваў, што ў яго на аватарцы ў скайпе фатаздымак Шапэнгаўэра, маўляў, Саша, неяк дэпрэсіўна ставіць такога філёзафа ў профіль. Ён адчуў маю іронію, але сказаў, што яму вельмі падабаецца і Шапэнгаўэр. Ён таксама казаў пра сваю любоў да беларускай мовы. Што раней ён размаўляў толькі па-беларуску з усімі спрэс. Але апошнім часам гаворыць і па-руску.

Кнігі Сашы Раманава
Кнігі Сашы Раманава

Потым мы перайшлі на размову пра школу. Я пытаўся, што ён думае пра настаўнікаў. Мы сышліся ў поглядах практычна на 100%. У прыватнасьці, успомнілі зь ім і Марыну Міхайлаўну. Я яе вельмі любіў, Саша таксама.

Я стаў пытацца ў яго, кім ён хоча быць. І ён адказаў, што яму вельмі падабаецца філязофія, але быць філёзафам — не прафэсія. Таму яму цікавыя альбо журналістыка, альбо паліталёгія. Ён зьбіраўся паступаць у Польшчу.

Бібліятэка Сашы Раманава

Апошняй кнігай, якую чытаў Саша Раманаў, быў раман Олдаса Гаксьлі «Выспа». Перад фатальным урокам ён пакінуў закладку на 100-й старонцы і паклаў кнігу на парту. Пасьля забойства яе забраў сьледчы і празь некаторы час аддаў бацькам. Разам з кроплямі крыві, якія трапілі на старонкі, калі Саша паміраў. Цяпер кніга зноў на паліцы ў ягоным пакоі.

Гаксьлі апісаў у ёй выспу-ўтопію, ідэальныя грамадзтва і дзяржаву. Саша не пасьпеў дачытаць, але погляд на ідэальную дзяржаву быў у яго падобны. Ён верыў, што дзяржава можа быць значна лепшай, чым тая, у якой жыў ён. Таму і зьбіраўся стаць палітолягам. У яго была ўнушальная бібліятэка, дзе амаль кожная кніга — гэта пошук формулы чалавечага шчасьця і свабоды.

Калі я ўвайшоў у Сашаў пакой на другім паверсе бацькоўскага дому і пачаў разглядаць паліцы зь ягонымі кнігамі, то ня мог паверыць, што гэта былі зацікаўленьні 17-гадовага хлопца, школьніка.

Побач з Гаксьлі — «Доктар Жывага» Барыса Пастарнака, «Чалавек, які сьмяецца» Віктора Гюго, «Уцёкі ад свабоды» Эрыха Фрома, «Дзяржава» Плятона, а далей Арыстотэль, Фройд, Фіцджэральд, Ніцшэ, Эйн Рэнд і «Гісторыя заходняй філязофіі» Бэртрана Расэла.

Гэта не былі кнігі для прыгажосьці. Стоячы каля Сашавага працоўнага стала, я гартаў большасьць зь іх, і ўсе яны мелі сьляды чытаньня. Побач Чарльз Букоўскі, Джон Стэйнбэк, Уладыслаў Рэймант, Сяргей Пясэцкі, Джэк Керуак, Міхаіл Булгакаў, Джордж Оруэл.

Саша быў вельмі аскетычным юнаком. Купіць нейкую вопратку сястра або бацькі яго ледзь не прымушалі. Ён адказваў, што ўсё мае. Калі падчас аднаго з падарожжаў у Польшчы бацькі хадзілі па крамах, Саша ўвесь гэты час правёў у кнігарні — разглядаў кнігі.

За тыдзень ён мог прачытаць некалькі кніжак. Калі дзецям у школе давалі на лета сьпіс літаратуры, то Саша казаў, што яму гэта не цікава. Бацькі не пярэчылі.

На самай высокай паліцы — беларуская літаратура. Тут некалькі тамоў Якуба Коласа, Васіль Быкаў, Міхась Стральцоў, Вячаслаў Адамчык, Іван Мележ, Кастусь Тарасаў, Іван Пташнікаў. Таксама кнігі Андрэя Федарэнкі, Віктара Марціновіча, Уладзімера Садоўскага, Юрыя Гуменюка і Раісы Баравіковай.

Далей кнігі па гісторыі Беларусі: «Айчына. Ад Рагнеды да Касьцюшкі» Ўладзімера Арлова, «Беларусь мяцежная» Ніны Стужынскай — пра Слуцкі збройны чын, «Беларусь у войнах» Віталя Чырвінскага, «Палешукі-беларусы» Сержпутоўскага, «Пад скіпэтрам Расейскай імпэрыі» — пра рэпрэсіўную палітыку царызму на землях Беларусі. Кніга пра Кастуся Каліноўскага, пра антысавецкія паўстаньні ў Беларусі, а таксама «1992» Сяргея Навумчыка.

Далей стаіць «Гэбан» Рышарда Капусьцінскага ў польскім арыгінале. Гэта адна з найлепшых кніг мэтра польскага рэпартажу. У ёй Капусьцінскі, які нарадзіўся ў Пінску, распавядае пра свае падарожжы па Афрыцы ў другой палове XX стагодзьдзя, калі гэты кантынэнт палаў у агні рэвалюцый і грамадзянскіх войнаў. Гэта ў «Гэбане» Капусьцінскі напісаў:

«Часам я чытаю, што ў Амэрыцы або Эўропе дзіця застрэліла іншае дзіця. Што дзіця забіла некага з раўналеткаў або дарослых. Людзі звычайна рэагуюць на такія паведамленьні з жахам. Але ў Афрыцы дзеці забіваюць дзяцей масава, і ўжо шмат гадоў, вельмі даўно. Збройныя сутыкненьні дзяцей асабліва зацятыя і крывавыя, бо дзіця не валодае інстынктам самазахаваньня, яно не адчувае жаху сьмерці, ня мае страху, які прынясе яму толькі сталасьць».

Гэтая кніга адзіная стаіць на паліцы зусім сьвежая. Бачна, што Саша не пасьпеў яе нават добра пагартаць. Ён купіў яе на кніжным кірмашы ў Менску і прывёз дадому за дзень да забойства.

Гэта толькі малая частка Сашавых кніг. Ён шмат чытаў на электроннай чыталцы. На ёй Саша «праглынуў» усе творы нарвэскага пісьменьніка Эрлэнда Лу, аднаго з самых улюбёных аўтараў, майстра самаіроніі, іроніі, гумару, наіўнасьці і зьедлівасьці.

Доўгі час Саша паляваў на «Кнігу мёртвых філёзафаў» Саймана Крычлі. У ёй ангельскі філёзаф з Новай школы сацыяльных дасьледаваньняў у Нью-Ёрку піша пра тое, што думалі пра сьмерць і як паміралі 200 самых выбітных мысьляроў у гісторыі.

У антычнасьці лічылася цалкам натуральным, што менавіта філязофія дае нам мудрасьць, неабходную для супрацьстаяньня сьмерці. На першых старонках Крычлі паўтарае за Цыцэронам, што асноўная задача філязофіі заключаецца ў тым, каб падрыхтаваць нас да сьмерці.

«Мы баімся непазьбежнасьці сваёй сьмерці, зьвязанага зь ёй болю і бессэнсоўных пакутаў. Мы баімся таго, што ў выніку застанецца ў труне ад цела, спакаванага ў скрыню і апушчанага ў зямлю з тым, каб яно стала кормам для чарвякоў.

Займацца філязофіяй азначае вучыцца сьмерці — у словах, якія вы кажаце, ежы, якую ясьце, і напоях, якія вы будзеце піць. Менавіта такім чынам мы пачынаем супрацьстаяць жаху анігіляцыі (зьнішчэньня), паколькі ўрэшце менавіта страх сьмерці ператварае нас у рабоў. Як піша Мантэнь, „хто навучыўся паміраць, той развучыўся быць рабом“».

Адну з кніг, якія Саша купіў на кірмашы ў Менску за некалькі дзён да сьмерці, сям’я паклала яму ў труну.

Працяг будзе

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG