Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Забойства ў цэнтры Эўропы. Чаму шкадуюць забойцу


Вадзім М. у судзе

19 жніўня Менскі абласны суд пачаў разглядаць справу аб падвойным забойстве ў стаўпецкай школе № 2. Свабода публікуе новую кнігу журналіста Дзьмітрыя Гурневіча «Забойства ў цэнтры Эўропы». Праз гісторыю горада Стоўпцы, мясцовыя легенды і меркаваньні стаўпецкіх людзей аўтар спрабуе зразумець матывы злачынства, якое скаланула ўсю Беларусь.

Апошнія гадзіны

У нядзелю ранкам Саша Раманаў вярнуўся зь Менску, шпацыраваў па горадзе, рабіў, як заўсёды, нататкі ў тэлефон і вярнуўся дахаты. Апошняя размова з бацькамі была пра паступленьне на вучобу ў Польшчу.

Некалькі гадоў ён думаў пра журналістыку. Пісаў нават пад замову тэксты. Але апошні год захапіўся філёзафамі і загарэўся ідэяй атрымаць прафэсію, блізкую да філязофіі і гісторыі. Абраў паліталёгію.

— У нас у Беларусі гэта вострая тэма, і, магчыма, таму ён глыбока ў гэта зайшоў. Яму вельмі падабалася гэта вывучаць. Гэта заняткі не грашовыя, але ж шчасьце не ў грашах, а ў тым, як ты сябе знойдзеш у жыцьці, — кажа бацька.

Саша марыў паступіць у Варшаўскі ўнівэрсытэт. Як запасныя варыянты разглядаў унівэрсытэты ў Любліне і Познані, дзе таксама ёсьць паліталёгія.

— Мы абмяркоўвалі, калі будзем падаваць дакумэнты. Ён сам пазнаходзіў, што трэба і як. Я казаў яму: Саша, зразумей, я табе нічым не дапамагу ў пляне выбару. Я яму не загадваў. Мы хацелі, каб усё было бліжэй да яго зацікаўленьняў.

Кнігі Сашы Раманава
Кнігі Сашы Раманава

У армію Саша не хацеў ісьці катэгарычна, бо лічыў, што гэта страчаны час. Бацька спадзяваўся, што ён пасталее, знойдзе сябе ў Эўропе і ня вернецца на радзіму.

Ранкам у панядзелак Саша зьеў сьняданьне, і Сяргей завёз сына ў школу.

— Я ўпэўнены, што яны з забойцам не былі знаёмыя. Ён яго забіў проста так. Яму было ўсё роўна, каго забіваць. Ён зайшоў і пайшоў уздоўж сьцяны. Толькі званок празьвінеў, яшчэ дзяўчаты жартавалі: «Ты што, заблукаў?» І першая парта, і другая — сядзелі з боку дзяўчаты. А за апошняй сядзеў Саша, за трэцяй. І ён падышоў да яго ззаду і проста пад вуха левае ўдарыў нажом. Я бачыў відэа, як ён па калідоры з нажом ганяў хлопцаў. У яго такія хвосткія ўдары, я нават ня ведаю, дзе ён так навучыўся. Пазьней я бачыў яго на допыце. Ён ня мог зьвязаць двух словаў: ня памятаю, ня ведаю. Зыркае, вочы бегаюць, як ваўчаня нейкае.

Сяргей Раманаў распавёў пра некаторыя высновы сьледзтва. Яно выявіла, што 15-гадовы Вадзім М. выпіваў. Некалькі разоў ён нават спаў пʼяны за апошняй партай.

— І школа «нічога ня ведае», ён такі пушысты, шаўковы. Ужо паднялі і той пункт, дзе ён купляў самагонку ў Акінчыцах. І зь імі там таксама разьбіраліся. І не вучыўся ён добра. Гэта ўжо настаўнікі так прыкрываліся. Крывадушнікі. Там уся кляса такая была ў яго, праблемная.

Сяргей Раманаў
Сяргей Раманаў

У Стоўпцах яшчэ ў дзень забойства зьявіліся плёткі, што матыў забойства зьвязаны з алімпіядай, на якую забітая настаўніца выбрала не Вадзіма, а Сашу. Але яны не маглі быць канкурэнтамі, бо вучыліся ў розных клясах, а Вадзім да гэтага ніколі не бываў на алімпіядах, насуперак чуткам.

— Саша не хацеў ніякіх алімпіядаў, ён не любіў гэтую школу. У яго былі іншыя прыярытэты. Неяк ён не захацеў ехаць на алімпіяду па ангельскай мове, то яму сказалі, што ён падводзіць школу.

Яшчэ ў афіцыйным паведамленьні Сьледчага камітэту ў дзень заканчэньня сьледзтва, 5 ліпеня, гаварылася пра прафіляктычныя недахопы ў працы пэдагогаў. 28 жніўня дырэктарка школы Аксана Лось напісала заяву аб звальненьні. Яе калегі перакананыя, што пайсьці на гэты крок яе прымусіла раённае начальства.

— Там адбыўся нейкі каталізатар, размова Вадзіма з дырэктарам у тую раніцу, перад забойствам. Дырэктрыса яго адчытала, чаму ён прапусьціў вайсковую падрыхтоўку. Школа не тлумачыць, а цісьне аўтарытэтам. Я калісьці сам меў размову з дырэктаркай. Яна ў мяне пыталася: «Вы не баіцеся, што ваш сын загрыміць з такімі поглядамі?» Я кажу: «Моладзь у нас цудоўная, я знаю Сашу і дзяцей з клясы, зь імі трэба размаўляць, камунікаваць». У нас у школах з вучнямі не размаўляюць, а тыкаюць носам. У нечым вінаватая школа, але больш за ўсё сямʼя.

Дом Раманавых у дзень пахаваньня Сашы
Дом Раманавых у дзень пахаваньня Сашы

У Стоўпцах шмат хто тлумачыць забойства клясавай нянавісьцю, маўляў, мусіў быць нейкі канфлікт паміж беднымі і багатымі. Але Раманавы вядуць самае звычайнае жыцьцё, якое ні чым выключна не адрозьніваецца ад жыцьця мільнаў беларусаў. Ці павінна ім быць сорамна перад кімсьці, што яны ў стане купіць сыну матацыкал? Зрэшты, у адным зь інтэрвію бацька Вадзіма М. сказаў, што абяцаў купіць сыну аўтамабіль, калі той захоча здаць на правы. Але пра клясавы канфлікт усё роўна кажуць у размовах, пішуць у сацыяльных сетках. У сямʼі Раманавых пра гэтыя меркаваньні таксама ведаюць.

— Беларусь — дэпрэсіўная краіна. Гэта не праблема Стоўпцаў. У Менску інакш, а на пэрыфэрыі так паўсюль. Я абʼезьдзіў усю Эўропу. Беларусы — вельмі дэпрэсіўная нацыя. Мы ніколі тут не задзіралі нос. Заўсёды вітаемся зь людзьмі. А ад мяне часам нават аднаклясьнік у краме адварочваецца, нібыта не заўважыў. Я павітаўся, а мне нібыта ў твар плюнулі. Я разумею, што гэта прасьцей, чым сказаць: добры дзень, як справы. Магчыма, гэта мэнталітэт, можа ад беднасьці, ад якой потым бярэцца зайздрасьць. Ня любяць беларусы, калі нехта высоўваецца. Калі нехта жыве багацей, то гэта горш для яго. І гэта тут наўрад ці бліжэйшым часам зьменіцца.

Чаму шкадуюць забойцу

Вадзім М. павінен быў бараніць людзей. Ён зьбіраўся паступаць на адваката. Так уяўлялі будучыню свайго сына бацькі Віталь і Аксана. Яны кажуць, што ён добра вучыўся, быў ціхім і спакойным хлопцам, ня лез у дурныя кампаніі, большасьць часу праводзіў дома. Так пра Вадзіма ў першыя дні пасьля забойства казалі ўсе, хто яго ведае, у тым ліку і настаўнікі.

Бацькі Вадзіма М.
Бацькі Вадзіма М.

Адбылося невытлумачальнае. Гэта была самая распаўсюджаная вэрсія, якую паўтаралі, як мантру, настаўнікі, блізкія хлопца і бацькі, якія прыйшлі да школы адразу пасьля забойства.

У Стоўпцах я ані разу не пачуў, што забойцу трэба караць сьмерцю ці хаця б пажыцьцёвым зьняволеньнем. Зразумела, ніхто ў горадзе не апраўдвае забойства. Але ніколі раней я ня чуў столькі шкадаваньня і ня бачыў столькі суперажываньня з забойцам, як тут. Нават блізкія пацярпелых выказваліся ў такім духу. І з часам гэтае перакананьне маіх суразмоўцаў толькі павялічвалася.

Яны лічаць, што ў Вадзіма быў вельмі сурʼёзны матыў, прычына, чаму ён адважыўся на такі страшны крок і зьнішчыў сваю маладосьць — або і ўсё жыцьцё. А можа давялі, а можа яго цкавалі, а можа настаўнікі не даглядзелі, а можа ўлез у нейкую групу ў інтэрнэце і яму там загадалі кагосьці забіць. Фактаў у абарону гэтых вэрсіяў у іх ня было, але мае суразмоўцы былі перакананыя, што ўсё было менавіта так. І часам усе прычыны былі ў адным адказе.

Праз тры гадзіны пасьля забойства, седзячы яшчэ ў праскай рэдакцыі, я ўжо ведаў, чый сын Вадзім і чый сваяк ягоны бацька. Сьвет малы, а Стаўпецкі раён — яшчэ меншы. Я датэлефанаваўся да стрыечнай бабулі Вадзіма. Тая была ў роспачы.

— Бацька ягоны заўсёды быў рады, што Вадзім дома, зь сямʼёй, ні ў якія дурныя кампаніі ня лез. Ніколі бацькі раней на яго ня скардзіліся, што курыць ці яшчэ што, — кажа сваячка хлопца. — Гэтыя бедныя дзеткі (бацькі. — РС) самі ўсё стараюцца. Працуюць. Машыну купілі самі, дом самі. Бачыла неяк нядаўна бацьку і пытаюся: як, скажы, Вадзім жа ў 10-ю клясу ходзіць, можа, і паступаць куды ўжо зьбіраецца? А ён кажа: цёця, ён такі свойскі ў нас, хатні. І ўсе так пра яго кажуць. Харошы і добры вучань быў. Спакойны, узорны хлопец.

У пакоі Вадзіма М.
У пакоі Вадзіма М.

Пазьней у заплечніку Вадзіма ўсё ж знойдуць пачак цыгарэтаў і стане вядома, што школьнік выпіваў. А свойскасьць і сядзеньне дома некаторыя тлумачылі зусім інакш. Паводле іх, гэта быў вельмі закрыты юнак. Безь сяброў. Безь людзей, з кім мог бы пагаварыць і выгаварыцца. І што добрага кантакту ў яго не было нават з бацькамі. Бо сядзець са смартфонам або кампутарам у хаце — зусім ня значыць, што ты праводзіш час з сям'ёй.

— Сядзеў дома. Нешта набраў у галаву. А яшчэ гэтыя тэлефоны і кампутары. Дзеці зусім за імі падурнелі, — кажа жанчына на вуліцы, дзе жыў Вадзім.

У клясе ў яго быў усяго адзін сябар, з суседняй вуліцы, зь якім яны сядзелі за адной партай.

У нядзелю ўвечары, за ноч да забойства, Вадзім патэлефанаваў яму і папярэдзіў, каб той не прыходзіў у панядзелак у школу, бо чакаецца цяжкі дзень, некалькі кантрольных. Мы знайшлі гэтага сябра Вадзіма, але ён адмовіўся размаўяць.

— Вадзім, хутчэй за ўсё, ужо плянаваў напад і такім чынам хацеў абараніць адзінага сябра, калі б нешта пайшло ня так.

А ня так магло пайсьці шмат чаго. Апрача нажа, з сабою ў заплечніку хлапец прынёс у школу малаток і піратэхніку.

У пакоі Вадзіма М.
У пакоі Вадзіма М.

Пасьля забойства Вадзім М. пабег не дадому. Яго затрымалі каля гаспадарчай крамы за кілямэтар ад школы. Чаму ён прыбег менавіта сюды?

Паводле крыніцы Радыё Свабода, Вадзім пабег да гаспадыні кватэры, дзе некалі наймалі пакой ягоныя бацькі. Уладальніца — зусім чужы Вадзіму чалавек. Але ў той крытычны момант ён вырашыў бегчы менавіта да яе. У гэтым няма ніякай разгадкі здарэньня або падказкі, акрамя адной важнай дэталі.

— Ён насамрэч быў вельмі самотны. Уяві, што ў яго не было нікога блізкага, пра каго ён мог бы ўзгадаць у такую крытычную хвіліну і хто мог бы яго прыняць. Адзіным чалавекам, пра якога ён падумаў у самы драматычны момант жыцьця, аказалася абсалютна чужая асоба. Зрэшты, і там Вадзім доўга зь ёй не прабыў, — кажа наш інфарматар.

Міліцыя спачатку памылкова ачапіла суседні дом. Але калі хлапец пабачыў бацьку, які шукаў сына разам зь міліцыяй, то здаўся сам.

Пра гэта журналістам Свабоды распавялі бацькі Вадзіма. Мае калегі былі першымі, з кім яны пагадзіліся на вялікае інтэрвію і паказалі пакой сына.

«Міліцыя ачапіла іншы дом, але сына там не было. Яго не ў падʼезьдзе затрымалі. Ён сам падышоў і здаўся. Ён не ўцякаў», — кажа Аксана, маці Вадзіма.

Узнагароды Вадзіма М.
Узнагароды Вадзіма М.

Вадзім распавёў у дзень забойства свайму адвакату і бацьку, што затрымлівалі яго жорстка. Калі АМАП зацягнуў хлопца ў мікрааўтобус, яго паклалі на падлогу, сталі нагамі на сьпіну і пачалі заломваць рукі.

«Зь яго выбівалі паказаньні, — сказаў бацька. — Усё, што яны патрабавалі, ён гаварыў. Але сінякоў у яго не было. Сталі так, каб не было».

Бацька Віталь быў у той самы дзень на трохгадзінным допыце сына. Вадзіму няма 18 гадоў, і таму на допытах павінен прысутнічаць апякун. Хлопец адмовіўся даваць паказаньні. На ўсе пытаньні ён адказваў: «Ня ведаю» і «Ня памятаю». І так працягвалася больш за тыдзень.

Працяг будзе

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG