Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Забойства ў цэнтры Эўропы. «Ад зайздрасьці ідуць самыя вялікія праблемы»


Ксёндз Ігар Лашук
Ксёндз Ігар Лашук

13 гадоў калёніі і 110 тысяч рублёў кампэнсацыі для сямʼі забітай настаўніцы прысудзіў 11 верасьня Менскі абласны суд непаўналетняму Вадзіму М. за двайное забойства ў стаўпецкай сярэдняй школе № 2.

Свабода публікуе новую кнігу журналіста Дзьмітрыя Гурневіча «Забойства ў цэнтры Эўропы». Праз гісторыю гораду Стоўпцы, мясцовыя легенды і меркаваньні стаўпецкіх людзей аўтар спрабуе зразумець матывы злачынства, якое скаланула ўсю Беларусь.

Ксёндз Ігар Лашук

«Тры пакаленьні атэізацыі не прайшлі дарма. У выніку гэтага працэсу чалавек адарваўся ад каранёў духоўнага жыцьця — Эвангельля і вучэньня Касьцёла», — напісаў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч у сваім звароце з нагоды трагедыі, якая 11 лютага адбылася ў Стоўпцах.

Мы стаім са стаўпецкім ксяндзом Ігарам Лашуком каля невялікай цаглянай капліцы, пабудаванай на пачатку 1990-х, і пазіраем на канструкцыю, якая ў будучыні мае стаць паўнавартасным касьцёлам.

За 30 гадоў незалежнай Беларусі касьцёлы пабудавалі нават у вёсках раёну, дзе жыве па некалькі сотняў чалавек, а Стоўпцы ніяк не дадуць рады. Раней гэтаму заміналі камуністы.

Будоўля касьцёла ў Стоўпцах
Будоўля касьцёла ў Стоўпцах

Перад айцом Лашуком у Стоўпцах зьмяніўся не адзін сьвятар, некаторыя сыходзілі са скандалам і без дабудаванага касьцёла. Выправіць гэта мае ксёндз Ігар.

Калі адбылося забойства, ён служыў у горадзе ўсяго тры месяцы. Але зразумець сутнасьць адносін у Стоўпцах, пазнаёміцца зь людзьмі і начальствам ён пасьпеў добра. Гаваркі і дзелавы, як кажуць ягоныя парафіяне.

Мы едзем зь ім са Стоўпцаў у суседняе мястэчка Новы Сьвержань, дзе ў ксяндза Лашука плябанія. Сядаем за сталом, застаўленым кнігамі, абразамі, паперамі.

— Вядома, я быў у школе, пасьвяціў месца сьвятой вадой. Нас з бацюшкам запрасіла дырэктарка. Можа, нешта і памяняецца. Але важна, каб памянялася нешта ў галовах, — кажа сьвятар.

Ксёндз і бацюшка ў дзень пахаваньня
Ксёндз і бацюшка ў дзень пахаваньня

Пра падобныя выпадкі ў Беларусі больш як за 50 гадоў жыцьця сьвятар ня чуў. Таму людзі ў горадзе вельмі перажываюць, што цяпер будзе зь іхнымі «соннымі» Стоўпцамі.

— Стоўпцы цяпер у такім стане, што людзі ня могуць зразумець, што, дзе і калі. У мяне ўвогуле такое пачуцьцё, што сьпее сытуацыя, ня дай Божа, выбуху нейкага. Ня толькі ў Стоўпцах, але і ва ўсёй Беларусі. Ідзе такі, ведаеце, нейкі прэсінг, невядома адкуль. Такое пачуцьцё, што на нас ціснуць, ціснуць, а мы згінаемся, згінаемся, як тая спружына. А чыноўнікі, калі казаць вобразна, займаюцца невядома чым. Вырашаюць, колькі расьці дрэву: 10 сантымэтраў ці 5 сантымэтраў у год. Альбо, напрыклад, думаюць, як адрадзіць сяло. Дайце людзям зямлю, гэта ж нават Ленін казаў, і гэтыя вёскі самі адродзяцца. У Стоўпцах народ займаецца ў асноўным «купі-прадай». Вытворчасьці амаль што ніякай. Гэты Менскі маторны завод на ладан дыхае. Такое пачуцьцё, што ва ўсёй Беларусі наступіў шэры дзень. Ёсьць пачуцьцё магутнай дэпрэсіі. Агульнанароднай дэпрэсіі. Гэтая дэпрэсія ў нейкім сэнсе выліваецца ў агрэсію. І вось тут таксама, відаць, вылілася гэтая дэпрэсія. Гэта пачуцьцё стану, калі ад цябе вечна нешта патрабуюць, дамагаюцца нейкіх вынікаў. Ты выкладваесься, прадукт працы ёсьць, нібыта ўсё рухаецца наперад, а «воз и ныне там».

Ксяндзу Ігару ёсьць з чым параўноўваць. Ён служыў і ў вялізным Менску, і ў меншай Лідзе, і ў вёсцы пад Валожынам. Як збудаваная сыстэма, ён добра ведае і адчувае.

— Усюды ты павінен быць найлепшым, паўсюль мець першае месца. Як быццам тут спаборніцтва нейкіх камуністычных ударнікаў. Але паглядзіце, колькі некалі ні ціснулі рабоў, а паўстаньне Спартака адбылося. Як у нас тут ні было цяжка жыць пры цару, але ў 1863 годзе народ усё роўна паўстаў. І ў 1917 годзе ўсё вынікала з дэпрэсіі. Цар, зь якога сёньня хочуць зрабіць ледзь не сьвятога, жыў у сваім сьвеце. А народ жыў у сваім сьвеце. Выжываў. Нешта такое адбываецца і сёньня. Нехта жыве ў сваім сьвеце, і пляваць яму на тых, хто выжывае ў гэтым сьвеце. Гэтая несправядлівасьць адчуваецца тут вельмі моцна. У кожным мястэчку адчуваецца несправядлівасьць. Мы цяпер гаворым пра Стоўпцы, але так жывуць ва ўсіх раённых гарадах. Гэтая глябальная зьява, якая прыйшла ў Стоўпцы, магла здарыцца ў кожным горадзе, але здарылася тут. І гэта дало магчымасьць трохі задумацца — якое грамадзтва, у якім мы жывём.

І пасьля трагедыі ва ўласным горадзе, лічыць сьвятар, стаўпчане паціху рэфлексуюць і пачынаюць задумвацца пра прычыны.

— У размовах са мною людзі шчырыя. Адны паказваюць пальцам на інтэрнэт і кажуць, што гэта ён вінаваты. Але гэта прасьцей за ўсё — скінуць усю віну на яго. У інтэрнэце сапраўды могуць навучыць усяму: і добраму, і дрэннаму. У Сьвятым Пісаньні апісваецца, як Пан Бог пасадзіў дрэва жыцьця і дрэва пазнаньня дабра і зла. Дык вось дрэва пазнаньня дабра і зла — гэта інтэрнэт. Ты працягваеш руку і бярэш адтуль тое, што захочаш. А калі мы не разьбіраемся, дык бяром толькі тое, што блішчыць. Гэтаксама блішчаць казіно, якія завабліваюць чалавека. Ён туды заходзіць у портках, а выходзіць без. Бо ад бляску цямнее ў вачах — і нічога не засталося ў кішэні. Таму Стоўпцы — гэта як і любы заходнебеларускі горад. Чаму я падкрэсьліваю, што заходнебеларускі? Бо на ўсходзе, мне падаецца, яшчэ горш. Адбылося тут. Выйшла, як маланка сярод яснага неба. У Стоўпцах выбухнуў нарыў, якімі пакрыта ўсё цела Беларусі.

Правакую сьвятара пытаньнем пра ягоную ўласную працу. Ці знайшоў бы сёньня Хрыстос веру, калі б трапіў у «Горад Міру», «ціхі і спакойны», дзе «нічога ніколі не адбываецца»?

— Маску веры знайшоў бы, у касьцёле ці царкве, ці ў пратэстантаў. Але па сапраўднаму веруючыя людзі ёсьць. А што за маскаю? Мы ўсе ідзем да Бога. Зрэшты, ня ўсё так проста было і сярод апосталаў. Юда быў, Пётар быў, іншыя апосталы, якія паразьбягаліся, калі схапілі Хрыста. Але з гадамі мы аналізуем сваё жыцьцё і камусьці ўдаецца падысьці да веры хоць трошкі. А іншыя і блізка не падыходзяць. Я чытаў выказваньне Сьвятланы Алексіевіч. Я зь ёй добра знаёмы асабіста, і мне спадабалася яе выказваньне пра крыніцы агрэсіі. Яна зьвярнула ўвагу на высокае начальства, якое таксама ўжывае агрэсію. У нас ёсьць такі выраз: «які поп — такі прыход». Я з гэтым выразам жыву ўжо 25 гадоў. Як да гэтага папа, стаўлюся да сябе. Калі ты будзеш нармальны і чалавечы, то і прыход твой будзе нармальны і чалавечы. А калі ты будзеш паўдуркам, то ўсе навокал будуць паўдуркамі. Гэта ўсё ідзе як зараза. Які кіраўнік — такія і падначаленыя.

Пярэчу ксяндзу Ігару, што гэта вельмі зручная адгаворка — усю адказнасьць ускласьці на начальства. Кожны ж чалавек мае свой розум і жыве паводле ўласнага сумленьня. Хоць мы і звыкліся з вобразам саміх сябе як рахманых, памяркоўных і спакойных людзей, якія любяць мір.

— Гэта ўсё гаворыць тэлевізар. Паўтару тысячу разоў — гэта тэлевізар. Нашыя людзі такія, як і ўсе людзі на сьвеце. Дай ім — забіваюць. А іх замбуюць — «будзьце спакойныя, памяркоўныя», «вайны ня будзе», «галоўнае, каб не было вайны». Вайна — гэта ня толькі бомбы. За вечар да гэтай падзеі я меў казаньне. Вы думаеце, што я сказаў на казаньні, што ў нас няма вайны? У нас даўно ідзе вайна. Паглядзіце, якая вайна ідзе праз інтэрнэт. А колькі вайны ў адносінах проста паміж людзьмі!

— Якую рэфлексію зробяць людзі? Ці нешта зьменіцца?

— Калі я вучыўся на факультэце журналістыкі, у нас казалі, што навіна жыве 48 гадзінаў. Заўтра пра гэта ўсе забудуцца. Калі СМІ ня будуць пра гэта пісаць, то праз тры дні жыцьцё вернецца на той самы шлях, па якім яно ішло да гэтага. Гэта было і будзе. Ад часоў Каіна. Чалавек ня можа зьмяніць свет. Сьвет зьмяніў першародны грэх, асабліва ад хвіліны, калі Каін забіў Абэля. У кожным забойстве, калі яно не ад вар’ята або калі гэта не няшчаснае здарэньне, ёсьць забойства Абэля. А чаму яго забіў Каін? З зайздрасьці, што ў Абэля ўсё атрымлівалася лепш. А чаму адбылося забойства ў Стоўпцах? А можа, таксама з зайздрасьці. Што адзін багацейшы, яго больш хвалілі і заўважалі. Я перакананы, што ўсё адбылося з зайздрасьці. Зрэшты, ад зайздрасьці, я лічу, ідуць самыя вялікія праблемы.

— А ў Стоўпцах людзі зайздросныя?

— А ў нас у Беларусі людзей вельмі шмат зайздросных. Гэта вы кажаце, што яны памяркоўныя. Дай сёньня беларусам трохі анархіі, усё будзе палаць, ажно гай будзе шумець. Дай трошкі анархіі, дык ад касьцёлу застануцца толькі рожкі і ножкі. Хто ў нас разьбіраў замкі, касьцёлы і ўсё іншае? Як няма гаспадара, усё разьбіралі. Можа памылюся, дай Божа.

— А як гэта можна зьмяніць?

— Гэта вельмі цяжка зьмяніць, трэба грамадзтва пераканаць у неабходнасьці зьмяніцца, і нават распачаць з малога ці зь невялікай групы. Гэта цэлая ідэалёгія, і да гэтага вельмі далікатна трэба падысьці, а то гітлерызмам і сталінізмам закончыцца. Мяркую, што трэба нанова адчыніць грамадзтву хрысьціянскія каштоўнасьці, нацыянальныя на аснове беларускасьці, мовы і культуры. Напрыклад, не магчыма выхаваць беларуса, як патрыёта і добрага грамадзяніна, на расейскай мове ці на польскай мове ў Беларусі.

— Тады які сэнс у вашай працы сьвятара?

— Працую, заклікаю навяртацца. Можа, нехта і навернецца. Можа, ня дзесяць, а адзін зь дзесяці. Варта працаваць з кожным чалавекам. Калі зьменіцца хоць адзін, яго прыклад можа зьмяніць многіх. Хрыстос сказаў ясна: «Пакуль не навернецеся, то ўсе згінеце». «Мяне ня будзе, а бедныя будуць заўсёды». Таму працы будзе і ёсьць шмат. Што кажа Хрыстос заўжды збываецца, хоць не кожнаму чалавеку гэта падабаецца.

— А што можа паўплываць на жыцьцё людзей тут і цяпер, а не на тым сьвеце?

— Трэба, каб у грамадзтве была ахвота нешта памяняць, трэба каб зразумелі і захацелі ў першую чаргу кіруючыя і пераканалі падначаленых, а пры гэтым далі асабісты прыклад. Гэта адносіцца, як да дзяржаўных, так і царкоўных структур. Мы з бацюшкам асьвяцілі тое месца. Людзі хочуць, каб яно ачысьцілася ад зла. Месца можа і ачысьціцца, але Хрыстос кажа: калі злы дух выходзіць з пэўнага месца або чалавека, то блукае, а затым вяртаецца і калі бачыць, што яно вычышчана, вымецена і не занята мацнейшым, то ідзе і прыводзіць сем горшых злых духаў ад сябе, і стан чалавека становіцца горшы. Зьмена, у першую чаргу распачынаецца з нас, а не вакол нас.

— У адным горадзе жывуць сваякі ахвяры і забойцы. Як ім жыць разам?

Мяркую што, бацькі Вадзіма павінны выехаць з гэтага гораду. Чым далей, тым лепш. Людзі даруюць, але пры кожнай нагодзе вытыкнуць. У іх няма выхаду. Яны павінны выехаць. Гэта мінімум. Паяднаньня ня будзе. У Раманавых пастаянна будзе злосьць, яна застанецца. Патрэбны вялікі узаемны дар прабачэньня, які магчымы толькі тады калі чалавек звязаны цесна з Божым жыцьцём.

— А што звычайныя людзі, як ім зразумець, што мяняць?

— Хто зразумее, а хто не. Залежыць ад чалавека.

— Што вы маеце на ўвазе?

— Праблемы ня толькі трэба разумець, але нешта рабіць каб направіць, ці каб далей падобнага, па магчымасці, не здаралася. Прычына духоўнага зла — сатана. Ён робіць усё, каб закумуфляваць сябе. Прычына зла — носьбіт зла. У людзей павінна быць павага адзін да аднаго. Хто б ты ні быў. Ці ты бедны, ці ты багаты, ушануем адзін аднаго. Ці ты ўладны, ці падуладны, таксама. З павагай, пашанай, зь любоўю падыдзем да кожнага чалавека, і вучым гэтаму дзяцей. Зайздрасьць — прычына зла. Стараемся любіць і шанаваць адзін аднаго, бо ўсе мы створаныя на вобраз і падабенства Божае.

Горад «палітычнай анамаліі»

Некалькі гадоў таму ў Стоўпцах здарылася тое, ад чаго беларусы даўно адвыклі. За шмат гадоў менавіта тут дэпутатам Палаты прадстаўнікоў стала асоба, якую называюць апазыцыянэркай. Гэта Алена Анісім. Са 118 раёнаў Беларусі такое здарылася менавіта тут. Анісім і сама амаль стаўпецкая, нарадзілася і вырасла побач, у вёсцы Савоні.

Алена Анісім
Алена Анісім

Апрача таго, што спадарыня Анісім дэпутатка, яна яшчэ і кіруе Таварыствам беларускай мовы. У ліку сяброў стаўпецкай філіі гэтай арганізацыі быў Саша Раманаў.

На другі дзень пасьля забойства дэпутатка таксама выказалася пра падвойнае забойства ў сярэдняй школе № 2.

Алена Анісім праблему ўбачыла ў тым, што ў дарослых вельмі часта няма шчыльных кантактаў зь дзецьмі, страчаная камунікацыя.

— Раней у вёсцы дзіця не магло прайсьці па вуліцы, каб зь ім не загаварыў дарослы. Цяпер бацькі занятыя працай, зарабляюць грошы, а дзеці жывуць у віртуальнай прасторы, у інтэрнэце, і сваімі праблемамі яны не прывыклі дзяліцца з бацькамі ці сябрамі.

У сілу разьвіцьця цывілізацыі, я б сказала — залішняга абвалу інфармацыі, нашы дзеці аддадзеныя самі сабе. Мы мала часу трацім на глыбокія кантакты зь дзецьмі, мы мала іх выхоўваем у духу любові і клопату, — сказала Свабодзе Анісім. — А дзеці часьцяком у сілу свайго падлеткавага ўзросту, калі ў іх павышаная эмацыйнасьць, дробныя праблемы ўспрымаюць як глябальныя і альбо канчаюць жыцьцё самагубствам, альбо ідуць на нейкую агрэсію. Вядома, нешта ж справакавала агрэсію ў стаўпецкага падлетка, а ніхто гэтага не заўважыў.

Амаль пяць гадоў Алена Анісім сустракаецца з жыхарамі гораду на размовах пра «набалелае». Часта гэта крык аб дапамозе. Бо хто яшчэ можа выслухаць, як не дэпутат! Прынамсі, па інэрцыі з ранейшых часоў людзі жаляцца найперш дэпутатам, хоць рэальнай улады ў тых няма.

Я спытаўся ў Алены Анісім, пра што кажуць на сустрэчах зь ёю жыхары гораду.

— Маладзейшых хвалюе праца, заробкі, месца адпачынку для дзяцей і для сябе, пэрспэктывы росту і аблічча гораду. Для старэйшых людзей — пытаньні побыту, абслугоўваньня, рамонту дарог, вуліц. Ад часу майго школьнага дзяцінства і студэнцтва горад значна зьмяніўся. Калі раней на аўтавакзале яблыку не было дзе ўпасьці, так было людна, то цяпер людзей нашмат меней. Гэта зьвязана і з разьвіцьцём уласнага аўтатранспарту, але таксама са скарачэньнем вясковага насельніцтва. Відавочныя зьмены і ў гандлёвых аб’ектах. На плошчы замест унівэрмагу — «Эўраопт», пасьля рэарганізацыі вайсковай часткі таксама адбыліся зьмены. Ну, і зусім відавочнае — новы мікрараён з высотных дамоў.

Зрабіць рывок Стоўпцам замінае залішняя цэнтралізацыя, лічыць Алена Анісім. Усе пытаньні, на яе думку, можна вырашыць, калі разьвіваць самакіраваньне, каб людзі выбіралі кіраўніка выканаўчай улады гораду, каб маглі наўпрост уплываць на выкарыстаньне бюджэтных грошай, каб бралі ўдзел у абраньні пэрспэктыўнага пляна разьвіцьця гораду. Але пакуль гэта марныя спадзяваньні. Дэпутатку засмучае, што нават на сустрэчах зь ёю мясцовыя жыхары не заўсёды шчыра кажуць пра асобныя праблемы.

— Зьмяніць нешта можна толькі з удзелам саміх людзей. Трэба арганізоўваць моладзь, для таго каб абмеркаваць, што не падабаецца, што хацелася б мець. І далей працаваць разам, каб атрымалася тое, пра што марыцца. Хочацца верыць, што Стоўпцы — пэрспэктыўны гарадок, які палюбіць моладзь і будзе тут рэалізоўваць свае мары. Але, як на мой погляд, ёсьць нейкая зацятасьць, калі размаўляеш тут зь людзьмі, і яна спараджае панурасьць. Часам гэта прыводзіць да трагедыі.

Першыя рэчы, якія б Анісім зрабіла ў Стоўпцах, — гэта выбары мэра і адкрыцьцё краязнаўчага музэю, пра які гаворыцца амаль 20 гадоў. Выбары мэра — гэта на сёньня ня меншая ілюзія, чым 100-тысячныя Стоўпцы за 20 гадоў. Краязнаўчы музэй мог бы пачаць працу даўно. На яго быў нават выдзелены вялікі будынак у старой частцы гораду. Але неўзабаве будынак прадалі прыватнаму інвэстару, і пра музэй усе забылі. Спытаць пра гэта ў тагачаснага старшыні райвыканкаму або загадчыцы раённага аддзелу культуры ўжо немагчыма. Абое ўжо не працуюць на сваіх пасадах. І, як кажуць у Стоўпцах, не выпадкова.

Працяг будзе

Кніга Дзьмітрыя Гурневіча «Забойства ў цэнтры Эўропы» на svaboda.org

Праз гісторыю горада Стоўпцы, мясцовыя легенды і меркаваньні стаўпецкіх людзей журналіст Радыё Свабода спрабуе зразумець матывы злачынства, якое скаланула ўсю Беларусь.

Частка 1. «Банальнасьць зла» ў транзытным горадзе Стоўпцы

Частка 2. Пахаваньне настаўніцы

Частка 3. Пахаваньне вучня

Частка 4. Чумная зямля

Частка 5. Шляхі ахвяраў і забойцы ў школу № 2

Частка 6. Дом, дзе вырас забойца

Частка 7. Школьнік з аватаркай Шапэнгаўэра

Частка 8. Бацька пра сына: «Я ня мог ім надыхацца»

Частка 9. Чаму шкадуюць забойцу

Частка 10. Ганна Арэнт супраць Лукашэнкі

Частка 11. Як жыхары Стоўпцаў шукалі прычыну трагедыі

Частка 12. Кароткая гісторыя Беларусі

Частка 13. Месца злачынства

Частка 14. Альтэрнатыўныя вэрсіі трагедыі ў Стоўпцах

Частка 15. «Ад зайздрасьці ідуць самыя вялікія праблемы»

Частка 16. Горад у дэпрэсіі, бо людзі ў сабе

Частка 17. Стаўпецкі антыдэпрэсант

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG