Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Забойства ў цэнтры Эўропы. Чумная зямля


Школа нумар 2 у Стоўпцах
Школа нумар 2 у Стоўпцах

19 жніўня Менскі абласны суд пачаў разглядаць справу аб падвойным забойстве ў стаўпецкай школе № 2. Свабода публікуе новую кнігу журналіста Дзьмітрыя Гурневіча «Забойства ў цэнтры Эўропы». Праз гісторыю горада Стоўпцы, мясцовыя легенды і меркаваньні стаўпецкіх людзей аўтар спрабуе зразумець матывы злачынства, якое скаланула ўсю Беларусь.

Калі я «экранізую» ў галаве легенду пра ўзьнікненьне назвы Стоўпцы, то шкадую, што швэдзкі рэжысэр Інгмар Бэргман даўно памёр. Гэта ягоная гісторыя. У «Сёмай пячатцы» ён распавёў гісторыю рыцара, які вярнуўся з вайны ў ахопленую чумою Швэцыю і сустрэўся там са Сьмерцю. Тая ўсяляк хацела зьвесьці з рыцарам рахункі, а ён спрабаваў яе падмануць. Калі б Бэргман узяўся экранізаваць легенду пра ўзьнікненьне назвы Стоўпцы, кіно атрымалася б ня менш вусьцішнае.

Легенда кажа, што некалі на месцы сёньняшняга гораду быў лес. У тым лесе стаяў кляштар, дзе жылі манахі, якія рэдка бачыліся зь людзьмі.

Аднойчы ў кляштары пачалася чума. Цікаўныя мясцовыя сяляне вырашылі наведаць манахаў. Калі прыйшлі, то пабачылі, што ўсе манахі мёртвыя. Каб абараніць іншых ад сьмяротнай хваробы, людзі паставілі на магілах манахаў слупы, якія папярэджвалі, што на гэтым месцы чумная зямля. Калі хто бачыў слупы, то ведаў, што гэтага месца трэба пазьбягаць. Але сёньня тут стаіць горад, а значыць, людзі парушылі забарону.

Вядома, гэта толькі легенда. Але, як і ў фільме Бэргмана, у гісторыі Стоўпцаў людзі ня раз гулялі ў шахматы са Сьмерцю.

Паводле легенды, кляштар разьмяшчаўся акурат на тым месцы, дзе сёньня стаіць школа № 2. Калі даваць легендзе веры, то магілы манахаў — на школьным футбольным полі, бо менавіта там стаяў адзіны вядомы ў гісторыі Стоўпцаў кляштар.

Чумная зямля, якую сяляне пазначылі слупамі, гэта і ёсьць тое самае месца, дзе ў 42 дзень 2019 году «ціхі і спакойны» хлопчык Вадзім М., які «ня ўлазіў у кепскія кампаніі і добра вучыўся», забіў ударамі нажа ў шыю і сьпіну сваю настаўніцу гісторыі Марыну Пархімовіч і вучня 11 клясы, генія і аматара філязофіі Сашу Раманава.

Пляцоўка каля школы нумар 2, дзе, паводле легенды, стаяў кляштар
Пляцоўка каля школы нумар 2, дзе, паводле легенды, стаяў кляштар

Стоўпцы — брама ў Эўропу

Яшчэ доўга пасьля вайны ў Стоўпцаў быў асаблівы статус — буфэрная зона. Тут даўжэй, чым у іншых месцах, людзі не маглі атрымаць пашпарты. Выехаць адсюль было няпроста, ішлі жорсткія і татальныя праверкі. Прычынай было званьне «брама ў Эўропу», якую горад атрымаў у міжваенны час.

У чэрвені 1930 году наведнікі стаўпецкага вакзалу назіралі незвычайную карціну. Па будынку цягаўся малады чалавек і пытаўся на ламанай ангельска-нямецкай гаворцы, ці тут ужо заканчваецца Азія і пачынаецца Эўропа. Малады чалавек быў сынам брытанскага прэмʼера — Малкальмам Макдональдам. Разам з двума сябрамі ён жабраваў на вакзале, просячы на квіток да Варшавы.

Чыгуначны вакзал у Стоўпцах
Чыгуначны вакзал у Стоўпцах

Пакідаючы СССР, тройка сяброў мела непрыемнае здарэньне ў Негарэлым, на савецкім баку. Тамтэйшыя мытнікі дазваньня ачысьцілі заходніх турыстаў ад усялякіх грошай. Іх гісторыю выслухаў і зразумеў супрацоўнік стаўпецкай мытні Антон Невядомскі. І ня толькі зразумеў, а ўзяўся дапамагчы. Разам з калегам Сьцяпанам Сьнітко яны сабралі патрэбныя Макдональду 100 злотых, і той зь сябрамі даехаў да Варшавы.

Празь некалькі тыдняў на стаўпецкім вакзале атрымалі ліст:

«Мой дарагі пан Сітко! Прашу прабачэньня за доўгі час, на які я зацягнуў аплату вам майго доўгу. Справа ў тым, што, вярнуўшыся ў Англію, я нідзе ня мог набыць польскія грошы аж да вяртаньня ў Лёндан. Вы знойдзеце свае 100 злотых дададзенымі да гэтага ліста. Дазвольце мне яшчэ раз падзякаваць вам за дабрыню і шчодрасьць, якую вы аказалі маім сябрам і мне ў Стоўпцах, калі мы трапілі ў цяжкую сытуацыю. Гэта быў учынак, якому мы зьдзівіліся і які высока адзначылі. Са шчырымі словамі падзякі М. Макдональд».

Свой камэнтар да гісторыі дадала і рэдакцыя газэты «Dziennik Białostocki», дзе ўся гісторыя і была апісаная:

«Спадзяёмся, што сын прэмʼера Англіі з таго часу будзе ў стане радасна паказаць на мапе мяжу паміж Эўропай і Азіяй».

Рэдакцыя не перагнула. Стоўпцы і сапраўды на міжваеннай мапе былі пунктам паміж Усходам і Захадам. І, на шчасьце для Стоўпцаў, на заходнім баку.

Пасьля таго як у 1921 годзе горад увайшоў у склад Польшчы, ён стаў галоўным пунктам на мяжы з СССР. Менавіта сюды прыбываў славуты цягнік «Стоўпцы-Парыж». А на памежжы, як на памежжы — сумна не бывае.

Жыцьцё ў Стоўпцах круцілася каля вакзалу. Сустрэць тут можна было каго заўгодна: пісьменьнікаў Барыса Пастэрнака, Ільлю Эрэнбурга, Аляксея Талстога, Максіма Горкага. Гасьцяваў тут нават брытанскі прэмʼер Энтані Ідэн. А Ўладзіміра Маякоўскага менавіта агляд стаўпецкімі памежнікамі натхніў на славутыя радкі: «Я достаю из широких штанин дубликатом бесценного груза...»

Нават пасьля «абʼяднаньня» 1939 году, калі афіцыйна Беларусь заканчвалася недзе за Беластокам, мяжа ў Стоўпцах існавала, як і раней. Наваградзкі габрэй Джэк Коган узгадваў у сваіх успамінах, як у чэрвені 1941 году габрэі масава пачалі ўцякаць на ўсход ад наступленьня нацыстаў. Але ў Стоўпцах памежнікі адмовіліся прапускаць іх празь мяжу, якой ужо два гады нібыта не існавала. Па ўцекачах яны адкрылі агонь.

У жніўні 1924 году пра Стоўпцы пісалі многія эўрапейскія газэты. Гэтае здарэньне потым нават назавуць першым тэрактам у гісторыі міжваеннай Польшчы. 4 жніўня дывэрсійная група пад камандаваньнем Станіслава Ваўпшасава напала на горад, каб вызваліць з турмы чальцоў камуністычнай партыі Заходняй Беларусі. У камандзе Ваўпшасава было амаль 60 чалавек. Іхнай галоўнай задачай было ўратаваць лідэраў КПЗБ Паўла Корчыка і Стэфана Скульскага.

Акружыўшы горад з усіх бакоў, яны напалі і зь лёгкасьцю захапілі Стоўпцы. Але групу Ваўпшасава цікавіла ня толькі вызваленьне калегаў-бальшавікоў. Яны зьнішчылі будынак пошты, скралі ўсе грошы з касы, забілі сямёх паліцыянтаў і аднаго чыноўніка, разграмілі пастарунак, падпалілі вакзал, абрабавалі крамы і многія дамы ў горадзе.

Сёньня «Стаўпецкая апэрацыя» лічыцца самай гучнай у міжваенны час на польска-савецкай мяжы. Гэта была і адна зь першых «гібрыдных апэрацый» у СССР. Савецкі ўрад сьцьвярджаў, што ніякіх сваіх дывэрсантаў у Стоўпцы не высылаў.

Праз шмат гадоў апэрацыю ў дэталях апіша сам Ваўпшасаў, атрымаўшы тытул «легендарнага чэкіста». Ёсьць у кнізе цікавы момант пра тое, як ягоная група, уцякаючы, згубіла ў Стоўпцах аднаго са сваіх людзей, разьведчыка Пятра Іоду.

«Уланы схапілі яго, зьбілі і правялі па вуліцах, падганяючы прыкладамі. Ён ледзь перастаўляў ногі, апухлы і акрываўлены. Яго суправаджалі міласэрнымі поглядамі і глухім шумам працоўнага люду. Вайсковы суд акупантаў прысудзіў Іоду да сьмяротнага пакараньня».

Разьведчыка доўгі час лічылі загінулым, бо ня ведалі, што палякі замянілі расстрэл на пажыцьцёвае зьняволеньне. У верасьні 1939 году, калі Чырвоная Армія напала на Польшчу, Іоду вызвалілі з турмы. У 1957 годзе, падчас паездкі па месцах «баявой славы» яго выпадкова сустрэў Ваўпшасаў. Іода працаваў у калгасе, жывы і здаровы. І яны ўзгадалі разам былыя прыгоды за чаркай.

Вызваленыя ў той апэрацыі камуністы Корчык і Скульскі падзякаваць Іоду пэрсанальна не змаглі. Скульскага ў 1937 годзе ў СССР расстралялі за «ўдзел у антысавецкай арганізацыі» і ў той самы дзень крэміравалі. Корчыка годам раней выслалі ў ГУЛАГ, а ў 1938 годзе прысудзілі да расстрэлу «за контрарэвалюцыйную агітацыю сярод зьняволеных». Памёр ён у турме.

Так завяршылася самая гучная падзея ў Стоўпцах у першай палове XX ст.

Дзьве душы Стоўпцаў

Іду па Стоўпцах і спрабую знайсьці прыкметы гораду ў жалобе. Марная справа. Не таму, што людзі тут абыякавыя да бяды. Гарадзкую жалобу тут абвясьцілі самі, не чакаючы нават указаў зь Менску. І людзі тут такія, як паўсюль. Але колькі я памятаю Стоўпцы, то яны заўжды былі такія. Спакойныя, з рэдкім аўтамабільным рухам, амаль пустымі вуліцамі і ціхімі мінакамі. Нібыта жалоба тут штодзённа.

Калі я скажу, што Стоўпцы — гэта страшны і змрочны горад, дзе любому захочацца ўзяцца за нож, то гэта будзе хлусьнёй. Калі я скажу, што гэта сьветлае і ціхае мястэчка, дзе лад жыцьця спакойны, як ягоныя жыхары, то гэта таксама няпраўда. У Стоўпцаў некалькі душаў. І кожны тутэйшы жыхар сам выбірае той горад, у якім ён жыве. Гэта ня патасная фантазія. Пагаварыце зь мясцовымі, і вы гэта адчуеце.

Адны жывуць у горадзе, дзе «льецца Нёман срэбнаводны», у месцы, дзе дубы натхнялі клясыка нацыянальнай літаратуры Якуба Коласа. А значыць, гэтае месца асаблівае, іншае. Прыгажэйшае, больш вартае, унікальнае. Зрэшты, і маці другога клясыка, Янкі Купалы, таксама з гэтага краю. Ну, гэта ж пра нешта сьведчыць. За Стоўпцы судзіліся магнацкія роды, а значыць, было за што. Тут некалі былі такія кірмашы, што гай шумеў. Да сталіцы — рукой падаць, зь іншага боку — вялізная пушча, азёры, маляўнічыя вёскі. Горад працінае дарога, якая ў адзін бок прывядзе да Масквы, а ў другі — да Парыжу. У гэтых Стоўпцах усе адзін аднаго ведаюць. У выходныя ходзяць у царкву або касьцёл. А хто ня верыць у Бога, можа паплаваць у навюткім басэйне або пазаймацца фітнэсам. Стаўпецкая ідылія.

Жыхары гэтых Стоўпцаў любяць свой горад, лічаць яго найлепшым, ведаюць, што ў мінулым ён быў прыгожы і велічны. А нават калі і ня ведаюць ягонай гісторыі, то раскажуць, што ён быў менавіта такі. Ім тут амаль усё падабаецца, а калі нават што і замінае, то цярпіма. Для іх Стоўпцы — ціхае і сьветлае мястэчка ў геаграфічным цэнтры Эўропы. Іншыя цэнтры Эўропы — фэйкі, а самы сапраўдны тут. Стоўпцы даюць ім свабоду, бо тут іх не турбуе мітусьня. Яны жывуць у гэтым горадзе з ўласнага выбару, а не таму, што «нешта некаму павінны». І яны хочуць памерці менавіта тут, калі на гэта прыйдзе час, а ня проста чакаюць сваёй сьмерці, гледзячы на каляндар.

Другая душа Стоўпцаў зь першай нават не знаёмая.

У гэтым горадзе зьмяніўся нават Нёман. Ён зьмялеў ад убачанага настолькі, што нагадвае ня «бацьку-Нёмна» са славутага гімну Нестара Сакалоўскага, а дробнага сівога дзядулю, які ссох дашчэнту і чакае апошняга дня, бо яму не цікава, ён ужо ўсё пабачыў і ведае. Дзіўна, але горад на Нёмне нібыта не заўважае, што ён на Нёмне. Тут няма ані алеі ўздоўж ракі, ані прыгожага пляжу. Рака плыве ва ўсіх сэнсах паралельна і са Стоўпцамі не перасякаецца.

Для жыхароў гэтага гораду Стоўпцы — дэпрэсіўнае месца нязьдзейсьненых мараў. У такім горадзе яны штодзённа прачынаюцца і засынаюць.

Тут няма працы, няма куды пайсьці і няма да каго пайсьці. Таму людзі бавяць вечары перад блакітнымі экранамі, а іх дзеці праводзяць дзяцінства ў смартфоне. Для іх Стоўпцы — турма. І хоць вакол няма ніякай агароджы, уцячы адсюль яны ня могуць.

У гэтых Стоўпцах жыхароў амаль нічога ня цешыць. Горад для іх не невялікі, а дробны. Тут не спакой, а балота. Нёман даўно высах, а пра Коласа ніхто ўжо ня памятае. І што з таго, што ён тут нарадзіўся? Ці мала хто тут нарадзіўся! Стваральнік партыі беларускіх нацыстаў Фабіян Акінцыц, супрацоўнік гёбэльсаўскага Міністэрства прапаганды ў Трэцім Райху, таксама тутэйшы.

Канечне, заслужанымі землякамі звычайна ганарацца. Але пасьля таго, як Колас пакінуў гэтыя мясьціны, ён тут амаль не зьяўляўся. І прычына ня ў тым, што амаль 20 гадоў Стоўпцы і БССР дзяліла мяжа. Ён і пасьля амаль сюды ня езьдзіў. Колас лічыў, што сямʼя, якая засталася на малой радзіме, хоча ад яго аднаго — грошай.

Якуб Колас
Якуб Колас

На лішак грошай у Стоўпцах людзі не пакутуюць і сёньня. І гэта адна з прычынаў, чаму жыхары Стоўпцаў недалюбліваюць свой горад.

А ўсё магло быць зусім інакш. Калі б Стоўпцам пашанцавала, тут магла б быць нават сталіца Беларусі. Адразу пасьля вайны гэтая ідэя ўсурʼёз абмяркоўвалася на нарадах савецкіх чыноўнікаў у разбураным падчас вайны Менску. Новую сталіцу прапанавалі пабудаваць на Нёмне, які цячэ за хлявамі гараджан. Калі падлічылі ўсе выдаткі, то з ідэяй разьвіталіся. Але зададзеная тады плянка яшчэ доўга не адпускала бээсэсэраўскую вярхушку, і ад Стоўпцаў вечна нечага чакалі і патрабавалі.

Вялікую будучыню гораду прадбачылі ў 1981 годзе. Стоўпцам прызначылі ролю спадарожніка Менску і прадракалі статус індустрыяльнага цэнтру. Заводы і фабрыкі павінны былі адпавядаць самым сучасным патрабаваньням. Да 2000 году насельніцтва гораду мелася наблізіцца да 100 тысячаў.

Паводле афіцыйных зьвестак, у Стоўпцах сёньня жыве амаль 17 тысяч чалавек, але самі стаўпецкія кажуць пра 14 тысяч. Ажно 3 тысячы з гораду-спадарожніка ўцяклі на плянэту Менск і іншыя зоркі. З буйных прадпрыемстваў застаўся філіял Менскага маторнага заводу, які, паводле саміх рабочых, ледзь дыхае і пакрысе даходзяць да ручкі. Іншыя дзяржаўныя прадпрыемствы або прадаюць, або зачыняюць. Амаль палова працаздольнага насельніцтва штодзённа езьдзіць працаваць у сталіцу, за 80 кілямэтраў.

Іду і не магу паверыць, што за амаль 30 гадоў, як я ведаю Стоўпцы, гэты горад амаль не зьмяніўся. Чысьціня стэрыльная. Ані сьмецьця, ані сьметніц. Як быццам усё сьмецьце людзі цягнуць з сабою.

— Чаму ў вашым горадзе няма нават лавачак, каб пасядзець і перадыхнуць? — пытаецца ў мяне калега зь Менску.

Ёсьць пара лавачак на плошчы каля помніка Леніну, ёсьць у парку каля стадыёна, ёсьць на стадыёне. Спрабую прыгадаць, дзе яшчэ, і не магу. Сапраўды, лавачак тут вобмаль. Я ніколі пра гэта раней ня думаў. Калі няма, значыць, ніхто ня просіць. Калі ня просяць, то яны нікому не патрэбныя. Пасядзець жа можна дома або на працы. Людзі не прывыклі тут сядзець на лавачках. Адпрацавалі — і ў хату.

Мне цяжка ўявіць стаўпецкіх людзей на лавачках. Іх крэпасьць — гэта іхні дом, кватэра або двор. Горад для іх нібыта не існуе. Гэта проста месца, дзе стаяць будынкі, у якіх яны жывуць і працуюць. Нават хаваць нябожчыкаў са Стоўпцаў вязуць у вёскі, адкуль яны родам.

Працяг будзе

Кніга Дзьмітрыя Гурневіча «Забойства ў цэнтры Эўропы» на svaboda.org

Праз гісторыю горада Стоўпцы, мясцовыя легенды і меркаваньні стаўпецкіх людзей журналіст Радыё Свабода спрабуе зразумець матывы злачынства, якое скаланула ўсю Беларусь.

Частка 1. «Банальнасьць зла» ў транзытным горадзе Стоўпцы

Частка 2. Пахаваньне настаўніцы

Частка 3. Пахаваньне вучня

Частка 4. Чумная зямля

Частка 5. Шляхі ахвяраў і забойцы ў школу № 2

Частка 6. Дом, дзе вырас забойца

Частка 7. Школьнік з аватаркай Шапэнгаўэра

Частка 8. Бацька пра сына: «Я ня мог ім надыхацца»

Частка 9. Чаму шкадуюць забойцу

Частка 10. Ганна Арэнт супраць Лукашэнкі

Частка 11. Як жыхары Стоўпцаў шукалі прычыну трагедыі

Частка 12. Кароткая гісторыя Беларусі

Частка 13. Месца злачынства

Частка 14. Альтэрнатыўныя вэрсіі трагедыі ў Стоўпцах

Частка 15. «Ад зайздрасьці ідуць самыя вялікія праблемы»

Частка 16. Горад у дэпрэсіі, бо людзі ў сабе

Частка 17. Стаўпецкі антыдэпрэсант

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG