Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Забойства ў цэнтры Эўропы. «Банальнасьць зла» ў транзытным горадзе Стоўпцы


Пахаваньне Аляксандра Раманава ў Стоўпцах

19 жніўня Менскі абласны суд пачынае разглядаць справу аб двайным забойстве ў стаўпецкай школе №2. Свабода пачынае публікацыю новай кнігі журналіста Дзьмітрыя Гурневіча «Забойства ў цэнтры Эўропы». Праз гісторыю горада Стоўпцы, мясцовыя легенды і меркаваньні стаўпецкіх людзей аўтар спрабуе зразумець матывы злачынства, якое скаланула ўсю Беларусь.

Першае слова

11 лютага 2019 году ў школе №2 горада Стоўпцы ўпершыню ў Беларусі адбылося падвойнае забойства ў навучальнай установе. 15-гадовы школьнік зарэзаў сваю настаўніцу і вучня 11-ай клясы. Яшчэ двух аднаклясьнікаў нападнік цяжка параніў.

Дзьмітры Гурневіч у Стоўпцах, люты 2019
Дзьмітры Гурневіч у Стоўпцах, люты 2019

Забойцу затрымалі. Забітых пахавалі. Кіраўнік краіны сказаў, што вінаватыя ўсе. Жалоба скончылася і горад вярнуўся да ранейшага жыцьця. Я ведаю гэты горад і яго жыхароў. Я нарадзіўся і вырас побач зь ім. Там жывуць мае сваякі і сябры. Любы мой шлях з роднай вёскі амаль заўсёды вёў праз Стоўпцы. На другі дзень пасьля забойства я вярнуўся туды, каб пачуць адказы на свае пытаньні ад людзей, якія сталі сьведкамі здарэньня, сярод якіх жылі забойца і ягоныя ахвяры.

Я ня сьледчы і нават ня сьледчы журналіст. Я распавядаю пра тое, што ўбачыў, пачуў і адчуў у Стоўпцах пасьля забойства. Яно на доўгія гады павісьне траўмай на спакойным, павольным і сонным горадзе, як кажуць пра яго мясцовыя жыхары. А можа гэта проста ілюзія? Што калі яны жорстка памыляюцца і зусім ня ведаюць месца, дзе жывуць, і горад насамрэч зусім не такі?

Пытаньні Ганны Арэнт жыхарам Стоўпцаў

Вадзім М. падчас забойства быў абсалютна здаровым і сьвядомым, як вынікае з афіцыйнай інфармацыі сьледзтва. Калі б ён быў псыхічна хворым або знаходзіўся пад уплывам алькаголю ці наркотыкаў, патлумачыць ягоны ўчынак было б проста. Але гэты аспэкт — нармальнасьць — робіць справу складанай.

У першыя дні пасьля забойства пытаньні — чаму і за што? — задавалі ня толькі жыхары Стоўпцаў, а ўся краіна. Стаўпецкая трагедыя стала самым папулярным запытам у інтэрнэт-пошукавіках. Хто вінаваты, апрача забойцы: бацькі, школа, а можа мы ўсе? І ці выпадкова тое, што гэты крывавы панядзелак адбыўся менавіта ў Стоўпцах? Адкуль зло?

Філёзафы шукаюць адказ на гэтае пытаньне тысячы гадоў.

У наш час самы, верагодна, дакладны адказ дала жанчына, якая памерла за некалькі гадоў да майго нараджэньня, ніколі не была ў Стоўпцах, але якая, я думаю, з поўным разуменьнем прачытала б маю беларускую гісторыю. Яе кніга «Банальнасьць зла» дапамагала мне ў працы над гэтай кнігай. Яе звалі Ганна Арэнт.

Ганна Арэнт
Ганна Арэнт

У 1960 годзе ізраільскія спэцслужбы выкралі ў Аргентыне нацысцкага злачынцу Адольфа Айхмана. Суд над Айхманам адбываўся ў Ерусаліме. Ганна Арэнт апісвала працэс для амэрыканскага часопіса The New Yorker. Назіраньні за судом і ўласныя разважаньні Арэнт сталі асновай для адной з найважнейшых кніг у гісторыі — «Банальнасьць зла».

Аўтарка шукае і знаходзіць свой адказ на пытаньне: як Адольф Айхман, адукаваны чалавек, бяз расавых забабонаў, стаў адным з самых страшных у гісторыі забойцаў мільёнаў габрэяў? Як культурны і адукаваны нямецкі народ мог прывесьці да ўлады нацыстаў, а потым заплючшваць вочы на іх злачынствы і ў выніку стаць іх саўдзельнікам?

Адольф Айхман на судзе ў Ерусаліме, 1962
Адольф Айхман на судзе ў Ерусаліме, 1962

Паводле Арэнт, каб учыняць зло, ня трэба быць дэгенэратам, чалавекам бяз этыкі і маралі. Зло, на яе думку, учыняюць самыя звычайныя людзі, якія прымаюць за норму пэўны парадак і правілы ў грамадзтве. Мы можам прыняць і трымацца самых абсурдных правілаў, нават калі яны наскрозь паталягічныя. І мы будзем кіравацца імі ў сваім жыцьці, пакуль не пачнем задаваць сабе пытаньні пра іх сутнасьць.

Здарэньне ў Стоўпцах ня мае ніякага дачыненьня да матываў Айхмана. Яно несувымернае зь мільёнамі ахвяраў сыстэмы, часткай якой быў Айхман. Але калі зло банальнае і нават самы сумленны чалавек можа стаць монстрам, то што стала імпульсам для трагедыі ў Стоўпцах? Якія парадкі або правілы?

На гэтыя пытаньні Ганны Арэнт адказваюць героі гэтай кнігі. Ананімныя і пад уласнымі імёнамі. Жывыя і мёртвыя.

Вяртаньне ў транзытны горад

Серада, другая раніца пасьля забойства. Толькі разьвіднела. Холад працінае наскрозь, на вуліцах ні душы. Каля школьнай брамы ані кветачкі, ані зьніча, як быццам тут пачынаецца звычайны вучэбны дзень. Кветкі сюды прыносілі яшчэ ў панядзелак, але іх тут жа прыбіралі. У горадзе ўсё мае быць ціха і спакойна.

У школьных вокнах дзе-нідзе гарыць сьвятло. Спрабую ўявіць, за якімі зь іх разыгралася гэтая драма. І намагаюся ўзгадаць тое акно, празь якое я некалі сам глядзеў на гэтую браму, калі ўпершыню быў па іншы бок акна, у гэтай школе.

Школа №2 у Стоўпцах аднавіла працу на раніцу пасьля двайнога забойства
Школа №2 у Стоўпцах аднавіла працу на раніцу пасьля двайнога забойства

Гэта было 20 гадоў таму. Была падобная пара, зіма, халадэча і шэрасьць. У розных клясах школы нумар 2 дзеці спаборнічалі за званьне самых разумных. Я сядзеў за партай і тросься падчас раённай алімпіяды па гісторыі. Мы, вясковыя вучні, якіх прывезьлі ў гарадзкую школу на спаборніцтва, жалосна паглядала адзін на другога і кідалі зьдзіўленыя позіркі на мясцовых вучняў. Як толькі нам усім раздалі заданьні, яны пішуць, пішуць і пішуць. Што мы тут робім, чаго мы тут ганьбімся? Гэта ў сваіх вясковых школах мы знаўцы гісторыі, а тут мы проста статысты, а рэй вядуць гарадзкія. Каровы, сьвіньні, хлявы, гной, якая яшчэ алімпіяда?

Жывучы ў вёсцы, я зайздросьціў гарадзкім аднагодкам, іхнаму побыту і вольнаму ад вучобы часу. Вёска прапаноўвала зусім іншае. А горад пачынаўся ў Стоўпцах, дзе апрача звыклых вясковых будынкаў, былі і мураваныя дамы, пяці- і дзевяціпавярховікі, без хлявоў за імі.

Хачу злавіць позірк стаўпецкай дзяўчыны, якая ўжо пятую хвіліну піша і піша. Але як, калі яна нават не ўздымае галавы? Маім суцяшэньнем за стрэс было 4 месца, зь якім мяне празь некаторы час павіншавалі. Сумняюся, што такое месца існуе ў прыродзе. Але хтосьці ў той школе зьвярнуў увагу на маю пісаніну і неўзабаве ў мяне зьявілася другая нагода, каб туды прыехаць.

Некалькі месяцаў я сур’ёзна думаў над тым, каб кінуць сваю вясковую школу і давучыцца два апошнія гады ў школе N2. Увесну я ізноў шпацыраваў па калідоры гэтай школы, разам з настаўнікам гісторыі. Ён заахвочваў мяне кінуць Налібакі і атрымаць атэстат саліднай гарадзкой школы, каб потым лёгка паступіць у ВНУ.

— Адсюль будзе прасьцей, успрымай гэта як транзыт, — заахвочваў мяне настаўнік. Тады я ўспрымаў гэта як скачок зь вёскі адразу ў Гарвард, але нічога ня выйшла. Я спалохаўся жыцьця без бацькоў і побыту, хай сабе і ў невялікім, але горадзе.

Вучні каля агароджы стаўпецкай школы №2
Вучні каля агароджы стаўпецкай школы №2

Гэты стрэс і страх я ўзгадаў праз 20 гадоў, калі 13 лютага адчыняў браму той самай школы. Скупыя купкі вучняў выходзяць праз галоўны ўваход, ідуць за школу, і праз пару хвілінаў вяртаюцца.

— Добры дзень, можа вы ведаеце, а якой гадзіне і ў якой царкве будуць адпяваць Сашу Раманава, — гучна запытваюся ў дзяцей праз агароджу.

Маё пытаньне немагчыма не пачуць, але паўтузіна дзяцей з кветкамі, з пахіленымі галовамі, няўмела спрабуюць паказаць, што яны нічога не заўважаюць і заходзяць у школу. З гэтай школай мне не шанцуе, ізноў, як і 20 гадоў таму, пахіленыя галовы.

Празь некалькі хвілінаў у браму заходзіць жанчына. Задаю ёй тое самае пытаньне. Нават не гледзячы на мяне, яна адказвае, што ня ведае. Ведае і ведаюць дзеці. Я разумею, што маўчаць гэта не іх уласны выбар. Гэта выбар і загад дарослых, каб яны не размаўлялі з чужымі, сярод якіх могуць быць журналісты. Бо тыя ўчэпяцца за нейкія дэталі і ня дай Бог раскапаюць нешта раней за сьледчых. А раскапаць можна, што заўгодна. Горад кішыць плёткамі. Але на што яны разьлічваюць гэтым маўчаньнем? Што я разьвярнуся і пайду адсюль?

У мяне няма да іх прэтэнзій. Сёньня я сапраўды адчуваю сябе тут чужаком, які замінае людзям перажываць жалобу.

— Вы ж са Стоўпцаў, вы ж там свой, вы шмат каго ведаеце? — спытала мяне рэдакцыйнае начальства ў Празе, калі навіна пра нажавое забойства ў школе ўспарола інфармацыйную прастору ад Беларусі да Чэхіі.

І праз пару гадзінаў я ўжо ехаў у аэрапорт. Прамога рэйса не было і давялося ляцець праз Маскву. Чакаючы перасадкі ў Менск, мне напісаў маскоўскі знаёмец. Калі ён дазнаўся пра прычыну паездкі на радзіму, то вельмі зьдзівіўся:

— А што тут надзвычайнага, у нас, у Расеі такое часта здараецца.

Але ў нас не. Я спадзяваўся, што свайму сярод сваіх пра гэта будзе гаварыць прасьцей. Але ўжо падыходзячы да брамы школы я адчуў, што гэта ня так. Свайму ў разы цяжэй. Ён ведае тых, хто плача і хоча перажываць гэты смутак разам зь імі. Мяне адправілі на пахаваньне сваякоў і папрасілі зрабіць рэпартаж з хаўтураў. Я хачу проста ісьці ў жалобным шэсьці, не намацваючы ў кішэні дыктафон.

Адчыняю браму і іду энэргічным крокам, а ў самога скручвае ў жываце. За вакном у дзьвярах бачу сталага сівога мужчыну, які спакойна глядзіць мне ў вочы. Рыхтуюся да таго, што дзьверы будуць зачыненыя і што гэты погляд праз сэкунду правядзе мяне назад да брамы. Не, усё адчынена. Заходжу, пытаюся пра тое самае. Ахоўнік абяцае вярнуцца прах хвіліну і зьнікае за чарговымі дзьвярыма з вокнамі. За імі, у цэнтры фае, два партрэты. Настаўніцы і яе вучня. На мяне глядзяць сур’ёзныя твары са здымкаў, быццам яны ведалі, што гэтае фота робіцца менавіта для такой нагоды. Перад здымкамі гараць зьнічы, ляжаць кветкі. Навокал дзеці ў куртках і з букетамі, гатовыя рушыць на разьвітаньне з забітымі. Сівы мужчына вяртаецца і тлумачыць мне ўсё, пра што я пытаўся.

— А вы тут былі ў панядзелак? — пытаюся ў яго.

— Так, быў.

— Памятаеце, як яны заходзілі ў школу?

— А вы чаму пытаецеся, вы хто?

— Я свой, з Налібак, працую журналістам. Уся краіна абмяркоўвае гэтую бяду і мы хочам расказаць, што было насамрэч.

— Не, з журналістамі мы не размаўляем. Вы напішаце, спашлецеся на ахоўніка, а навошта мне гэта? — спакойна адказвае мужчына.

Ён бачыў забойцу і ахвяраў за некалькі хвілінаў трагедыі. Ён быў адным з апошніх, хто пажадаў Вадзіму М., Сашу Раманаву і Марыне Пархімовіч добрай раніцы. Дзякую і сыходжу. У мяне з гэтай школай ізноў не атрымалася.

Працяг будзе.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG