Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Забойства ў цэнтры Эўропы. Месца злачынства


Стаўпецкая школа № 2

19 жніўня Менскі абласны суд пачаў разглядаць справу аб падвойным забойстве ў стаўпецкай школе № 2. Свабода публікуе новую кнігу журналіста Дзьмітрыя Гурневіча «Забойства ў цэнтры Эўропы». Праз гісторыю горада Стоўпцы, мясцовыя легенды і меркаваньні стаўпецкіх людзей аўтар спрабуе зразумець матывы злачынства, якое скаланула ўсю Беларусь.

— А вы паглядзіце на тры апошнія лічбы паштовага індэксу Стоўпцаў, і ўсё зразумееце, — напісаў адзін чалавек пра трагедыю ў школе.

Стаўпецкі індэкс я ведаю зь дзяцінства, і тры апошнія лічбы — 666. Маўляў, гэтая дʼябальская камбінацыя — знак, які дае зразумець, чаму ў такім невялікім гарадку так часта здараюцца драматычныя і трагічныя падзеі. Перад забойствам у школе тут воўк моцна пакусаў людзей. Пасьля забойства ў школе за горадам знайшлі павешаным маладога сьледчага. Гэта за няцэлыя два месяцы. А колькі ўсяго за шмат гадоў? А колькі нам невядома?

Сустракаў я і такіх, хто ня меў сумневаў, што дзьве сьмерці і змарнаванае жыцьцё нападніка — гэта боская кара за здарэньне, якое адбылося на месцы школы № 2 у 1958 годзе.

Больш за 60 гадоў таму тут стаяў галоўны сымбаль Стоўпцаў — касьцёл сьвятога Казіміра. Яго ў 1645 годзе пабудавалі тагачасныя гаспадары гораду з роду Слушкаў. Гэта была вялікая барочна-рэнэсансавая сьвятыня з багатым убраньнем усярэдзіне з гіпсу і каляровага граніту. У каменнай падлозе былі ўмураваныя 13 мармуровых надмагільных плітаў у памяць пра ахвярадаўцаў касьцёла.

У 1958 годзе камуністычныя ўлады вырашылі падарваць касьцёл. Спачатку цяжкая тэхніка зьнішчыла вежы, а рэшту дарабіла выбухоўка.

Касьцёл Сьвятога Казіміра
Касьцёл Сьвятога Казіміра

Сярод пахаваньняў у лёхах касьцёла адно было асаблівае. Пакланяцца яму ў эпоху Рэчы Паспалітай штогод прыходзілі дзясяткі тысяч людзей.

Пра гэтага чалавека яшчэ нядаўна кожны вучань школы мог даведацца, як гэта ні дзіўна, на ўроку рускай літаратуры. Успамін пра яго з другой паловы XVIII стагодзьдзя пакінуў у сваіх мэмуарах расейскі літаратар Дзяніс Фанвізін.

«27-га абедалі ў мястэчку Стоўпцах, дзе ляжаць мошчы сьвятога Фабіяна, які дзівіць усю Польшчу цудатворствамі. Я хадзіў яго глядзець, і прызнаюся вам, што, не пабачыўшы сам, не паверыў бы таму, як людзі да варʼяцтва могуць быць забабоннымі. Галоўнае гэтага сьвятога ўмельства палягае ў выгнаньні чарцей з шаленцаў. ...Забабоны тут дайшлі да неверагоднай ступені...», — пісаў Фанвізін.

Забабоннасьць мясцовых людзей расеец прыкмеціў дакладна. Ранкам у касьцёл ці царкву, днём да шаптухі, а вечарам — варажыць на картах. Але ж ці толькі ў Стоўпцах так?

Фабіян, насамрэч, ня быў сьвятым..Але мог ім стаць, а можа некалі і стане. Гэты чалавек стагодзьдзямі быў, як бы сёньня сказалі, брэндам Стоўпцаў. Сёньня пра Фабіяна памятаюць, можа, адзінкі, таму гэтую гісторыю важна пераказаць.

Фабіян Малішэўскі нарадзіўся 9 лістапада 1583 году на тэрыторыі сучаснай Польшчы. Яшчэ перад 18-годзьдзем пайшоў у дамініканскі кляштар у Львове. Малады манах быў вельмі таленавіты, пачаў вывучаць філязофію і неўзабаве абараніў ступень бакаляўра. Выяжджаў з рознымі дамініканскімі місіямі ў Ватыкан і Лісабон. А ў 1621 годзе яго пасылаюць у Стоўпцы, дзе Слушкі пабудавалі дамініканскі кляштар.

Фабіян Малішэўскі
Фабіян Малішэўскі

Мяркуецца, што менавіта зь ім і зьвязанае будаўніцтва касьцёла. Нібыта Аляксандар і Сафія Слушкі, выбіраючы месца разам з Малішэўскім, убачылі ўдода і ў ягоным сьпеве пачулі — «тут, тут». У гэтым месцы яны і вырашылі будаваць сьвятыню.

Энэргічны манах аказаўся вельмі пасьпяховым мэнэджэрам. Ужо праз пару гадоў пасьля прыезду ў Стоўпцы Рым павысіў ягоны статус, а ў кляштары было ўжо 12 манахаў. Але ў 1628 годзе Фабіян зь невядомай прычыны просіць вызваліць яго з пасады прыёра ў Стоўпцах. І зьяжджае на 15 гадоў.

Калі Малішэўскі вярнуўся ў Стоўпцы, касьцёл Сьвятога Казіміра ўсё яшчэ будаваўся. Паводле легенды, калі манах прыехаў і стаў перад касьцёлам, ён працытаваў псальму (132.14):

«Вось месца Майго супакою навекі: тут буду жыць, бо яго ўпадабаў».

Праз паўгода манах памёр. Але сьмерць стала насамрэч толькі пачаткам ягонай гісторыі, якая разгортвалася наступныя амаль 300 гадоў.

Да труны Малішэўскага пачаліся паломніцтвы. Сучасьнікі сьцьвярджалі, што пасьля малітваў аб заступніцтве да Фабіяна зь імі здараліся цуды.

У 1740 годзе віленскі біскуп Міхал Зяньковіч пастанаўляе перанесьці труну Малішэўскага ў склеп фундатараў касьцёла. Труну манаха вырашылі павесіць над зямлёй. Калі яе адчынілі, каб зрабіць неабходныя працы, прысутныя ўразіліся, што цела за 100 гадоў амаль не сапсавалася.

Празь некалькі гадоў менскі соймік прымае рашэньне распачаць бэатыфікацыйны працэс, каб абвясьціць Фабіяна Малішэўскага Слугою Божым. Гэта першы крок да прызнаньня сьвятасьці. Пачынаюць запісваць цуды. Каталіцкі касьцёл зафіксаваў іх 150.

Паломнікамі да труны былі ня толькі рыма-каталікі, але і ўніяты, праваслаўныя, нават юдэі. У Стоўпцы прыходзілі масавыя пілігрымкі. Наплыў людзей быў такі вялікі, што бацькі, здаралася, гублялі там сваіх дзяцей.

Вось некалькі гісторый, зьвязаных з цудамі. У 1742 годзе, у сьвята Бязгрэшнага Зачацьця Дзевы Марыі, уніят Васіль Крыванос залез на дрэва сячы гольле. Зваліўшыся, ён зламаў дзьве рабрыны. Потым пабачыў старога ў белым хабіце, які сказаў, каб Васіль не працаваў у сьвята, а таксама — каб ішоў у Стоўпцы і спытаўся пра Фабіяна. Васіль паабяцаў, што так і зробіць. Неўзабаве ён цалкам выздаравеў.

Пляцоўка каля школы нумар 2, дзе да 1958 году стаяў касьцёл сьвятога Казіміра
Пляцоўка каля школы нумар 2, дзе да 1958 году стаяў касьцёл сьвятога Казіміра

Малітва да Фабіяна вылечыла ад хваробы сямʼю менскага скарбніка Казіміра Гераніма дэ Раэ. Эпідэмія дызэнтэрыі забіла чацьвярых ягоных сваякоў і нарэшце дайшла да ўнучкі, Фэліцыі Валадкевіч. Уся сямʼя паехала ў Стоўпцы, паспавядалася, памалілася каля труны Фабіяна. У зваротнай дарозе ўнучка заснула і прачнулася толькі дома, адчуўшы сябе лепш. На трэці дзень яна была зусім здаровая і сказала дзеду: «Дзядуля, не турбуйся, Фабіян сказаў, што я буду жыць». Пасьля гэтага выздаравеў і ўвесь двор.

У 1747 годзе ў Стоўпцах пабывала Тэафілія Таўш з Кракава, якая, як сьведчаць запісы, пакутавала на дэмана ў сваім целе. У сьне яна пачула, што ёй трэба ехаць у Стоўпцы. Толькі пасьля візыту да труны Фабіяна яе душа супакоілася.

За ліпень 1752 году ёсьць сьведчаньне езуіта Казіміра Цехановіча, які меў немач у назе. Але прыехаўшы і памаліўшыся каля труны Фабіяна, ён цалкам выздаравеў. Пра цуды, якія адбыліся дзякуючы манаху Фабіяну, ёсьць сьведчаньні славутых родаў Булгакаў, Прушынскіх, Багуслаўскіх, Цехановічаў, Ажэшкаў, Корсакаў і іншых.

Найбольшыя паломніцтвы прыходзілі ў горад 22 ліпеня, у сьвята Марыі Магдалены. У труне Фабіяна ў гэты дзень зьмянялі хабіт. Стары раскройвалі на кавалкі і давалі вернікам.

Але ў 1832 годзе, пасьля Лістападаўскага паўстаньня, царскія ўлады зачыняюць кляштар. А праз 30 гадоў, пасьля паўстаньня Каліноўскага, зачыняецца і парафія. Да гэтага спрычыніўся станькаўскі бацюшка Пётра Трускоўскі. Праз два гады пасьля паўстаньня ён напісаў да ўладаў, што калі культ Фабіяна будзе працягвацца, то гэта створыць вялікія праблемы для праваслаўя ў краі. Бацюшка прасіў пахаваць парэшткі Малішэўскага і закрыць парафію ў Стоўпцах. Свайго ён дамогся. У 1867 годзе труну Малішэўскага засыпалі пяском. А касьцёл зачынілі і ператварылі ў праваслаўную царкву.

Але памяць пра манаха Фабіяна жыла. І калі праз 50 гадоў пасьля паўстаньня Стоўпцы апынуліся ў складзе Польшчы, культ імгненна адрадзіўся. Ужо ў 1921 годзе група сьвятароў на чале з ксяндзом Мілашэўскім пачала шукаць яго парэшткі. Справа была ня зь лёгкіх. Расейцы не інфармавалі пра месца пахаваньня Малішэўскага. Але сьведкам пахаваньня быў адзін мясцовы габрэй, які дзіцем бачыў праз акно, дзе расейцы хавалі труну. Яе, нібыта, закапалі пад крыптай у капліцы сьвятога Дамініка. Пачалі шукаць, але, наткнуўшыся на вялізныя валуны, працы спынілі. Праз год пошук аднавіўся. Капаць пачалі побач. Валуны нарэшце ўдалося прыбраць, і пад тоўстым слоем пяску былі выяўленыя дзьве труны, адна ў адной. Гэта сталася 1 сьнежня 1922 году.

Труна была моцна пашкоджаная, але цела не пацярпела. Да самага разбурэньня сьвятыні ў 1958 годзе труна заставалася ў яе сутарэньнях. І сёньня яна там жа, пад грузам камянёў і пяску, на якіх стаіць школа № 2. Гэта не легенда, а гістарычны факт.

Праз шэсьць дзён пасьля забойства ў школе дырэкцыя запрасіла туды мясцовых сьвятароў, каталіцкага і праваслаўнага, каб яны асьвяцілі гэтае месца.

Дзьве школы № 2

Пасьля словаў Лукашэнкі, што прычына стаўпецкай трагедыі ў бардаку ў беларускай школе, было зразумела, што праверак у школе № 2 мала ня будзе. Так і сталася.

— Міліцыя пару месяцаў адтуль не вылазіць, — кажа мне супрацоўнік школы.

Па выніках 5-месячнага сьледзтва ў школе, нібыта, былі выяўленыя «недахопы ў прафіляктычнай працы». У ляканічным прэс-рэлізе Сьледчага камітэту адзначалася, што «сьледчымі на адрас Менскага абласнога выканаўчага камітэту ўнесена прадстаўленьне аб ліквідацыі прычын і ўмоў, якія спрыялі ўчыненьню злачынстваў». Быў, нібыта, прыняты і «комплекс мер па павышэньні ўзроўню грамадзкай бясьпекі ў навучальных установах вобласьці». Што канкрэтна маецца на ўвазе, ніхто не патлумачыў.

У Стоўпцах тры школы, і ў кожнай ёсьць свая рэпутацыя. У школе № 2 іх як мінімум дзьве. Адны яе лічаць самай элітарнай, рэкардсмэнкай па алімпіядніках, дзе настаўнікі дбаюць пра кожнага. Так мае суразмоўцы характарызавалі і забітую настаўніцу. Ніводзін чалавек не раскрытыкаваў яе як выхавацеля і настаўніка.

Для іншых гэта месца, дзе вучыцца «залатая моладзь» — дзеці начальнікаў і «буржуяў», зь якіх настаўнікі зьдзьмухваюць пыл і ходзяць перад імі на дыбачках, абсалютна ігнаруючы астатніх.


У горадзе кажуць, што такая рэпутацыя — гэта спадчына папярэдняга дырэктара, які перад сыходам на пэнсію хацеў пакінуць школу найлепшай у горадзе. Таму там адчыняліся адмысловыя клясы, прыцягваліся спонсары. Але гэта падабалася ня ўсім.

— Нашыя ўрокі часам ператвараліся ў праверкі сьпісаў: хто здаў на фарбу, хто здаў на шпалеры. Бацькі зьбіраліся і ішлі іх туды клеіць, — распавядае мне выпускнік 2000-х.

Дырэктар Валерый Рыжых меў шляхетную ідэю — зрабіць школу элітнай.

— У ліцэйскіх клясах былі адны хлопцы, і гэта былі дзеці бацькоў, у якіх былі грошы, або дзеці прадпрымальнікаў. Але трапляліся розныя, і самыя простыя. Падцягваліся бацькі, прывозілі ў школу розныя рэчы, станавіліся спонсарамі. То маток кабэляў, то дошкі.

Чатыры гады — з 8 да 11 клясы — у школе нумар 2 правучылася праваабаронца Тацьцяна Гацура-Яворская. Яна прыехала вучыцца туды зь вясковай школы, гэта былі 90-я гады.

— Памятаю два першыя гады ў гэтай школе, як найлепшыя школьныя, бо мы не былі разьбітыя на дробныя кампаніі, сябравалі ўсёй клясай, з задавальненьнем рыхтавалі вечарыны, заўсёды і шмат сьмяяліся, а клясная кіраўніца была прыгожая і добрая. І з адной і другой класнымі кіраўнікамі мы ў кантакце да гэтых часоў і я вельмі ўдзячная ім за важнае адчуваньне ў падлеткавым узросце — мы з табой, а ня супраць цябе.

Пасьля дзявятай клясы дзьве паралелі рассартавалі на тры, набраўшы яшчэ ахвочых у так званую пэдклясу і гэтая атмасфэра памянялася, узгадвае Тацьцяна. Новыя людзі ўносілі свае правілы і падыходы і такія блізкія і сяброўскія адносіны ўжо не атрымалася аднавіць. Сярод кепскіх школьных успамінаў — двое настаўнікаў.

— Яны выклікалі ў мяне агіду. Адна настаўніца выкладала ў 8-9 клясах белмову і літаратуру. У яе былі «любімчыкі» і «нелюбімчыкі». Магла падняць адказваць «нелюбімчыкаў» і дакалупвала пытаньнямі пакуль вучань не пачынаў адказваць няправільна, пасьля гэтага яна расказвала ўсёй клясе, які ён тупы.

Са мной гэта адбылося якраз у першую восень у новым калектыве і я заплакала. Пазьней я стала зь сяброўкай са сьпісу яе «любімчыкаў» і памятаю, як яна нам абедзьвюм сказала перад экзамэнам-дыктоўкай «Пішыце чарнільнымі асадкамі, вы мяне зразумелі?» і паглядзела выразна над акулярамі. Ганаруся, што тады я пісала звычайнай асадкай.

А другая асоба — гэта дырэктар Рыжых. У якой-небудзь штатаўскай ці эўрапейскай школе яго б звольнілі і прымусілі хадзіць да псыхоляга. Кожны ўрок гэта сэксісцкія жарты, абразы, намёкі. Напрыклад, дзяўчына каля дошкі пакажа рэчку ў адваротны бок ад плыні, ад мора ў бок мацерыка і пачынаецца «выпраўленьне памылак» ад Рыжых — ну раскажы, як ты сёньня апраналася? Спачатку ты апранула боты, пасля панчохі, а што пасьля панчохаў апранула? Прычым чапляўся ён толькі да дзяўчат, ня памятаю, каб да хлапцоў. Ну і ўвогуле, па сутнасьці сваёй быў і застаўся прыслужнікам. Калі Лёшу Шыдлоўскага арыштавалі і знайшлі ў яго мае кантакты, мяне выклікалі на допыты летам, а ўвосень Рыжых ужо выклікаў у школу маю маці і пясочыў, што я нікуды не паступлю, што да яго прыходзілі з КДБ і г.д. Мяне на калідоры калі сустракаў адразу пачынаў прэсаваць пра «бнф». Здаецца, 15 гадоў майго выпуску з другой школы супалі зь нейкім выпускам з гэтай школы было ўжо міністра ўнутраных справаў Навумава і ён прыехаў туды, як ганаровы госць — вось ужо Рыжых сьвяціўся.


Пра «элітарную» рэпутацыю школы нумар 2 мне найбольш казалі тыя, хто прычынай забойства лічыў розьніцу вучняў у матэрыяльным дабрабыце. Але тое, што Вадзім М. і Аляксандар Раманаў не былі нават знаёмыя (пра што казаў і сам забойца) і ніхто ня бачыў, каб яны хоць раз калісьці размаўлялі, нікога не цікавала. Не прамаўляў і аргумэнт, што бацькі Вадзіма М. працуюць, маюць свой аўтамабіль, разбудоўваюць дом, у якім ён меў уласны пакой, смартфон, кампутар.

Спадарыня Тамара, дзеці якой ходзяць у школу № 2, катэгарычна не пагаджаецца з крытычнымі ацэнкамі школы. Яна перакананая, што школа № 2 — найлепшая ў Стоўпцах, і адносіны настаўнікаў да дзяцей называе вельмі адказнымі.

— Там вельмі разумная дырэктарка. Яны працавалі ўсе гуртам, я на ўласныя вочы гэта бачыла. І сацыяльная служба ў іх, там былі бясконцыя бацькоўскія сходы, запрашалі прадстаўнікоў МНС. Там рабілася ўсё, што толькі можна. Што там яшчэ можна было рабіць? Каб міліцыя даглядала дзяцей? Гэта нерэальна — кожнага глядзець без канца. Гэта ж не канцлягер. Вельмі талковая школа. Там і псыхоляг харошы. Але за ўсім нельга ўгледзець. Школа там шыкоўная, асаблівая.

Аднак гэтае меркаваньне было ў меншасьці. Калі я задаваў знаёмым і незнаёмым пытаньні пра школу № 2, першай часткай адказу заўсёды была ўзгадка пра «школу для багацеяў і мажораў».

— Яны там робяць што хочуць. Адзін сын такога паўбога ўзяў і н..цаў у вядро пры ўсіх, іншы паскідаў вазоны з падваконьня. Дзецям там дуюць у сраку. А тых, што зь бяднейшых семʼяў, ігнаруюць. Я не аднойчы чула ад дзяцей, што настаўнікам там да аднаго месца на вучняў.


Відавочна, што падобнае можна пачуць пра любую школу і дзе заўгодна. Але ў Стоўпцах я чуў такія гісторыі толькі пра школу нумар 2.

— Калі такое здарэньне і можна было б уявіць у страшным сьне, дык толькі ў той 10 клясе, дзе вучыўся Вадзім. Там вучацца адны бандыты, — кажа выпускнік школы № 2, знаёмы з бацькамі дзяцей. Але распавесьці падрабязнасьці ён адмаўляецца, як і многія іншыя.

Пазыцыю школы я хацеў пачуць ад яе дырэктаркі Аксаны Міхайлаўны Лось. Але на просьбу наконт інтэрвію яна не адказала. Праз два месяцы пасьля маёй просьбы яна звольнілася. Але мала хто верыць, што па ўласным жаданьні.

Працяг будзе

Кніга Дзьмітрыя Гурневіча «Забойства ў цэнтры Эўропы» на svaboda.org

Праз гісторыю горада Стоўпцы, мясцовыя легенды і меркаваньні стаўпецкіх людзей журналіст Радыё Свабода спрабуе зразумець матывы злачынства, якое скаланула ўсю Беларусь.

Частка 1. «Банальнасьць зла» ў транзытным горадзе Стоўпцы

Частка 2. Пахаваньне настаўніцы

Частка 3. Пахаваньне вучня

Частка 4. Чумная зямля

Частка 5. Шляхі ахвяраў і забойцы ў школу № 2

Частка 6. Дом, дзе вырас забойца

Частка 7. Школьнік з аватаркай Шапэнгаўэра

Частка 8. Бацька пра сына: «Я ня мог ім надыхацца»

Частка 9. Чаму шкадуюць забойцу

Частка 10. Ганна Арэнт супраць Лукашэнкі

Частка 11. Як жыхары Стоўпцаў шукалі прычыну трагедыі

Частка 12. Кароткая гісторыя Беларусі

Частка 13. Месца злачынства

Частка 14. Альтэрнатыўныя вэрсіі трагедыі ў Стоўпцах

Частка 15. «Ад зайздрасьці ідуць самыя вялікія праблемы»

Частка 16. Горад у дэпрэсіі, бо людзі ў сабе

Частка 17. Стаўпецкі антыдэпрэсант

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG