Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Забойства ў цэнтры Эўропы. Стаўпецкі антыдэпрэсант


Пешаходны пераход каля школы № 2
Пешаходны пераход каля школы № 2

13 гадоў калёніі і 110 тысяч рублёў кампэнсацыі для сямʼі забітай настаўніцы прысудзіў 11 верасьня Менскі абласны суд непаўналетняму Вадзіму М. за двайное забойства ў стаўпецкай сярэдняй школе № 2.

Свабода публікуе заключную частку новай кнігі журналіста Дзьмітрыя Гурневіча «Забойства ў цэнтры Эўропы». Праз гісторыю горада Стоўпцы, мясцовыя легенды і меркаваньні стаўпецкіх людзей аўтар спрабуе зразумець матывы злачынства, якое скаланула ўсю Беларусь.

Posrtscriptum. Сьледчы

Празь некалькі дзён пасьля майго вяртаньня са Стоўпцаў у Прагу — званок з малой радзімы.

— Ці чуў ты, што ў нас ізноў нарабілася? У Стоўпцах бяда. Зьнік сын настаўніцы з суседняй вёскі, ён там сьледчым працаваў. Другі дзень знайсьці ня могуць.

Пакуль я дайшоў пешкі з дому да працы, маладога сьледчага Станіслава Беця знайшлі павешаным у ляску на выезьдзе са Стоўпцаў. Сьледчы камітэт патлумачыў, што ён ніяк ня быў зьвязаны са справай аб забойстве ў школе. Але другое трагічнае здарэньне ў «Горадзе Міру» з розьніцай у два тыдні прымушае задаць пытаньне: што тут адбываецца?

Гэтаксама больш за 10 гадоў таму знайшлі павешаным у Стоўпцах майго школьнага знаёмага, на год за мяне маладзейшага Дзіму Макася. Дзіма пасьля вучобы пачаў працу ў падатковай інспэкцыі. Быў вельмі дакладны і абавязковы. Яго бацькі так і не пагадзіліся, што гэта было самагубства.

Станіслаў Бець
Станіслаў Бець

З бацькамі Станіслава Беця яшчэ перад пахаваньнем сына размаўляла мая калега Інэса Студзінская. Яны таксама ня вераць, што сын забіў сябе сам.

Маці Станіслава Ірына працуе настаўніцай пачатковых клясаў у Дзераўной, дзе вучыўся і яе сын. Кажа, што той марыў паступіць у Акадэмію МУС, стаць сьледчым.

— Мы з бацькам вельмі асьцярожна адгаворвалі, казалі, што вельмі адказная і цяжкая прафэсія, мо выбірай якую іншую, дзе лягчэй — сувязістам, настаўнікам. Але сын настаяў на сваім.

Здаецца, у 10-й клясе яму прыйшло запрашэньне паступаць у Акадэмію, ён вельмі гэтым ганарыўся. У школу прыяжджалі спэцыялісты ў прафарыентацыі, і Станіслаў быў вельмі рады, калі сказалі, што ён падыходзіць да працы ў міліцыі. Быў увесь натхнёны, акрылены: «Мамачка, я так хачу туды паступіць!» Сэрца маё працівілася, я ж разумела, што прафэсія цяжкая, адказная, далёка не рамантычная. Але блаславіла сына, сказала, што ўсім дапамагу.

Тлумачыла, што паступіць нялёгка, трэба добра ведаць грамадазнаўства, гісторыю, гуманітарныя навукі. У старэйшых клясах Станіслаў сур’ёзна займаўся з настаўніцай грамадазнаўствам. Вельмі любіў гісторыю. У старэйшых клясах на раённых алімпіядах па гісторыі заўсёды займаў першае месца. А ў 9-й клясе сказаў, што хоча яшчэ паспрабаваць паўдзельнічаць у алімпіядзе па геаграфіі. І заняў другое месца.

Калі паступіў, і я, і бацька вельмі ганарыліся сынам.

Добра вучыўся, заўсёды на павышаную стыпэндыю. На ўрачыстасьці з нагоды заканчэньня Акадэміі мы паехалі з бацькам у Менск, імпрэза была на плошчы Дзяржаўнага Сьцяга, ён прымаў прысягу — вельмі кранальна гэта было.

Дняваў і начаваў на працы.

І тут я адчуваю сваю віну... Станіслаў скончыў сьледча-экспэртны факультэт, яму прапанавалі выбіраць працу: было месца ўчастковага і месца сьледчага. Ён яшчэ вагаўся, што выбраць. І раіўся з намі. А я кажу: «Сынок, выбірай сам. Але ты скончыў такі прэстыжны факультэт, можа, усё ж ідзі сьледчым. Я прыму любы твой выбар».

Пайшоў працаваць сьледчым. Дняваў і начаваў на працы ў прамым сэнсе. Тэлефаную а сёмай вечара — кажа, што ён на працы. Кладуся спаць аб 11-й, званю — «Мама, я яшчэ на працы, шмат спраў». Тэлефаную раніцай — «Мама, вельмі позна прыйшоў, паспаў дзьве гадзіны, памыўся і вось іду на працу».

Яму праца вельмі падабалася. Хлопец ён вельмі адказны, усе, хто яго ведае ў нашай вёсцы, пацьвердзяць мае словы. Вельмі адказна ставіўся да ўсяго, што рабіў. Але ніколі не распавядаў пра тое, чым канкрэтна займаецца, не дзяліўся, якія справы разглядае.

Не магу зразумець, не магу патлумачыць, што здарылася. Не магу прыняць. Але сэрца мамы гаворыць, што ня мог ён так зрабіць, ня мог! Ён быў вельмі добры, адказны. І калі мне ўчора патэлефанавалі, што Станіслаў ня выйшаў на працу, я кажу: «Ня можа быць!» Да чаго-чаго, а да працы вельмі адказна ставіўся.

Апошнім часам рэдка прыяжджаў дадому, хоць ад Стоўпцаў да Дзераўной 35 кілямэтраў. Пытаюся: чаму так рэдка прыяжджаеш? Адказвае: «Мама, працы шмат, я малады спэцыяліст, хачу ўсё дасканала вывучыць, усё ведаць».

Хоць у яго была грунтоўная падрыхтоўка — у Акадэміі ўсе гады атрымліваў павышаную стыпэндыю, займаўся спортам — падымаў гіры.

Я заўсёды яго падтрымлівала, суцяшала: «Напачатку на любой працы цяжка, потым будзе лягчэй».

Вельмі пяшчотны, удзячны, клапатлівы сын.

У мінулыя выходныя таксама ня змог прыехаць, але да мяне заехаў яго сябар Андрэй, зь якім яны разам вучыліся ў Акадэміі МУС, цяпер разам працуюць, жывуць на найманай кватэры. Прывёз нам кантэйнэры, у якіх я перадачкі перадаю. Я іх зноў напоўніла. Пытаюся: «Сынок, колькі табе яек пакласьці: дзясятак ці два?» Адказвае: «Кладзі болей, няма часу на гатаваньне, вельмі люблю раніцай яечню падсмажыць». Пякла на сьвята 23 лютага торцік, Станіслаў вельмі любіць салодкае. Увечары тэлефануе, дзякуе за перадачку: «Мама, якая смаката твой торцік!» Вельмі ўдзячны заўсёды быў...

Учора, калі мне патэлефанавалі пра няшчасьце, зайшла я на кватэру, дзе ён жыў. Парадак ідэальны, кашулі папрасаваныя, акуратна разьвешаныя на плечках, усё чысьценька: маечкі, шкарпэткі складзеныя. Летам, калі ўладкоўваўся на працу, кажа: «Мама, трэба мне касьцюм харошы купіць, каб прыстойна, годна выглядаць, я ж сьледчым буду працаваць»... Вельмі акуратны, глядзеў сябе.

Летась на 8 сакавіка ён у Стоўпцах праходзіў практыку. Прыехаў у вёску дадому. Я прыходжу з працы — а ў мяне на стале вялікі, проста шыкоўны букет белых ружаў і падарунак. Кажа: «Мама, прабач, калі я вучыўся ў Акадэміі, ня мог асабіста цябе віншаваць, а цяпер заўсёды буду кветкі дарыць». Ніколі не прыяжджаў з пустымі рукамі: заўсёды з цукерачкамі, усялякай смакатой. І мы садзіліся піць гарбату і размаўлялі па душах. Заўсёды прасіў расказаць пра мае справы, клапаціўся пра ўсіх сваякоў, распытваў пра працу, цікавіўся здароўем.

У 10–11 клясах была ў яго дзяўчына, сябравалі яны. А потым вучоба, праца. Я часьцяком пыталася: ці ёсьць у цябе з кім-небудзь сур’ёзныя стасункі? Жартаваў: «Мама, калі будуць, ты першая даведаесься». Я таксама жартавала: «Твая дзяўчына — гэта твая праца»...

Станіслаў ня быў канфліктны. Ён проста ня ўмеў злавацца, сварыцца. Вельмі адкрыты хлопец, умеў сябраваць.

2 лютага быў вечар сустрэчы выпускнікоў — сёлета спаўняецца 5 гадоў, як ён скончыў школу. Перадала яму прыгожае запрашэньне, але сын ня змог прыехаць, кажа, што ўвесь тыдзень дзяжурны ў РАУС па ДТЗ. Перадаваў вітаньне ўсім аднаклясьнікам, настаўнікам.

Апошні раз ён прыяжджаў дадому ў канцы студзеня. Мы заўсёды ў нядзелю ўсе разам, усёй сям’ёй ходзім у касьцёл, які побач з нашым домам. І калі Станіслаў вучыўся ў школе, таксама заўсёды хадзіў у касьцёл.

Ня веру, не магу зьмірыцца, не магу прыняць, што ён сам гэта зрабіў... Мы ўчора ўспаміналі з бацькам, што некалі, даўным-даўно, былі размовы, глядзім жа тэлевізар, чытаем пра нейкія падобныя выпадкі. Дык Станіслаў заўсёды казаў: «Я люблю жыцьцё». Ну ня мог ён сам, ня мог...

Стаўпецкі антыдэпрэсант

— Дык ты, бабка, ня ведаеш, чаго мы на сьвеце жывём?

— Не, панічок, ня ведаю! Каб вы запыталіся ў дрэва, чаму яно расьце, дык хіба ж бы яно вам адказала? Так і я не магу адказаць вам. Жывём, покі жывецца, бо жывы ў зямлю не палезеш, а прыйдзе сьмерць, тады пахаваюць.

Гэта эпізод дыялёгу не са Стоўпцаў, хаця пытаньне задаваў, бясспрэчна, самы вядомы ўраджэнец Стоўпцаў у гісторыі. Гэта фрагмэнт дыялёгу Якуба Коласа са старой паляшучкай, пераказанага 100 гадоў таму ў ягонай трылёгіі «На ростанях»

Жывём, бо жывецца. Жывым у зямлю не палезеш. Народны падыход беларусаў да жыцьця і сьмерці. Рацыянальны і спакойны, як і самі беларусы ў стэрэатыпах, якія пра сябе стварылі.

Калі мы не шукаем адказы на пытаньні, не дазваляем сабе думаць крытычна і сумнявацца, то ствараем урадлівую глебу для пашырэньня зла, пісала Ганна Арэнт.

Парадак, у якім мы жывём, мы ствараем самі. Той штодзённы мікраклімат, у якім жывём мы самі, нашыя дзеці, блізкія, сябры і зусім чужыя людзі.

Нашае жыцьцё наўрад ці можа быць радыкальна іншым, чым жыцьці папярэдніх пакаленьняў. Бо рэцэптаў дасканалага грамадзтва, без памылак і канфліктаў, проста не існуе. Наш лёс — незавершанасьць і бясконцы шлях. Але перавага будучыні над мінулым у тым, што мы можам на яе ўплываць.

Кніга Дзьмітрыя Гурневіча «Забойства ў цэнтры Эўропы» на svaboda.org

Праз гісторыю горада Стоўпцы, мясцовыя легенды і меркаваньні стаўпецкіх людзей журналіст Радыё Свабода спрабуе зразумець матывы злачынства, якое скаланула ўсю Беларусь.

Частка 1. «Банальнасьць зла» ў транзытным горадзе Стоўпцы

Частка 2. Пахаваньне настаўніцы

Частка 3. Пахаваньне вучня

Частка 4. Чумная зямля

Частка 5. Шляхі ахвяраў і забойцы ў школу № 2

Частка 6. Дом, дзе вырас забойца

Частка 7. Школьнік з аватаркай Шапэнгаўэра

Частка 8. Бацька пра сына: «Я ня мог ім надыхацца»

Частка 9. Чаму шкадуюць забойцу

Частка 10. Ганна Арэнт супраць Лукашэнкі

Частка 11. Як жыхары Стоўпцаў шукалі прычыну трагедыі

Частка 12. Кароткая гісторыя Беларусі

Частка 13. Месца злачынства

Частка 14. Альтэрнатыўныя вэрсіі трагедыі ў Стоўпцах

Частка 15. «Ад зайздрасьці ідуць самыя вялікія праблемы»

Частка 16. Горад у дэпрэсіі, бо людзі ў сабе

Частка 17. Стаўпецкі антыдэпрэсант

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG