Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Забойства ў цэнтры Эўропы. Бацька пра сына: «Я ня мог ім надыхацца»


Сяргей Раманаў
Сяргей Раманаў

19 жніўня Менскі абласны суд пачаў разглядаць справу аб падвойным забойстве ў стаўпецкай школе № 2. Свабода публікуе новую кнігу журналіста Дзьмітрыя Гурневіча «Забойства ў цэнтры Эўропы». Праз гісторыю горада Стоўпцы, мясцовыя легенды і меркаваньні стаўпецкіх людзей аўтар спрабуе зразумець матывы злачынства, якое скаланула ўсю Беларусь.

«Жывуць заможна, але вельмі прыстойна»

Гэтую характарыстыку сямʼі Раманавых журналіст Свабоды Алег Грузьдзіловіч пачуў на вуліцы, дзе вырас Саша, ад суседкі. Слова «але» паміж заможнасьцю і прыстойнасьцю — гэта найперш не пра іх, а пра сябе.

У той дзень я пачуў і іншыя думкі. Яны былі ад людзей, якія не знаёмыя з сям'ёй Раманавых, але былі гатовыя доўга пра іх гаварыць.

— А вы бачылі, на якой машыне езьдзіць ягоны бацька? Адкуль у людзей такія грошы? Ці можна ў нас чэснай працай зарабіць на такую машыну, вот вы мне скажыце? — задае мне рытарычнае пытаньне сярэдняга ўзросту мужчына з суседняй вуліцы.

— Калі ў людзей шмат гадоў сямейны бізнэс, то чаму б не? — спрабую запярэчыць, але ў адказ атрымліваю словы, зь якіх працытаваць адважуся толькі частку:

— Ну я вот таксама дваццаць гадоў працую і чамусьці ня маю грошай на такую машыну, — дабівае мяне суразмоўца.

— Магчыма, вы на вашай працы робіце нешта зусім іншае, чым яны на сваёй. І ў гэтым уся прычына.

— Канешна, — з таямнічай усьмешкай адказвае мужчына, нібыта ён валодае сакрэтнымі ведамі, а таму спрачацца зь ім ня мае сэнсу.

Я і сапраўды не працягваю спрэчкі. Мне гэтыя веды нецікавыя. Я вырас у вёсцы, нашмат меншай за Стоўпцы. Што такое зайздрасьць і розныя яе праявы, я ведаю нашмат лепш за кожнага жыхара Стоўпцаў. І пра таямнічыя веды гэтага мужчыны, іх прыроду я не здагадваюся, я іх ведаю. Вінаваты нехта іншы. Пераважна той, у каго лепшы дом, прыгожая машына.

— Я чытала інтэрвію бацькі Сашы Раманава. Ведаеце, мяне закранула, як ён услаўляе там свайго сына, нібыта ў Стоўпцах адны дурні, а яны самыя разумныя. А што, іншыя дзеці дурныя? Я не зьдзіўлюся, што там быў паміж імі канфлікт. Але думаеце, што сьледчыя і суд скажуць нам праўду? Зробяць так, як ім трэба, — запэўнівае мяне стаўпецкая жанчына сярэдніх гадоў.

Зайздрасьць забівае спачуваньне, яна нішчыць чалавечнасьць. Мае суразмоўцы былі за крок ад таго, каб апраўдаць забойства.

— А бацькі таго Вадзіма — гэта ж галота. Колькі яны зарабляюць у камунгасе? Капейкі. А гэты Саша матацыкл меў свой, і з бацькамі езьдзіў адпачываць, дома ўсё меў, што хацеў. Гэта ўсё разборкі царкоў, бедных з багатымі, — перакананая іншая стаўпецкая жанчына.

Жанчыне, якая расказала мне сваю вэрсію здарэньня, факты і Сьледчы камітэт ужо нічога не дакажа. І яе словы я неаднаразова чуў у Стоўпцах. Адзін у адзін — пра «царкоў» і «беднату». Пра «мажораў» і «калхозьнікаў», якія счапіліся і пазабіваліся. Гэта казалі людзі, якія ня ведалі сям'ю Раманавых, ніколі не былі ў іхным доме і не размаўлялі зь імі. Ніхто не прыводзіў ніводнага факту. Ніхто ня мог назваць хаця б адну дэталь ці акалічнасьць. Не было ніводнага сьведчаньня ад чалавека, які б мог назваць прозьвішча ці імя, дзень, сытуацыю, сутнасьць канфлікту.

Самыя таямнічыя пачыналі гаварыць, але, даходзячы да найцікавейшага, абрывалі гісторыю і тлумачылі, што я заўтра сяду і паеду, а ім яшчэ жыць у гэтым горадзе. Яны прасілі мяне прысягнуць, што я не назаву іх імёнаў, пры тым, што вартасьць іхных словаў, а пагатоў напаўненьне іх фактамі, былі мізэрнымі. Адна плётка ў той жа размове пярэчыла другой.

Але сямʼя Раманавых ведае пра гэта і без імёнаў. Пра «канфлікт багатых і бедных» як прычыну забойства свайго сына яны прачыталі шмат камэнтароў у сеціве.

Бацька пра сына: «Я ня мог ім надыхацца»

Калі Сяргей Раманаў прапанаваў мне сесьці ў фатэль сына, я спачатку завагаўся. З той раніцы панядзелка 11 лютага ў Сашавым пакоі нічога не зьмянілася. Вялікі ложак, шафа-купэ з выявай Мангэтану, гітара ў чахле, паліца з кружэлкамі. На працоўным стале манітор з друкаркай, стырно для кампутарнай гульні і каляндар са здымкамі матацыклаў, якія любіў Саша. А таксама поўныя паліцы ягоных кніг, якія я толькі што гартаў. У пакоі дадаўся бадай толькі вялікі Сашаў здымак у вышыванцы.

Саша Раманаў
Саша Раманаў

— Вы не ўяляеце, як крыўдна. Ён быў адзіным, што ў мяне ў жыцьці атрымалася. Хто б зь яго вырас. Нармальны чалавек бы вырас. Ён цягнуўся да высокага. Любіў кнігі, шмат што зь іх даведаўся ў гэтым жыцьці, — голас бацькі пачынае дрыжаць, а вочы робяцца мокрымі. — Прайшло амаль паўгода, а мы з жонкай кожны дзень плачам.

Сяргей сядае на сынаў ложак, а я ўсё ж уладкоўваюся ў Сашаў фатэль і намагаюся не рабіць лішніх рухаў, каб ня зрушыць яго зь месца, каб тут усё было так, як раней. Хаця так, як раней, у гэтым доме ўжо ніколі ня будзе. Мяне цікавіць, як хлопец зь невялікага гораду, дзе няма нават кнігарні, змог да 17 гадоў перачытаць усяго Плятона і дыскутаваць пра ягоны дыялёг «Пармэнід», прысьвечаны антычнай дыялектыцы.

Працоўны стол Сашы Раманава
Працоўны стол Сашы Раманава

— Я неяк думаў, што ён прападае ў кампутары, у гульнях, як моладзь звычайна. Але не. Ён столькі кніг перачытаў. Пастаянна заказваў іх праз інтэрнэт, у Польшчы купляў. Я яму нешта дарыў. Ён быў вельмі ашчадны хлопец, ніколі не прасіў грошай, каб нешта купіць. Але кнігі купляць любіў.

Сяргей часта размаўляў з сынам, у тым ліку і пра палітыку. Так калісьці зь ім размаўляў і ягоны бацька ў Самары, адкуль Раманавы прыехалі ў Стоўпцы, і настройваў сына супраць савецкай улады.

— І ў мяне з Сашам таксама былі палітычныя размовы, як усё ў нас няправільна. Відаць, пад уплывам гэтых размоваў ён пачаў цікавіцца палітыкай, філязофіяй. Я не скажу, што я такі аматар кніг. Не. Ён у нас заўсёды займаўся самаадукацыяй, і я думаю, што большасьць ягоных зацікаўленьняў бралася менавіта з самаадукацыі. Я зараз вам нешта пакажу.

Тэлефон Сашы Раманава
Тэлефон Сашы Раманава

Сашаў тата зьнікае за дзьвярыма і вяртаецца праз хвіліну з мабільным тэлефонам сына. Цяпер гэта тэлефон Сяргея. Ён чытае ў ім сынавы стужкі ў сацыяльных сетках, слухае ягоную музыку, падкасты, лекцыі па філязофіі і чытае нататкі. Іх Саша рабіў у часе доўгіх шпацыраў па Стоўпцах. Ён любіў высьці на гадзіну і пагуляць па горадзе. У тэлефоне ён часта занатоўваў прачытаныя ў кнігах цытаты або ўласныя думкі.

Некалькі запісаў зробленыя ў нядзелю, 10 лютага. Рабіць іх Саша пачаў а 12:14. Апошні акурат быў наконт адукацыі:

«Мы атрымліваем адукацыю дзеля сябе, каб разьвіць у сабе тое, да чаго ляжыць душа, тое, што падабаецца, з захапляльнай цікавасьцю. А ўжо пасьля гэтага, калі дапоўніць у сваёй асобе тыя элемэнты, якіх, па-твойму, не хапала, ты камусьці спатрэбісься (праца), бо будзеш асаблівым, выключным у сваёй сфэры».

— Ведаеце, апошні год я ўжо ня мог зь ім паспрачацца. Ён мог прывесьці мноства прыкладаў з гісторыі. Нават уся гэтая нашая палітычная сытуацыя. Ён кажа мне: «Тата, такіх прыкладаў тысячы. Гэта было заўсёды». І ён мне пачынае апавядаць: «Насамрэч нічога ты ня зробіш. Бо чалавек — гэта такая істота: калі ён дарваўся да ўлады, то ён будзе ўсяляк за яе чапляцца».

Нататкі Сашы Раманава
Нататкі Сашы Раманава

У сямʼі Раманавых размаўляюць па-расейску, але тры гады таму, калі Сашу было 14, ён абвесьціў дома, што пачынае размаўляць па-беларуску.

— Я ўзгадаў 90-я, калі шмат людзей пачыналі размаўляць па-беларуску. Мне гэта было вельмі цікава. Я ня быў супраць, але паколькі я сам расеец, то мне, вядома, было бліжэй, калі людзі размаўляюць на маёй мове. Але я вырашыў так: малады хлапец, няхай ён сам вырашае. Я нічога не казаў супраць. І ён пачаў так размаўляць: Вітаю, тата. Або дабранач, тата. Я таксама намагаўся адказаць яму па-беларуску. Я разумеў, што маладога хлопца нельга ламаць. Трэба, каб ён сам да чагосьці прыйшоў сваёй сьвядомасьцю.

Адзінай грамадзкай арганізацыяй, у якой удзельнічаў Саша, было Таварыства беларускай мовы.

— Яны мне тэлефанавалі, пыталіся пра мой дазвол, каб ён уступіў. Я спытаўся ў яго, што гэта за арганізацыя, распавядзі мне. Я ня стаў адразу займаць пазыцыю супраць. Папрасіў, каб ён мне патлумачыў, чым яны займаюцца. Ці радыкалы, ці не. Усялякага хапае. Бо ўлезе недзе, а потым яму галаву праломяць на дэманстрацыі амонаўцы.

Калі Сяргей даведаўся, што ТБМ займаецца пашырэньнем беларускай мовы, культуры і ведаў пра гісторыю, то даў згоду. Саша вёў сацыяльныя сеткі стаўпецкай суполкі.

— Ён ня быў радыкальным нацыяналістам. Спачатку ў яго былі падобныя думкі і мы нават зь ім спрачаліся. Ён казаў мне пра «крывавыя патопы», якія ладзіла ў Беларусі Расея. Я кажу: — Саша, было калісьці, зразумела. Але я сам расеец, я нарадзіўся ў Самары. Ты — беларус, а я расеец. І як мы з табою будзем спрачацца? Але потым ён гэта перарос, начытаўся кніг.

Моцны ўплыў на сына, кажа Сяргей, зрабіла кніга «Sapiens» Юваля Гарары. Пасьля яе Саша прыйшоў да высновы, што дзяржавы наўмысна дзеляць людзей, каб імі кіраваць. Ён стаў ізноў гаварыць па-расейску.

— Я кажу: — Саня, а чаго гэта ты ізноў па-расейску гаворыш? — А ён кажа: — Я лічу, што людзі павінны глядзець шырэй. Вы размаўляеце па-расейску, вам так зручней. Як я зразумеў, ён расстроіўся, што нікога ён ня мог захапіць беларускай ані ў клясе, ані сярод сваіх сяброў. Хаця ўсе ягоныя сацыяльныя сеткі былі па-беларуску. У яго ёсьць сябра з Самары, але родам з Палесься, і яны паміж сабою размаўлялі па-беларуску. Яны размаўлялі праз скайп, захаваліся нават ягоныя аўдыёпаведамленьні па-беларуску.

Сяргей ізноў бярэ сынаў тэлефон і ўключае аўдыёзапісы Сашы. Гэта паведамленьні сябру ў Самары пра выпадак у школе. На працягу наступных 2 хвілінаў Саша па-беларуску апавядае, як настаўніца забыла падчас уроку, доктарам чаго быў Францішак Скарына, на што ён жартаўліва сказаў уголас, што тэрапэўтам, і нехта цалкам сурʼёзна паўтарыў ягоныя словы.

— Яны заўсёды паміж сабой размаўлялі па-беларуску. Нават калі гулялі ў нейкія гульні. Нават калі з намі ён перайшоў на расейскую мову, працягваў зь сябрамі гаварыць па-беларуску. Саша выкарыстоўваў тарашкевіцу, мне шмат пра гэта тлумачыў. Я ніколі ня быў супраць.

Аднойчы ў школе настаўніца сказала дзецям, што Марыя Рэмарк — гэта жанчына. Саша запярэчыў, бо ведаў Рэмарка, гэта быў адзін зь яго самых улюбёных аўтараў. — Ну што ты будзеш са мною спрачацца, — адказала настаўніца.

Агрэсію Саша, са словаў бацькі, не ўспрымаў і часта казаў, што падчас спрэчак ня варта злавацца, бо спрачацца — гэта нармальна. Калі бацька, едучы за стырном, рабіў рэзкі рух, Саша казаў: — Ты куды так сьпяшаесься?

У пакоі Сашы Раманава — усё, як пры ягоным жыцьці
У пакоі Сашы Раманава — усё, як пры ягоным жыцьці

Сяргей узгадаў колішнюю размову з сынам пра рэлігію. Сам ён ня лічыць сябе вернікам, адрозна ад жонкі, але сын падчас дыскусіі сказаў, што спачатку ён мусіць прачытаць Біблію, каб мець думку. Спачатку вывучыць тэму, а потым рабіць нейкія высновы. Гэта ён казаў яшчэ ў 15 гадоў.

У школе Сашу найбольш падабаліся гуманітарныя прадметы — літаратура і гісторыя. Лёгка давалася ангельская мова.

— Кепска было з матэматыкай. Мы яго двойчы ў тыдзень вазілі да рэпэтытара, каб проста была адзнака. Расейскую мову ён спрабаваў не вучыць. Я яшчэ казаў яму: Саша, гэта ж твая ацэнка ў атэстат, табе ж трэба паступаць. І ён потым яе падцягнуў. Хаця часта казаў, што праседжвае ў школе штаны. А гуманітарныя прадметы — выдатна. У яго нават сябра са школы адзін пытаўся: чаму ты так добра ведаеш гісторыю Беларусі? А Саша адказаў: — Магчыма, таму, што трэба любіць сваю краіну. Пры гэтым ён казаў пра краіну, а не дзяржаву. Мы вельмі шмат хадзілі зь ім ў паходы, летам на байдарках, на матацыклах каталіся.

Правы Саша атрымаў у 16 гадоў. Бацька ўзгадаў, як падчас здачы экзаменаў жанчына ў камісіі абазвала Сашу «дрышчом, які ня зможа ўтрымаць матацыкл».

— Ён пакрыўдзўся і кажа: — Тата, чаму яна так гаворцыь, яна ж мяне зусім ня ведае. А я тады сказаў яму, што ў сьвеце больш добрых людзей, але ў жыцьці табе, сынок, давядзецца сербануць усякага. Я нешта вам пакажу.

Сяргей знаходзіць у тэлефоне фатаздымкі, якія ён рабіў сыну ў Крэве, калі яны ехалі ў Літву.

— Саша мог камусьці здавацца панурым, бо ён ня часта ўсьміхаўся. Вось бачыце гэтыя два здымкі, мы ідзем да руінаў замку. Ён не ўсьміхаецца і вельмі сурʼёзны. А вост тут, на трэцім, ён дастае бел-чырвона-белы сьцяг, і паглядзіце, як ён на гэтым здымку ўсьміхаецца, які ён шчасьлівы.

Сяргей ізноў шукае нешта ў тэлефоне. Ён хоча паказаць музыку, якую слухаў Саша. Гэта пераважна электроніка або клясыка. У тэчцы «Выбранае» 15 кампазыцыяў. Першая — гурту 〘 E I S U 〙 «Мы нараджаемся самотнымі і паміраем самотнымі».

— Ён ня вельмі любіў размаўляць зь людзьмі. Можа, быў мізантропам. Любіў радзіму, Беларусь. Вельмі любіў сваю сямʼю, маму, тату. Але чужых людзей ня вельмі ўспрымаў. У школе ён ня быў замкнёны. Але мне заўсёды здавалася, што яго людзі трошкі не разумеюць. У школе ў яго не было сяброў, каб пагаварыць з кімсьці пра свае інтарэсы. Хоць кляса яго была вельмі моцная, усе дзеці вельмі разумныя. Усе. У 9-й клясе дырэктрыса хацела выпхнуць яго ў клясу «Б». Бо ў яго фізкультура і матэматыка былі ня вельмі. Але я кажу — падцягнецца, то яна пакінула ў «А». Але трэба было хіба ўсё ж ісьці ў «Б». Можа хоць жывы быў бы.

Сяргей Раманаў ізноў пачынае плакаць.

— У нас было мала часу. Ня ведаю, ці было гэта прадчуваньне, ці што. Але я ня мог ім надыхацца. Ганарыўся ім і заўсёды стараўся ставіцца да яго з павагай. Нельга сказаць, што мы шмат часу праводзілі разам, але мы стараліся.

Працяг будзе

Кніга Дзьмітрыя Гурневіча «Забойства ў цэнтры Эўропы» на svaboda.org

Праз гісторыю горада Стоўпцы, мясцовыя легенды і меркаваньні стаўпецкіх людзей журналіст Радыё Свабода спрабуе зразумець матывы злачынства, якое скаланула ўсю Беларусь.

Частка 1. «Банальнасьць зла» ў транзытным горадзе Стоўпцы

Частка 2. Пахаваньне настаўніцы

Частка 3. Пахаваньне вучня

Частка 4. Чумная зямля

Частка 5. Шляхі ахвяраў і забойцы ў школу № 2

Частка 6. Дом, дзе вырас забойца

Частка 7. Школьнік з аватаркай Шапэнгаўэра

Частка 8. Бацька пра сына: «Я ня мог ім надыхацца»

Частка 9. Чаму шкадуюць забойцу

Частка 10. Ганна Арэнт супраць Лукашэнкі

Частка 11. Як жыхары Стоўпцаў шукалі прычыну трагедыі

Частка 12. Кароткая гісторыя Беларусі

Частка 13. Месца злачынства

Частка 14. Альтэрнатыўныя вэрсіі трагедыі ў Стоўпцах

Частка 15. «Ад зайздрасьці ідуць самыя вялікія праблемы»

Частка 16. Горад у дэпрэсіі, бо людзі ў сабе

Частка 17. Стаўпецкі антыдэпрэсант

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG