Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Забойства ў цэнтры Эўропы. Пахаваньне вучня


19 жніўня Менскі абласны суд пачаў разглядаць справу аб падвойным забойстве ў стаўпецкай школе № 2. Свабода публікуе новую кнігу журналіста Дзьмітрыя Гурневіча «Забойства ў цэнтры Эўропы». Праз гісторыю горада Стоўпцы, мясцовыя легенды і меркаваньні стаўпецкіх людзей аўтар спрабуе зразумець матывы злачынства, якое скаланула ўсю Беларусь.

За шэсьць тыдняў да пахаваньня Сашы Раманава я выпадкова ішоў маршрутам ягонага традыцыйнага вяртаньня са школы.

Ідучы на івянецкую дарогу, каб злавіць аўтаспын у Налібакі, я прамінуў школу № 2, царкву Сьвятой Ганны і пайшоў далей па Гагарына. Вуліцу перацінае менская траса, якую пільнуе самы вялікі ў Беларусі помнік Фэліксу Дзяржынскаму, ураджэнцу гэтых мясьцін. Каменная галава ў памяць аб стваральніку адной з самых крывавых у гісторыі чалавецтва арганізацый стаіць на пагорку ў тым самым месцы, дзе падчас апошняй вайны знаходзілася стаўпецкае гета. З пагорку за помнікам тады весела, на санках і мяшках, зьяжджалі дзеці. Сёньня тут цішыня. Адсюль 10 хвілін пехатою да Сашынага дому.

У Стоўпцах гэтую мясьціну на выезьдзе з гораду ў бок Івянца называюць кар’ерам. Парадны ўваход у дом Раманавых глядзіць на той самы былы кар’ер, які ўжо даўно аброс рэдкім ляском. Для адных тут заканчваюцца, а для іншых пачынаюцца Стоўпцы.

Разьвітаньне з забітым школьнікам Аляксандрам Раманавым, 13 лютага 2019 году
Разьвітаньне з забітым школьнікам Аляксандрам Раманавым, 13 лютага 2019 году

Вялікі стылёвы будынак лімоннага колеру, у якім вырас Саша, не пасуе да навакольнага пэйзажу — шэрых цагляных хатаў за драўлянымі платамі. У Сяргея і Ірыны сын быў другім дзіцем пасьля дачкі Наташы.

Для некаторых жыхароў гораду прыгожы дом стане ледзь не тлумачэньнем забойства. Але цяпер, у жалобным шэсьці, ніхто пра гэта ўголас ня кажа. Пра гэта, і ня раз, скажуць пазьней. Цішыню сярод сотні прысутных парушаюць толькі журналісты мітусьнёй з камэрамі і мікрафонамі, роспытамі суседзяў пра забітага хлопца.

У натоўпе заўважаю адзіны вянок па-беларуску. Ён ад старшыні Таварыства беларускай мовы Алены Анісім, дэпутаткі ад Стаўпецкай акругі. Саша паўсюль і заўсёды стараўся размаўляць па-беларуску.

— Ён цікавіўся грамадзкім жыцьцём, пачаў весьці суполкі ў сацсетках па-беларуску, у тым ліку ад Стаўпецкага ТБМ. Харошы быў хлопец, неканфліктны. У панядзелак, калі ўсё гэта здарылася, спачатку гаварылі, што ахвяра з 10 клясы. Я пазваніў да Сашы, каб запытацца, як там і што. Але падняў ягоны бацька і сказаў: «Сашы з намі больш няма», — кажа актывіст Таварыства беларускай мовы Міхаіл Мацкевіч, які прынёс вянок.

Шэсьце паволі сунецца па знаёмым для Сашы шляху, у бок ягонай школы. Увесь гэты час труну нясуць на руках.

— Саша быў не па ўзросьце сур’ёзны і мэтанакіраваны. Зьбіраўся паступаць у Польшчы на палітоляга-журналіста. Па панядзелках і серадах я езьдзіў разам зь ім зь Менску ў Стоўпцы. Вялі сурʼёзныя і цікавыя размовы пра культуру, гісторыю і мову. Абмяркоўвалі жыцьцёвыя пытаньні. Саша амаль заўжды размаўляў па-беларуску. І, наколькі я ведаю, зацікаўліваў і заахвочваў да вывучэньня мовы сваіх аднаклясьнікаў. Захапляўся відэамантажом. Заўжды праяўляў ініцыятыву і гатовы быў дапамагчы. Да гэтага часу мы ня можам паверыць, што такае адбылося, — кажа яго знаёмы Павал Савіцкі.

Бліжэй да хаты стаяць суседкі Раманавых.

— Саша тут нарадзіўся, заўсёды быў вельмі добрым і ветлівым хлопчыкам. Вось на гэтую лаўку да нас прыходзіў яшчэ дзіцем. Пытаюся: «Ну што, нешта здарылася?» Сьмяецца ў адказ: «Нічога ня здарылася, проста так прыйшоў. А як здарыцца, высьветлю і тады ўсё вам раскажу». Заўсёды вітаўся і са сьвятамі віншаваў. Як падрос, дык езьдзіў тут на квадрацыкле, але потым забаранілі яму гэты квадрацыкл, дык перасеў на матацыкл. Але надта не ганяў, спакойна езьдзіў, — кажа суседка.

Улетку Саша плянаваў аб’ехаць на матацыкле самыя маляўнічыя мясьціны Беларусі.

Ён рос у сям’і, дзе яму не бракавала ўвагі і любові бацькоў.

Калі сёньня я ўзгадваю тое пахаваньне, то самы запамінальны і адначасна самы страшны момант — гэта сьцішаны енк яго мамы, калі труну выносілі з дому. Гэта быў той стан, калі чалавек ужо ня можа плакаць. Тут не было традыцыйных вясковых галашэньняў, як на пахаваньні ягонай настаўніцы. Поўная цішыня і толькі енк маці пад шоргат абутку сотняў людзей аб пясок на вуліцы Чарняхоўскага.

— У яго і бацькі вельмі добрыя. Ведаю, што яны прадпрымальнікі. Жывуць заможна, але вельмі прыстойна. Я вунь там далей жыву, але як ідуць міма, дык заўсёды вітаюцца. У Сашы ёсьць старэйшая сястра, тая таксама вельмі добрая дзяўчына, ужо ў Менску жыве. Кажуць, хутка мае шлюбам пабрацца. А тут — такое гора, слоў няма. Залаты ж быў хлопчык, — кажа іншая суседка.

У школе № 2, дзе вучыцца больш за паўтысячы дзяцей, Раманаў быў адным з самых заўважных вучняў. Цікавіўся філязофіяй, у 17 гадоў добра гаварыў па-польску і па-ангельску, зьбіраўся паступаць на паліталёгію ў Варшаўскі ўнівэрсытэт.

«Ён быў геніем, магнітам, за ім бегалі ўсе дзяўчаты», — коратка адказвае адна з настаўніц Сашы.

У жалобным маршы ідуць старшыня Стаўпецкага райвыканкаму Дзяніс Калясень, ягоная намесьніца Жанна Лысая. Загадчык раённага аддзелу ідэалёгіі і культуры Дзьмітры Сьлесарчык нясе зь іншымі мужчынамі века труны. «Трэба на ўсю катушку спытаць перш за ўсё з старшыні райвыканкаму», — узгадваю словы Лукашэнкі за дзень да пахаваньня. Так ён камэнтаваў трагедыю ў Стоўпцах, згадаўшы яшчэ бардак у беларускіх школах. Ці было нешта, што яны маглі зрабіць і не зрабілі? Ці магчыма было ўвогуле прадбачыць такія рэчы? Пра гэта я яшчэ спытаю жыхароў гораду, якім яны кіруюць. Але ня тут і не цяпер.

Шэсьце пераходзіць менскую трасу, якая аддзяляе месца, дзе жыве сям’я Раманавых, ад рэшты Стоўпцаў. Але далей яго кіруюць не па вуліцы Гагарына, што было б натуральна. Жалобны марш збочвае далей, за сотню мэтраў, у паралельную вуліцу Першамайскую, робячы невялікае кола. На Гагарына жыве сям’я Вадзіма. Адсюль можна пабачыць ягоны дом.

Там цяпер бацькі і сястра вучня-забойцы. Калі стаць ля вакна, то можна пабачыць працэсію і труну Сашы Раманава. Але ў гэтым горадзе немагчыма схавацца. Можна толькі абысьці бокам.

Працяг будзе

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG