Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Забойства ў цэнтры Эўропы. Ганна Арэнт супраць Лукашэнкі


Ганна Арэнт
Ганна Арэнт

19 жніўня Менскі абласны суд пачаў разглядаць справу аб падвойным забойстве ў стаўпецкай школе № 2. Свабода публікуе новую кнігу журналіста Дзьмітрыя Гурневіча «Забойства ў цэнтры Эўропы». Праз гісторыю горада Стоўпцы, мясцовыя легенды і меркаваньні стаўпецкіх людзей аўтар спрабуе зразумець матывы злачынства, якое скаланула ўсю Беларусь.

Пошук вінаватых у гэтай трагедыі пачаўся пасьля першых паведамленьняў у сеціве: ад школы, фільмаў, інтэрнэту, сяброў, бацькоў да Лукашэнкі. Сам ён пра здарэньне ў Стоўпцах выказаўся на наступны дзень.

Чалавек, які 25 гадоў мае ў сваіх руках усе галіны ўлады ў Беларусі, назваў сытуацыю ў беларускіх школах бардаком і загадаў сваім бліжэйшым памочнікам разабрацца «на ўсю катушку» са старшынём райвыканкаму і міністрам адукацыі.

Радыкальныя прапановы міністра наконт бясьпекі ў школах Лукашэнка сам празь некаторы час раскрытыкуе, і яны ніколі ня ўвойдуць у жыцьцё. А якім бокам да трагедыі кіраўнік раёну, які ў Беларусі ня мае амаль ніякіх паўнамоцтваў, апрача павелічэньня ўраджайнасьці і надояў, увогуле незразумела. Праз паўгода пасьля забойства абодва чыноўнікі застаюцца на сваіх пасадах. І магчыма, што адказ на пытаньне — чаму, хаваецца ў тым жа выказваньні Лукашэнкі 12 лютага.

«Я суткі аналізую сытуацыю і рознага кшталту размовы на гэтую тэму: хто вінаваты? Усе мы вінаватыя».

Ганна Арэнд пошукам крыніцы зла прысьвяціла больш чым суткі — дзясяткі гадоў. І з фармулёўкай «вінаватыя ўсе» сустракалася ня раз. Гэтую выснову яна дэталёва апісала ў сваёй працы «Пра гвалт» (1969 год):

«Там, дзе вінаватыя ўсе, не вінаваты ніхто. Прызнаньне ў калектыўнай віне — гэта найлепшая гарантыя супраць выяўленьня сапраўдных вінаватых, а сам маштаб злачынства — найлепшае апраўданьне для бязьдзейнасьці».

Прызнаньне калектыўнай віны Арэнт назвала сыходам у ірацыянальнасьць і ўцёкамі ад рэальнасьці. Так і сталася.

Калі ў першы дзень пра стаўпецкую трагедыю згадвалі напрыканцы паведамленьняў, то пасьля гэтай заявы Лукашэнкі дзяржаўныя СМІ перасталі казаць пра яе ўвогуле. У выніковай перадачы тыдня на галоўным дзяржаўным канале цягам амаль гадзіны не знайшлося нават 5 сэкундаў на ўзгадку пра падзею, якую абмяркоўвала ўся краіна.

Журналіст Свабоды Валянцін Жданко ў сваім блогу з нагоды замоўчваньня трагедыі ў Стоўпцах у дзяржаўных СМІ напісаў, што ад знаёмых калегаў з гэтых самых СМІ дазнаўся, што і там пра гэта ва ўсіх рэдакцыйных кабінэтах гаварылі, абмяркоўваўлі. Многія журналісты парываліся ехаць і рабіць са Стоўпцаў рэпартажы. Але каманда ад кіраўніцтва — да асобнага распараджэньня пра гэтыя падзеі не пісаць.

Валянцін Жданко
Валянцін Жданко

«Мне ня цяжка ўявіць лёгіку чыноўнікаў Адміністрацыі прэзыдэнта (менавіта там, хутчэй за ўсё, прымалі рашэньне пра тое, як будзе асьвятляцца трагедыя), — пісаў Валянцн Жданко. — Маўляў, перадвыбарчы год, прапагандысцкая машына павінна ўсімі сіламі ўмацоўваць вобраз Беларусі як краіны для жыцьця, як выспы стабільнасьці і парадку ў акіяне хаосу, а тут... Навошта ўзбуджаць грамадзтва, спараджаць нездаровыя настроі, абсмоктваць жахлівыя падрабязнасьці?»

Калісьці ў БССР, працягваў Жданко, журналістам гэтаксама, кіруючыся такой жа лёгікай, загадвалі маўчаць, калі здараліся трагедыі (а яны здараліся). Калі падалі самалёты, калі людзі масава гінулі на пажарах у заводзкіх цэхах, калі цэлыя паселішчы былі апанаваныя страхам перад злачынствамі якога-небудзь сэрыйнага забойцы. А ў савецкіх газэтах і тэлепраграмах тым часам — толькі рэпартажы аб працоўных зьдзяйсьненьнях і шчасьлівым дзяцінстве.

Як пісаў пасьля XXIV зьезду КПСС адзін савецкі грамадзянін, натхнёны жыцьцярадаснымі публікацыямі савецкай прэсы:

Наша Родина прекрасна
И цветёт как маков цвет.
Окромя явлений счастья,
Никаких явлений нет.

Як Ганна Арэнт знайшла ключ да спыненьня зла

Пасьля шасьцімесячнага назіраньня за працэсам над Адольфам Айхманам у Ерусаліме, Ганна Арэнт прыйшла да высновы, што гэты нацыскі злачынец — самы звычайны чалавек, адзін з нас і ніякі ня монстар. Ён і сам вельмі цяжка пераносіў карціну гвалту. Падчас вайны ён аднойчы страціў прытомнасьць, назіраючы за экзэкуцыяй. Гэта здарылася ў Беларусі.

Адольф Айхман у судзе
Адольф Айхман у судзе

Свае дзеяньні ён апраўдваў тым, што не сустрэў у Нямеччыне аніводнага чалавека, «увогуле нікога», хто быў бы супраць «канчатковага рашэньня». Чаму так адбылося? Нямецкае грамадзтва, піша Арэнт, абаранілася ад рэальнасьці і фактаў тымі ж самымі сродкамі, тым жа самападманам, хлусьнёй і глупствам, якія сталі сутнасьцю мэнталітэту і самога Айхмана. Самападман стаў амаль маральнай перадумовай выжываньня. Так крывадушнасьць стала ледзь не адным з галоўных складнікаў нацыянальнага характару.

«... насельніцтва, якое не валодала досьведам адсейваць збожжа ад пустазельля ў плыні таталітарнай прапаганды, лічыла, што ўлады кажуць менавіта тое, што і думаюць».

Праблема з Айхманам заключалася менавіта ў тым, што такіх, як ён, было шмат, і многія не былі ні вычварэнцамі, ні садыстамі — яны былі і ёсьць жахліва нармальнымі людзьмі. Паўтузіна псыхіятраў прызналі Айхмана абсалютна здаровым чалавекам. Арэнт прыйшла да высновы, што ў зла вельмі банальная сутнасьць. Зло ўчыняюць звычайныя людзі, якія прымаюць як норму парадак у грамадзтве, добрасумленна выконваюць абавязкі і не задаюць пытаньняў.

Менавіта такім чынам зло ў Нямеччыне страціла тую прыкмету, па якой большасьць людзей яго распазнаюць — яно перастала быць спакусай, піша Арэнт. Саўдзельнікамі злачынства ня сталі толькі тыя, хто навучыўся спакусе супрацьстаяць.

Працяг будзе

Кніга Дзьмітрыя Гурневіча «Забойства ў цэнтры Эўропы» на svaboda.org

Праз гісторыю горада Стоўпцы, мясцовыя легенды і меркаваньні стаўпецкіх людзей журналіст Радыё Свабода спрабуе зразумець матывы злачынства, якое скаланула ўсю Беларусь.

Частка 1. «Банальнасьць зла» ў транзытным горадзе Стоўпцы

Частка 2. Пахаваньне настаўніцы

Частка 3. Пахаваньне вучня

Частка 4. Чумная зямля

Частка 5. Шляхі ахвяраў і забойцы ў школу № 2

Частка 6. Дом, дзе вырас забойца

Частка 7. Школьнік з аватаркай Шапэнгаўэра

Частка 8. Бацька пра сына: «Я ня мог ім надыхацца»

Частка 9. Чаму шкадуюць забойцу

Частка 10. Ганна Арэнт супраць Лукашэнкі

Частка 11. Як жыхары Стоўпцаў шукалі прычыну трагедыі

Частка 12. Кароткая гісторыя Беларусі

Частка 13. Месца злачынства

Частка 14. Альтэрнатыўныя вэрсіі трагедыі ў Стоўпцах

Частка 15. «Ад зайздрасьці ідуць самыя вялікія праблемы»

Частка 16. Горад у дэпрэсіі, бо людзі ў сабе

Частка 17. Стаўпецкі антыдэпрэсант

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG