Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Прызначэньне стала поўнай нечаканасьцю». У стаўпецкай школе, дзе адбыліся забойствы, новы дырэктар. ФОТА


Новы дырэктар стаўпецкай сярэдняй школы № 2 Аляксей Суднік на ўрачыстай лінейцы 2 верасьня
Новы дырэктар стаўпецкай сярэдняй школы № 2 Аляксей Суднік на ўрачыстай лінейцы 2 верасьня

Былая дырэктарка сярэдняй школы № 2 Аксана Лось на ўрачыстую лінейку не прыйшла. Частка бацькоў школьнікаў даведалася аб прызначэньні новага кіраўніцтва толькі на лінейцы.

11 лютага 2019 году вучань гэтай школы напаў з нажом на настаўніцу і трох вучняў. 50-гадовая настаўніца гісторыі і грамадазнаўства і вучань 11-й клясы загінулі. Двух вучняў шпіталізавалі з раненьнямі.

Бацькі, якія прыйшлі на лінейку
Бацькі, якія прыйшлі на лінейку

Пра тое, што Аксана Лось напісала заяву аб звальненьні са школы № 2 Стоўпцаў, стала вядома ў сераду 28 жніўня. Паводле афіцыйнай вэрсіі, распаўсюджанай Стаўпецкім райвыканкамам, гэта яе асабістае рашэньне. Разам з дырэктаркай школу пакінула таксама адна з завучаў.

Як расказала Свабодзе школьны псыхоляг, рашэньне Аксаны Лось стала нечаканасьцю для настаўнікаў і бацькоў вучняў. Настаўнікі нават напісалі ліст у Міністэрства адукацыі і адміністрацыю кіраўніка краіны, у якім прасілі пакінуць Аксану Лось на пасадзе дырэктаркі. Бацькі некаторых з вучняў гаварылі, што на лінейку 2-га верасьня прыйдуць з плякатамі ў падтрымку былой дырэктаркі. Аднак гэтага не адбылося.

Лінейка, прысьвечаная пачатку навучальнага году, прайшла ў стаўпецкай школе № 2 раніцай 2 верасьня. На ёй настаўнікам і вучням прадставілі новага дырэктара Аляксея Судніка.

Як расказалі Свабодзе некаторыя з бацькоў, пра звальненьне Аксаны Лось яны даведаліся толькі ля школы. У размове са Свабодай сам Суднік расказаў, што заняць пасаду дырэктара ў школе № 2 яму прапанавалі 28 жніўня. У той жа дзень, калі Аксана Лось напісала заяву аб звальненьні.

«Вельмі нечакана ўсё было, літаральна некалькі гадзін было на тое, каб прыняць рашэньне, — сказаў Свабодзе новы дырэктар стаўпецкай школы № 2 Аляксей Суднік. — Потым мяне праверылі па ведамствах, была здача іспытаў. Усё было вельмі нечакана. Раней я працаваў у Баранавіцкім раёне на разнастайных пасадах. Мэтадыстам, пачынаў з настаўніка, быў загадчыкам мэтадычнага кабінэту. Нейкі досьвед ёсьць.

Новы дырэктар стаўпецкай школы №2 Аляксей Суднік (у цэнтры)
Новы дырэктар стаўпецкай школы №2 Аляксей Суднік (у цэнтры)

Са сродкаў масавай інфармацыі я ведаю, што настаўнікі хочуць вярнуць старую дырэктарку. Але мяне ўжо прадставілі на пэдагагічнай радзе. Спачатку, магчыма, была нейкая насьцярожанасьць. Але потым мяне павіншавалі. Нам у любым выпадку трэба будзе разам працаваць, знаходзіць агульную мову. Адзін дырэктар ня воін».

Аляксей Суднік з Аксанай Лось яшчэ не сустракаўся і не размаўляў. Зьбіраецца зрабіць гэта ў бліжэйшы час. Ініцыятыва прызначэньня Судніка на пасаду дырэктара школы № 2 сыходзіла ад кіраўніцтва аддзелу адукацыі Стаўпецкага райвыканкама.

Акрамя настаўнікаў, вучняў і іхных бацькоў, на ўрачыстай лінейцы ля школы № 2 прысутнічалі чыноўнікі райвыканкаму з аддзелаў ідэалёгіі і адукацыі. Настаўнікі і супрацоўнікі школы адмовіліся камэнтаваць журналістам сытуацыю са звальненьнем Аксаны Лось.

На ўваходзе ў школу дзяжурыла міліцыя
На ўваходзе ў школу дзяжурыла міліцыя

«Такой дырэктаркі, як Аксана Лось, я ў сваім жыцьці ня бачыла і не сустракала, — расказала Свабодзе Ніна Васільеўна, якая прывяла на лінейку ўнука. — Яна заўсёды зь дзецьмі размаўляла. Некаму гаварыла, што ён без пальчаткі, іншаму — што рана выйшаў са школы, бо яшчэ аўтобус не прыйшоў.

Мы ў шоку ўсе, усе бацькі ў шоку. Чаму яна прыняла такое рашэньне, мы ня ведаем. Нічога не казала пра гэта. Бацькі ўсіх старшаклясьнікаў хацелі, каб яна засталася. І ня толькі старшаклясьнікаў. Мой унук у пятай клясе. Я вельмі хачу, каб яна засталася. Яна ўсіх дзяцей па імёнах ведала, а іх тут 500 чалавек. Я таксама ў гэтай школе вучылася.

Ці паўплывала на Аксану трагедыя? Мы нічога ня ведаем. Ці гэта яе рашэньне (звольніцца. — РС), ці ёй дапамаглі прыняць такое рашэньне. Усе бацькі за яе, вы падыдзіце да любога. Усе вам так скажуць».

Працэс у справе аб двайным забойстве ў школе № 2 праходзіць за закрытымі дзьвярыма літаральна за кілямэтар ад школьнага будынка. Пакуль невядома, калі будзе вынесены прысуд.

Забойства ў стаўпецкай школе. Асноўнае

  • Паводле сьледзтва 11 лютага ў стаўпецкай сярэдняй школе № 2 вучань 10 клясы напаў з нажом на настаўніцу і трох вучняў.
  • 50-гадовая настаўніца гісторыі і грамадазнаўства і вучань 11 клясы загінулі, двух аднаклясьнікаў нападніка шпіталізавалі з раненьнямі.
  • Сьледчы камітэт завёў крымінальныя справы за забойства двух і больш чалавек і спробу забойства. Паводле ч. 2 арт. 139 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусі нападніку могуць прысудзіць ад 8 да 12 гадоў турмы.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG