Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як хавалі ахвяраў нападу ў Стоўпцах. Фотарэпартаж


Пахаваньне вучня Аляксандра Р. у Стоўпцах, 13 лютага
Пахаваньне вучня Аляксандра Р. у Стоўпцах, 13 лютага

Больш за 200 чалавек прыйшлі да царквы Сьвятой Ганны ў Стоўпцах, каб разьвітацца з 17-гадовым Аляксандрам Р., вучнем стаўпецкай школы нумар 2, які загінуў 11 лютага ад удару нажом.

За труной, якую ад ягонага дома на вуліцы Чарняхоўскага да царквы ў старой частцы гораду несьлі на руках, ішлі бацькі і сваякі хлопца, вучні і настаўнікі школы.

У цэнтры — маці Аляксандра
У цэнтры — маці Аляксандра

​Працэсія расьцягнулася на сотні мэтраў, яе суправаджалі аўтамабілі ДАІ і хуткай дапамогі.

«Немагчыма зразумець, што здарылася, як немагчыма і апраўдаць забойства», — пачаў службу ў царкве айцец Аляксандар.

Побач з праваслаўным сьвятаром стаяў ксёндз мясцовага касьцёла айцец Ігар. Людзі плакалі, трымалі сьвечкі.

На пахаваньне прыйшлі вучні стаўпецкай школы нумар 2. Адзін зь іх, Мікіта, сказаў, што Саша быў ягоным лепшым сябрам.

«Вельмі добры і цікавы як чалавек. Вучыўся выдатна, сябраваў выдатна».

Аляксандар хацеў стаць журналістам і рыхтаваўся паступаць у ВНУ па гэтай спэцыяльнасьці, але не ў Беларусі, а ў Польшчы, сказаў Мікіта.

«Так, ён зьбіраўся быць палітолягам ці журналістам. Цікавіўся грамадзкім жыцьцём, пачаў весьці суполкі ў сацсетках па-беларуску, у тым ліку ад ТБМ», — пацьвердзіў актывіст Таварыства беларускай мовы Міхаіл Мацкевіч. Ён дадаў, што Аляксандар быў зусім не канфліктным чалавекам.

Школьныя сябры Аляксандра казалі, што ён карыстаўся беларускай мовай, казаў, што любіць яе і будзе гаварыць на ёй заўсёды.

Пра абставіны гібелі людзі гаварыць не хацелі, казалі: «Давайце пакуль пра гэта ня будзем».

Суседка Яніна Іванаўна распавяла пра сям’ю нябожчыка:

«У яго і бацькі вельмі добрыя. Ведаю, што яны прадпрымальнікі. Жывуць заможна, але вельмі прыстойна. Я вунь там далей жыву, але як ідуць міма, дык заўсёды вітаюцца. У Сашы ёсьць старэйшая сястра, тая таксама вельмі добрая дзяўчына, ужо ў Менску жыве. Кажуць, хутка мае шлюбам пабрацца. А тут — такое гора, слоў няма. Залаты ж быў хлопчык».

Сям’я Аляксандра жыве ў прыгожым доме ў прыватным сэктары. Вакол — звычайныя для райцэнтра дамы з газавым забесьпячэньнем.

Дом Аляксандра
Дом Аляксандра

«Тут раней быў кар’ер. Ужо гадоў 30 як мы тут пабудаваліся, і іх сям’я таксама, — кажа суседка Тамара Сяргееўна. — Саша тут нарадзіўся, заўсёды быў вельмі добрым і ветлівым хлопчыкам. Вось на гэтую лаўку да нас прыходзіў яшчэ дзіцем. Пытаюся: „Ну што, нешта здарылася?“ Сьмяецца ў адказ: „Нічога ня здарылася, проста так прыйшоў. А як здарыцца, высьветлю і тады ўсё вам раскажу“. Заўсёды вітаўся і са сьвятамі віншаваў. Як падрос, дык езьдзіў тут на квадрацыкле, але потым забаранілі яму гэты квадрацыкл, дык перасеў на матацыкл. Але надта не ганяў, спакойна езьдзіў».

Труну зь целам Аляксандра з царквы выносілі пад царкоўны перазвон. Адтуль пахавальная працэсія накіравалася да стаўпецкіх могілак непадалёк ад вёскі Сьцяцкі.

На пахаваньні на могілках былы настаўнік Сашы казаў: «Ён быў душой кляса».

Класная кіраўніца Алена Красьніцкая на могілках прамаўляе па-беларуску і кажа, што гэта гора прыйшло ва ўсю нашу краіну. Яна згадала, што ў апошнія дні Сашу бачылі з кніжкамі, ён заўсёды нешта распавядаў іншым, пра што даведаўся. «Ты вельмі любіў родную мову, вывучаў гісторыю роднай краіны», — кажа Красьніцкая.

Дырэктарка школы Аксана Лось: «Любіў вучыцца, граць на гітары, пазнаваць гэты сьвет. У Яго быў такі іскрысты позірк. Але адбылася жудасная трагедыя, якая падзяліла ўсё наша жыцьцё».

Малітвы над труной Аляксандра Р. прачыталі праваслаўны сьвятар Георгій і каталіцкі айцец Ігар, абодва па-беларуску.

На пахаваньне забітай настаўніцы прыйшлі яе выпускнікі

Марыну Пархімовіч пахавалі ў вёсцы пад Стоўпцамі. На могілкі прыйшлі каля 200 чалавек.

Забітую 11 лютага ў Стаўпецкай школе нумар настаўніцу Марыну Пархімовіч пахавалі ў вёсцы Шашкі ў 20 кілямэтрах ад Стоўпцаў. Яна там нарадзілася і вырасла. У Шашках дагэтуль жыве маці настаўніцы.

Каля дома, дзе жыла Марына Пархімовіч
Каля дома, дзе жыла Марына Пархімовіч

«У іх вельмі харошая сям’я была. Што маці, што бацька», — кажуць на пахаваньні аднавяскоўцы.

Яе бацька быў трактарыстам, а маці ў розны час працавала на пошце, у пякарні і на фэрме. У Марыны Міхайлаўны было дзьве сястры. Адна таксама працуе настаўнікам, другая — лябараторыі ў Стоўбцаў.

«Такія харошыя дзяўчаты», — кажуць іхнія аднавяскоўцы.

Па супадзеньні, таксама зь вёскі Шашкі паходзіць сям’я вучня 11-й клясы Аляксандра Р., які таксама быў забіты ў панядзелак. Тут нарадзілася і вырасла ягоная маці.

Марына вучылася на гісторыка. Выйшла замуж за свайго аднакурсьніка. Раней яе муж таксама працаваў настаўнікам — у вёсцы Задвор’е Стаўпецкага раёну.

На пахаваньне прыйшло шмат выпускнікоў Марыны Пархімовіч. Яна доўгі час была кляснай кіраўніцай, у тым ліку першай профільнай юрыдычнай клясы ў Стоўпцах. Многія выпускнікі той клясы цяпер працуюць у міліцыі.

Каля царквы ў вёсцы Шашкі, дзе пахаваюць настаўніцу, сабраўся картэж з больш як 50 машын
Каля царквы ў вёсцы Шашкі, дзе пахаваюць настаўніцу, сабраўся картэж з больш як 50 машын

На разьвітаньні з настаўніцай, яе калегі распавялі, што Марына Пархімовіч была таленавітай настаўніцай, яна падрыхтавала шмат алімпіяднікаў, прызёраў і абласных і рэспубліканскіх алімпіяд.

Дачка Марыны Пархімовіч
Дачка Марыны Пархімовіч

«Яны любіла ўсіх сваіх вучняў», — сказала на пахаваньні яе калега Ганна Пархімовіч, якая 25 год апрацавала разам з Марыяй Міхайлаўнай.

Каля царквы ў вёсцы Шашкі, дзе пахавалі настаўніцу
Каля царквы ў вёсцы Шашкі, дзе пахавалі настаўніцу

«Гэта трагедыя, якую немагчыма зразумець, якую немагчыма прыняць», — сказала адна з калег падчас пахаваньня.

Забойства ў стаўпецкай школе. Асноўнае

  • Паводле сьледзтва 11 лютага ў стаўпецкай сярэдняй школе № 2 вучань 10 клясы напаў з нажом на настаўніцу і трох вучняў.
  • 50-гадовая настаўніца гісторыі і грамадазнаўства і вучань 11 клясы загінулі, двух аднаклясьнікаў нападніка шпіталізавалі з раненьнямі.
  • Сьледчы камітэт завёў крымінальныя справы за забойства двух і больш чалавек і спробу забойства. Паводле ч. 2 арт. 139 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусі нападніку могуць прысудзіць ад 8 да 12 гадоў турмы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG