Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стаўпецкі райвыканкам скасаваў усе забаўляльныя імпрэзы да канца тыдня 


Каля школы №2 у Стоўпцах пасьля двайнога забойства
Каля школы №2 у Стоўпцах пасьля двайнога забойства

Сама меней да канца тыдня ў Стоўпцах і раёне будзе дзейнічаць мараторый на забаўляльныя імпрэзы. Пра гэта Свабодзе паведамілі ў мясцовым выканкаме.

«Жалоба ў нас аб’яўляецца толькі прэзыдэнтам краіны. Аднак усе забаўляльныя імпрэзы, якія належаць да сфэры нашай кампэтэнцыі, спыненыя: ніякіх канцэртаў, дыскатэк, вечарын. Выдадзены адмысловы загад аб гэтым», — адзначыў Свабодзе начальнік аддзелу ідэалягічнай працы, культуры і ў справах моладзі Стаўпецкага райвыканкаму Дзьмітры Сьлясарчык.

Чыноўнік не ўдакладніў, як доўга будзе дзейнічаць такі рэжым, але ня выключыў, што захопіць і наступны тыдзень.

«Пакуль такія імпрэзы адмянілі да канцы тыдня, але ня выключана, што працягнем і далей — прынамсі будзем такі варыянт абмяркоўваць. Нам яшчэ трэба перажыць вельмі складаны сёньняшні дзень — дзень пахаваньняў», — сказаў Дзьмітры Сьлясарчык.

Бацькі каля стаўпецкай школы №2
Бацькі каля стаўпецкай школы №2

Раней у Стаўпецкім райвыканкаме Свабодзе паведамілі, што 13 лютага пройдзе разьвітаньне з ахвярамі нападу ў школе № 2 — аб 11-й гадзіне з настаўніцай Марынай Пархімовіч і аб 11.30 з вучнем Аляксандрам Р. Яны загінулі 11 лютага ад рукі мясцовага старшаклясьніка Вадзіма М. Яшчэ два школьнікі былі параненыя.

Марыну Пархімовіч пасьля адпяваньня пахаваюць на могілках роднай для яе вёсцы Шашкі, Аляксандра пасьля царквы павязуць на гарадзкія могілкі.

Рашэньнем сэсіі раённага савета дэпутатаў пацярпелым далі матэрыяльную дапамогу: па 400 базавых велічынь сем’ям загінулых і па 200 базавых — сем’ям параненых юнакоў.

Забойства ў стаўпецкай школе. Асноўнае

  • Паводле сьледзтва 11 лютага ў стаўпецкай сярэдняй школе № 2 вучань 10 клясы напаў з нажом на настаўніцу і трох вучняў.
  • 50-гадовая настаўніца гісторыі і грамадазнаўства і вучань 11 клясы загінулі, двух аднаклясьнікаў нападніка шпіталізавалі з раненьнямі.
  • Сьледчы камітэт завёў крымінальныя справы за забойства двух і больш чалавек і спробу забойства. Паводле ч. 2 арт. 139 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусі нападніку могуць прысудзіць ад 8 да 12 гадоў турмы.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG