Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто вінаваты ў стаўпецкай трагедыі: сям’я, школа, расейскія сэрыялы?


Грамадзкія дзеячы, пэдагогі, дэпутаты, простыя людзі шакаваныя трагедыяй у Стоўпцах. Інфармацыі пра прычыны, матыў злачынства, пра тое, што падштурхнула хлопца да такога страшнага ўчынку, зусім мала. Суразмоўцы Свабоды выказваюць свае асабістыя меркаваньні.

Павал Севярынец: «Разьня ў Стоўпцах — іскарка пажару, які тлее ўнутры Беларусі»

Павал Севярынец
Павал Севярынец

Сустаршыня БХД, адзін з арганізатараў абароны Курапатаў Павал Севярынец кажа, што вельмі страшна, калі гіне настаўніца:

«Вельмі шкада параненых вучняў, якія спрабавалі заступіцца за настаўніцу і апынуліся на шляху агрэсіўнага падлетка. Вельмі жудасна, калі гіне зусім малады хлопец, патрыёт, сябра ТБМ.

Ягоная майка з Пагоняй успрымаецца, як быццам бы цябе самога паласнулі нажом. На жаль, перад абліччам грубага і гвалтоўнага зла чалавечае жыцьцё вельмі пяшчотнае і безабароннае. Але мы як людзі, як народ павінны зрабіць усё ад нас залежнае, каб вось гэтую пяшчотнасьць жыцьця абараніць».

На думку Паўла Севярынца, за 70 гадоў камунізму і 25 гадоў рэжыму Лукашэнкі мараль у грамадзтве разбураная, чалавечае жыцьцё абясцэньваецца.

«Патрэбная вельмі вялікая праца пакаленьняў, перш чым гэтую вялікую яміну, у якой апынулася цяпер Беларусь, мы пераадолеем, пакуль мы зь яе вылезем. І разьня ў Стоўпцах — гэта зусім не выключная рэч. Гэта іскарка пажару, які тлее ўнутры Беларусі. Я тут маю на ўвазе і самагубствы людзей, якіх высылаюць, і 50 тысяч абортаў у год, і суіцыды, па якіх мы наперадзе плянэты ўсёй, і спойваньне нацыі — мы зноў жа сярод лідэраў у сьвеце.

Гэта чорная багна. І ў гэтай чорнай багне ні голасу кіраўніцтва не чуваць — такі ў нас рэжым, ні голасу народу не чуваць. Народ збольшага маўчыць альбо шукае прычыны вонкі. А прычыны ў нас саміх», — сказаў Павал Севярынец.

Аляксандар Фядута: «Па тэлевізары — спрэс танныя расейскія сэрыялы пра злачынствы»

Аляксандар Фядута
Аляксандар Фядута

Публіцыст, літаратуразнаўца Аляксандар Фядута, школьны настаўнік паводле адукацыі, які мае досьвед выкладаньня ў школе, уражаны выказваньнем першай асобы дзяржавы пра «бардак» у школах у сувязі з трагедыяй у Стоўпцах.

На яго думку, парадак заключаецца ня ў тым, што настаўнікі і адміністрацыя павінны абшукваць кожнага вучня на ўваходзе.

«Пры чым тут міністар адукацыі і старшыня райвыканкаму? Працуе сьледзтва, і, як мне ўяўляецца, наўрад ці будзе выяўлена віна гэтых службовых асобаў.

Не, Ігару Карпенку шмат чаго можна прад’явіць — але вось тое, што ён не абшукваў вучняў у стаўпецкай школе № 2, прад’явіць нельга. Гэта не ўваходзіць у яго функцыянальныя абавязкі», — піша Аляксандар Фядута на сваёй старонцы ў фэйсбуку.

А вось усім дзяржаўным ідэолягам, на чале зь першай асобай дзяржавы, на думку спадара Фядуты, можна прад’явіць прэтэнзію.

«У нас па тэлевізары кожны дзень ідзе па розных каналах ня менш за шэсьць (!!!) сэрыялаў у сукупнасьці, дзе дэманструюць розныя віды злачынстваў. Так дэманструюць, што, здаецца, жыцьцё з адных злачынстваў складаецца.

Пры гэтым няма ніякай альтэрнатывы: тэлеканалы належаць дзяржаве і закупляюць усялякі тандэт. А самыя танныя расейскія сэрыялы — якраз пра злачыннасьць.

За гэта што, старшыня райвыканкаму адказваць павінен?» — задае рытарычнае пытаньне Аляксандар Фядута.

Яўген Лівянт: «Праблема зусім ня ў школе, не ў адукацыі. Пакуль хлопец не загаворыць, праўды мы не даведаемся»

Яўген Лівянт
Яўген Лівянт

Выкладчык фізыкі, рэпэтытар цэнтру «100 балаў» Яўген Лівянт пастаянна працуе з падлеткамі. Яўген Лівянт лічыць, што, пакуль няма інфармацыі, цяжка разважаць і меркаваць, чаму здарылася трагедыя.

Але тое, што адбылося ў Стоўпцах — абсалютна не зьвязанае з сыстэмай адукацыі, з узаемаадносінамі ў калектыве і тым больш зь непаразуменьнямі з настаўніцай.

«Падстава, прычына гэтых падзей — зусім ня ў школе, школа — толькі месца трагедыі.

Мяне вельмі ўразіла, што два хлопчыкі кінуліся абараняць настаўніцу.

Што да ўчынку падлетка, магчыма, там нейкія праблемы ў сям’і, але сям’я не паказвае іх. Суседзі кажуць, што ўсё добра, але, верагодна, там разлад — але гэта толькі тэарэтычныя развагі. У маёй практыцы былі выпадкі, калі ў падлетка губляўся інтарэс да вучобы, да жыцьця, а быў развод бацькоў, сямейныя праблемы.

Верагодна, справа тут ва ўжываньні наркатычных, псыхатропных рэчываў, спайсаў, і гэта засталося незаўважаным — але, зноў жа, гэта мае здагадкі.

Магчыма, штосьці яшчэ. Пакуль хлопец не загаворыць, наўрад ці мы даведаемся пра ісьціну», — мяркуе рэпэтытар Яўген Лівянт.

Алена Анісім: «У дарослых страчаная камунікацыя зь дзецьмі»

Алена Анісім
Алена Анісім

​Паводле Анісім, праблема ў тым, што ў дарослых вельмі часта няма шчыльных кантактаў зь дзецьмі, страчаная камунікацыя.

«Раней у вёсцы дзіця не магло прайсьці па вуліцы, каб зь ім не загаварыў дарослы. Цяпер бацькі занятыя працай, зарабляюць грошы, а дзеці жывуць у віртуальнай прасторы, у інтэрнэце, і сваімі праблемамі яны не прывыклі дзяліцца з бацькамі ці сябрамі.

У сілу разьвіцьця цывілізацыі, я б сказала, залішняга абвалу інфармацыі, нашы дзеці прадастаўленыя самі сабе. Мы мала часу трацім на глыбокія кантакты зь дзецьмі, мы мала іх выхоўваем у духу любові і клопату», — сказала Свабодзе Анісім.

Анісім мяркуе, што гэта той нэгатыўны прыклад цывілізацыі, рытму і ладу жыцьця, які мы сёньня маем.

«А дзеці часьцяком у сілу свайго падлеткавага ўзросту, калі ў іх павышаная псыхічная эмацыйнасьць, дробныя праблемы ўспрымаюць як глябальныя і альбо сканчаюць жыцьцё самагубствам, альбо ідуць на нейкую агрэсію. Вядома, нешта ж справакавала агрэсію ў стаўпецкага падлетка, а ніхто гэтага не заўважыў».

Алена Анісім — дэпутатка Палаты прадстаўнікоў па 70-й Стаўпецкай выбарчай акрузе, сама родам зь вёскі Савоні Стаўпецкага раёну. У школе нумар два яна ніколі не была.

Мечыслаў Грыб: «Ад пастаянных рэформаў у пэдагогаў няма часу на дзяцей»

Мечыслаў Грыб
Мечыслаў Грыб

Двайное забойства ў стаўпецкай школе камэнтуе генэрал міліцыі ў адстаўцы Мечыслаў Грыб, які служыў у органах унутраных спраў за савецкім часам.

​Мечыслаў Грыб у камэнтары Свабодзе згадаў, што дробныя правіны дзяцей у дачыненьні настаўнікаў былі і раней. Дзеці маглі іголкі ці кнопкі на крэсла падкласьці, нейкія сьмярдзючыя рэчы прынесьці ў школу. Але падобных выпадкаў узброенай агрэсіі супраць настаўнікаў за час сваёй працы ў міліцыі ён ня памятае.

«Магчыма, пра такое замоўчвалі ў краінах былога СССР. Але ў БССР узброеных нападаў на настаўнікаў дакладна не было», — кажа Грыб.

На ягоную думку, справа гэтая тычыцца ня толькі органаў унутраных спраў, а найперш супрацоўнікаў сыстэмы адукацыі, пэдагогаў, псыхолягаў, іх працы са школьнікамі і бацькамі.

«У нас больш размоваў, чым працы. У школах ідуць пастаянныя рэформы, штогод праграмы мяняюць, падручнікі перарабляюць, пляны і справаздачы пішуць... А каб да дзіцяці дайсьці, зазірнуць яму ў душу — у пэдагогаў няма часу. Ёсьць жа ў школах псыхолягі — чым яны займаюцца? Псыхолягі і пэдагогі недапрацавалі, недасачылі.

І да аховы шмат пытаньняў: як хлопец пранёс у школу нож? Быццам ахову паўсюль узмацнілі, але сядзяць на вахце дзядкі і нічога ня робяць. Як дзіця пранесла немаленькі нож?»

Мечыслаў Грыб кажа, што яму цяжка патлумачыць, адкуль у хлопца ўзялася такая агрэсія, але гэта, безумоўна, вялікая трагедыя.

«Крыўдна, што мірная, спакойная Беларусь становіцца аб’ектам крымінальных навінаў усясьветных СМІ», — заявіў Мечыслаў Грыб.

Забойства ў стаўпецкай школе. Асноўнае

  • Паводле сьледзтва 11 лютага ў стаўпецкай сярэдняй школе № 2 вучань 10 клясы напаў з нажом на настаўніцу і трох вучняў.
  • 50-гадовая настаўніца гісторыі і грамадазнаўства і вучань 11 клясы загінулі, двух аднаклясьнікаў нападніка шпіталізавалі з раненьнямі.
  • Сьледчы камітэт завёў крымінальныя справы за забойства двух і больш чалавек і спробу забойства. Паводле ч. 2 арт. 139 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусі нападніку могуць прысудзіць ад 8 да 12 гадоў турмы.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG