Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вінаватыя расейскія фільмы, — былы памочнік Лукашэнкі пра трагедыю ў стаўпецкай школе


Ілюстрацыйнае фота

Адстаўны чыноўнік і дэпутат, які працаваў у Стаўпецкай акрузе, пракамэнтаваў Свабодзе трагічныя падзеі ў школе № 2.

Мікалай Іванчанка з 2006 па 2012 год працаваў памочнікам Аляксандра Лукашэнкі — галоўным інспэктарам па Менскай вобласьці, а потым чатыры гады быў дэпутатам Палаты прадстаўнікоў па Стаўпецкай выбарчай акрузе.

Іванчанка сказаў, што бываў у гэтай школе як дэпутат Палаты прадстаўнікоў, добра ведае яе дырэктара.

«Калі я быў дэпутатам, то вучняў старэйшых клясаў са Стаўпецкага і Нясьвіскага раёнаў (гэта адна выбарчая акруга) мы прывозілі ў Палату прадстаўнікоў. Сярод іх былі вучні і школы № 2. Паказалі ім, як працуем. Яны прысутнічалі пры абмеркаваньні законапраектаў».

«Але, на вялікі жаль, такое магло здарыцца дзе заўгодна. Таму гэта велізарнае гора для ўсёй Беларусі», — кажа Мікалай Іванчанка.

«Ідзе хваля гвалту з экранаў. Паглядзіце гэтыя расейскія фільмы!»

Спадар Іванчанка згадвае іншыя трагічныя выпадкі, якія адбыліся ў Беларусі з удзелам непаўналетніх, і дае сваю вэрсію.

«Гэта своеасаблівае капіяваньне. Але капіяваньне замбаванае. Гэта ідзе ад нашэсьця хвалі гвалту з экранаў тэлебачаньня, інтэрнэту. Паглядзіце гэтыя расейскія фільмы! Амаль не бывае стужкі, дзе ўсё не заканчваецца забойствамі, гвалтам. Падаецца як нешта такое, што само сабой разумеецца. Аўтары гэтых фільмаў — мабыць, у пагоні за грашыма — фактычна разбэшчваюць дзяцей. А ў вучняў яшчэ і нагрузкі моцныя».

Згадваючы свае школьныя гады, Мікалай Іванчанка, якому ўжо за 70, кажа пра вялікую ролю працы ў выхаваньні дзяцей.

«Нас больш задзейнічалі на працоўным выхаваньні. А цяпер яны больш аддадзеныя сабе. І жывуць як быццам у нейкім віртуальным сьвеце. І глядзяць яны на праблемы як на нейкія гульні. Таму іх трэба вяртаць у рэальны сьвет, вучыць жыцьцю праз працу».

Забойства ў стаўпецкай школе. Асноўнае

  • Паводле сьледзтва 11 лютага ў стаўпецкай сярэдняй школе № 2 вучань 10 клясы напаў з нажом на настаўніцу і трох вучняў.
  • 50-гадовая настаўніца гісторыі і грамадазнаўства і вучань 11 клясы загінулі, двух аднаклясьнікаў нападніка шпіталізавалі з раненьнямі.
  • Сьледчы камітэт завёў крымінальныя справы за забойства двух і больш чалавек і спробу забойства. Паводле ч. 2 арт. 139 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусі нападніку могуць прысудзіць ад 8 да 12 гадоў турмы.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG