«Мы зьвярнуліся да Лукашэнкі». Настаўнікі стаўпецкай школы просяць пакінуць на пасадзе дырэктарку

Школа № 2 у Стоўпцах. Ілюстрацыйнае фота
Школа № 2 у Стоўпцах. Ілюстрацыйнае фота

Пра звальненьне дырэктаркі стаўпецкай школы № 2 Аксаны Лось стала вядома 28 жніўня. Акрамя яе, са школы сыходзіць таксама завуч школы Ірына Гарэлік.

Як стала вядома Свабодзе, калектыў школы № 2 Стоўпцаў напісаў лісты ў адміністрацыю прэзыдэнта і ў Міністэрства адукацыі з просьбай пакінуць Аксану Лось на пасадзе дырэктаркі.

Стаўпецкая школа № 2 стала вядомай на ўсю краіну 11 лютага 2019 году, калі там адбылося падвойнае забойства. Суд у гэтай справе пачаўся 19 жніўня, на лаве падсудных былы вучань школы. Супрацоўнікі ды вучні школы праходзяць у справе як сьведкі.

За два тыдні да пачатку суду дырэктарка Аксана Лось расказвала Свабодзе, як школьны калектыў перажывае трагедыю і якім чынам рыхтуецца да новага навучальнага году. Яна таксама паведаміла тады, што будзе працаваць у школе і надалей.

28 жніўня стала вядома, што Аксана Лось напісала заяву на звальненьне з уласнага жаданьня. Як стала вядома Свабодзе, гэта адбылося пасьля візыту ў райвыканкам.

Для настаўнікаў і бацькоў вучняў рашэньне дырэктаркі стала вялікай нечаканасьцю. Разам зь ёю заяву на звальненьне напісала і завуч школы Ірына Гарэлік.

«Мы ня супраць новага дырэктара, мы проста... Ведаеце, такога кіраўніка, як Аксана Міхайлаўна, цяжка знайсьці, — сказала Свабодзе школьны псыхоляг Вольга Варачкіна. — Так, такое ў школе здарылася, і за гэта нікога ня трэба хваліць...

Бацькі вучняў за Аксану Міхайлаўну. За кожнага ня скажаш, але большасьць, вядома, за яе. Яны любяць і паважаюць Аксану Міхайлаўну. Яна кожнага тут ведае, ня толькі вучняў. Яна вельмі кампэтэнтны і вельмі адказны супрацоўнік. Раскідвацца такімі супрацоўнікамі... Я проста ня ведаю.

Мы размаўлялі з Аксанай Міхайлаўнай таксама. Яна кажа, што гэта ўжо пункт невяртаньня. Яе таксама можна зразумець. Ці сама яна прыняла такое рашэньне? Ведаеце як... Мы ж не былі там у кабінэце, калі яна пісала гэтую заяву. Але мы лічым, што гэта не яе асабістае жаданьне. Хаця фактаў я не магу прывесьці, вядома».

Бацькі вучняў школы зьбіраюцца прыйсьці на школьную лінейку 2 верасьня з плякатамі ў падтрымку былой дырэктаркі.

​
XS
SM
MD
LG