Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падрабязнасьці нападу ў Стоўпцах: «Зайшоў у клясу, напаў на настаўніцу і вучня, які за яе заступіўся»

абноўлена

Міліцыянты каля школы №2 у Стоўпцах

Нападнік уцякаў праз чорны ход школы і параніў двух хлопцаў, якіх сустрэў. Пра гэта Свабодзе расказаў сваяк аднаго з пацярпелых.

50-гадовая настаўніца памерла ад ранаў. Пазьней стала вядома, што загінуў яшчэ адзін падлетак 2001 году нараджэньня, два застаюцца ў рэанімацыі.

«Папярэдне выяўлена, што вучань прыбыў у школу каля 7:40, паставіў свой партфэль у клясе, — паведаміў БелТА прадстаўнік Сьледчага камітэту Сяргей Кабаковіч. — Пазьней ён вярнуўся ў кляс, нанёс настаўніцы нажавое раненьне. За яе заступіліся двое аднаклясьнікаў. Яны таксама атрымалі раненьні. Настаўніца памерла на месцы здарэньня. Два хлопцы з кляса былі шпіталізаваныя, іх жыцьцю нічога не пагражае».

Пасьля гэтага нападнік выйшаў з клясу, зайшоў у суседні, дзе нанёс раненьне вучню 2001 году нараджэньня — той пазьней памёр.

Сваяк аднаго з пацярпелых хлапцоў распавёў Радыё Свабода, што пасьля пачатку ўроку гісторыі вучань М. зайшоў у клясу. Спачатку напаў на настаўніцу. Хлопец, які загінуў, найхутчэй спрабаваў заступіцца за настаўніцу.

Пасьля нападнік выйшаў праз чорны ход, каб уцячы. Сустрэў двух хлапцоў, якіх таксама параніў. У аднаго зь іх пашкоджаныя лёгкае і ключыца. Другі пацярпеў ня так моцна. Усе пацярпелыя непаўналетнія. Затрымалі нападніка на вуліцы Ленінскай каля 10.11. Вэрсій наконт нападу ў горадзе таксама няма.

Цяпер Стаўпецкая школа ачэпленая міліцыяй. Дзяцей выпускаюць па адным адразу да бацькоў пад росьпіс. Перад уваходам у школу вучняў чакаюць іх бацькі. Яны распавяла карэспандэнту Свабоды, што аб здарэньні даведаліся пасьля званка дзяцей. Яны сталі ім званіць і расказваць пра трагедыю. Пасьля гэтага тэлефоны вучняў сталі адключаныя.

Цяпер дзяцей выпускаюць па некалькі чалавек раз на 10-15 хвілінаў.

«Быў у нармальных адносінах з усімі»

Бацькі вучняў і мясцовыя жыхары расказалі Свабодзе, што падлетак, які напаў на настаўніцу і вучняў добра вучыўся, ня меў праблем у школе. Ніколі за ім не заўважалася нейкай агрэсіі, ён быў у добрых адносінах з аднакляснікамі. У яго звычайная сям’я, у малодшай школе ён вельмі добра вучыўся.

«Настаўніцу вучні паважалі»

Забітая 50 гадовая настаўніца гісторыі мела добрыя стасункі з вучнямі. Пра яе Свабодзе распавёў яе былы вучань Мікалай. Па яго словах, настаўніца выкладала гісторыю і грамадазнаўства. Яна не была строгай, і дзеці паважалі яе за справядлівае стаўленьне да сябе. На яе ніколі ня скардзіліся вучні.

«І голасу не падвысіць! Самае лепшая настаўніца была. Тыдзень таму сустракаліся (на Дзень выпускніка — РС). Яна як была маладой, так і засталася», — сказаў Мікалай.

Знаёмыя і аднаклясьнікі загінулага 11-клясьніка распавялі Свабодзе, што хлопец хацеў аб’ехаць Беларусь і зьбіраўся паступаць у Польшчу.

«Ён быў вельмі разнастайнай асобай, захапляўся філязофіяй, шмат чытаў. Зь ім можна было паразмаўляць на любую тэму. Хацеў у Польшчы паступаць. Падарожнічаў шмат, а летам хацеў у вандроўку па Беларусі паехаць», — распавядае аднаклясьніца.

У паведамленьні МУС адзначаецца, што хлопца затрымлівалі з АМАПам. У Мінздароўі паведамілі, што двум параненым хлапцам зрабілі апэрацыю. У Стоўпцы прыехаў кіраўнік Сьледчага камітэту Іван Наскевіч.

Са Стаўпецкай школы нумар 2, дзе 11 лютага вучань забіў настаўніцу і іншага вучня перасталі выпускаць дзяцей. Бацькі, якія чакаюць дзяцей ля школы, распавялі Свабодзе, што да дзяцей нікога не пускаюць. Бацька адной з вучаніц, прасіў, каб сьледчыя працавалі з ягонай дачкой у яго прысутнасьці, але яму адмовілі.

Да журналістаў выйшла намесьніца дырэктара школы, дзе адбылося надзвычайнае здарэньне. Яна распавяла, што загіблая настаўніца была адным зь найлепшых пэдагогаў школы. Таксама яна пацьвердзіла, што нападнік добра вучыўся і ня меў праблем ні з аднаклясьнікамі, ні з настаўнікамі.

У Стаўпецкай сярэдняй школе №2 зранку 11 лютага школьнік 2003 году нараджэньня напаў з нажом на настаўніцу і вучняў. Параненая 50-гадовая настаўніца геаграфіі памерла ад ранаў, таксама памёр адзін вучань. Яшчэ два параненыя вучні ў рэанімацыі.

Параненыя падчас нападу ў Стоўпцах два школьнікі застаюцца ў стабільна цяжкім стане, паведамляе БелТА. Цяпер яны знаходзяцца ў рэанімацыі Стаўпецкай лякарні.

Сьледчы камітэт распачаў крымінальную справу аб забойстве дзьвюх асобаў. Крымінальная адказнасьць за забойства надыходзіць з 14 гадоў. За забойства двух і больш чалавек паводле ч. 2 арт. 139 КК могуць прысудзіць ад 8 да 12 гадоў турмы.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG