Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як сыстэма адукацыі разабралася зь вінаватымі ў стаўпецкай трагедыі


Каля школы №2 у Стоўпцах пасьля двайнога забойства 11 лютага 2019 году

Пасьля трагедыі ў Стоўпцах грамадзкасьць вызначыла шэраг вінаватых у надзвычайным здарэньні. Сыстэма адукацыі апэратыўна адрэагавала на абвінавачаньні.

Вінаватымі называлі:

З інтэрнэтам разабраліся — у школах забаранілі мабільныя

З сакавіка новыя правілы пачалі дзейнічаць у горадзенскай гімназіі імя Яўхіма Карскага. У дзяцей перад урокам забіраюць тэлефоны, дазваляюць карыстацца імі толькі на перапынках.

«Пакаралі» і бацькоў — абмежавалі доступ у школы

У шэрагу навучальных устаноў абмежавалі доступ бацькоў у школы. У школе № 25 Гомля для бацькоў замовілі пропускі. У гімназіі № 56 электронная сыстэма пропускаў была ўведзеная яшчэ раней. У іншых школах усталявалі турнікеты або проста не пускаюць бацькоў у будынак.

Сярод падлеткаў вызначаць «экстрэмістаў» па вопратцы, абутку і прычосках

Пасьля трагедыі ў Стоўпцах па школах разаслалі інструкцыю, як сярод вучняў выяўляць «экстрэмістаў». Дакумэнт быў зацьверджаны на пасяджэньні камісіі ў справах непаўналетніх Гомельскага аблвыканкаму.

Паводле дакумэнту, настаўнікі мусяць зьвяртаць увагу на вонкавы выгляд падлеткаў, якія могуць належаць да груповак «нацы-скінгэдаў», «скінгэдаў-антыфашыстаў» і футбольных фанатаў. Вызначаць прыналежнасьць падлеткаў да нефармальных груповак прапануецца па вопратцы, абутку, прычосках, нашыўках.

Сацыяльна-пэдагагічным і псыхалягічным службам загадалі ствараць пазытыўны імідж

Чыноўніца ад адукацыі ў камэнтары Свабодзе казала, што «крайнімі за Стоўпцы зробяць настаўнікаў, псыхолягаў і завучаў».

У школах пасьля трагедыі ў Стоўпцах праходзілі праверкі і аналіз працы СППС. Як на гэта адрэагавалі аддзелы адукацыі? Чытач Свабоды падзяліўся загадам начальніка аднаго з раённых аддзелаў адукацыі. Называецца дакумэнт «Аб прыняцьці мер».

«З мэтай стварэньня пазытыўнага іміджу спэцыяліста сацыяльна-пэдагагічнай службы ўстановы адукацыі, павышэньня эфэктыўнасьці работы СППС і ўзаемадзеяньня з бацькоўскай грамадзкасьцю, навучэнцамі загадваю:

  1. Забясьпечыць да 1 красавіка дзейнасьць груп у Viber для спэцыялістаў СППС устаноў адукацыі, прызначыўшы адміністратарамі вопытных пэдагогаў-псыхолягаў.
  2. Працягнуць працу па прадстаўленьні паслуг онлайн-кансультаваньня для вучняў і іх законных прадстаўнікоў, у тым ліку праз сайты сацыяльна-псыхалягічных цэнтраў, у малых групах з абавязковым прыцягненьнем да дадзенага віду дзейнасьці маладых спэцыялістаў СППС.
  3. Прапрацаваць пытаньне стварэньня пры кожнай установе адукацыі віртуальных бацькоўскіх (сямейных) клюбаў.
  4. Да 1 траўня — правесьці тыдзень прэзэнтацыі працы спэцыялістаў СППС, забясьпечыўшы асьвятленьне мерапрыемстваў у сродках масавай інфармацыі.
  5. Прыняць меры па афармленьні кабінэтаў пэдагогаў-псыхолягаў, правесьці раённыя конкурсы на лепшы кабінэт (да 1 чэрвеня)».

Мінадукацыі маўчыць

Мы зьвярнуліся ў Міністэрства адукацыі, каб атрымаць афіцыйны пералік захадаў і высноў, зробленых пасьля трагедыі ў Стоўпцах. На момант публікацыі адказу мы не атрымалі.

Забойства ў стаўпецкай школе. Асноўнае

  • Паводле сьледзтва 11 лютага ў стаўпецкай сярэдняй школе № 2 вучань 10 клясы напаў з нажом на настаўніцу і трох вучняў.
  • 50-гадовая настаўніца гісторыі і грамадазнаўства і вучань 11 клясы загінулі, двух аднаклясьнікаў нападніка шпіталізавалі з раненьнямі.
  • Сьледчы камітэт завёў крымінальныя справы за забойства двух і больш чалавек і спробу забойства. Паводле ч. 2 арт. 139 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусі нападніку могуць прысудзіць ад 8 да 12 гадоў турмы.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG